Паступальнае развіццё

Усё менш становіцца на палетках тэхнікі. Вяскоўцы пасля заканчэння палявых работ ставяць яе на захоўванне, каб потым неадкладна распачаць рамонтныя работы. З апошнім аграрыям раёна значную дапамогу вось ужо многія гады аказваюць працаўнікі Жыткавіцкага агратэхсервіса.

Зараз у майстэрні акцыянернага таварыства ў чаканні ўзнаўлення знаходзіцца прыкладна каля двух дзясяткаў адзінак розных сельскагаспадарчых агрэгатаў і машын з гаспадарак раёна. Гэта і прычэпы, і плугі, і культыватары, і іншая тэхніка. Сярод іх асобнай групай вылучаюцца пасяўныя камбінаваныя агрэгаты. Сёлета іх у майстэрні агратэхсервіса як ніколі шмат.
— У нашых планах за гэты сезон грунтоўна наладзіць узнаўленне такіх складаных сельскагаспадарчых машын як сеялкі, — расказвае дырэктар ААТ “Жыткавіцкі агратэхсервіс” Анатоль Ляшкевіч. — Справа не такая і простая, але ёсць усе падставы, што з задачай мы справімся.
Яшчэ адной паслугай-навінкай плануюць парадаваць сваіх партнёраў спецыялісты таварыства. Арганізацыя закупае стэндавае абсталяванне, каб рамантаваць каробкі перадач энерганасычаных трактароў. На цяперашні час, каб узнавіць гэты складаны трактарны вузел, патрабуецца яго везці аж у Гомель.
— Справімся абавязкова, — упэўнена заявіў Уладзімір Друк, вопытны спецыяліст, які адпрацаваў у агратэхсервісе не адно дзесяцігоддзе. — Спецыялісты ў нас добрыя. Вопыт у іх таксама маецца, так што навізна ў рабоце нас не палохае, а, наадварот, праглядваецца нядрэнная перспектыва.
Развіваць новыя паслугі ў агратэхсервісе плануюць не толькі ў рамонтнай дзейнасці. У таварыстве праводзяць рамонт памяшкання, дзе размесціцца вытворчасць шклопакетаў. Сёлета вырабленыя мясцовымі спецыялістамі вокны былі вельмі запатрабаванымі, таму кіраўніцтва прадпрыемства і вырашыла развіваць гэтую справу.
У кожным структурным падраздзяленні агратэхсервіса маюцца напрацоўкі, якія актыўна прапануюцца кліентам. Іх выконваюць спецыялісты самага высокага класа. Гэта і вадзіцель Віктар Зуевіч (на верхнім здымку), які ўвесь год плённа працаваў у гаспадарках на перавозцы зерня, травяной і кукурузнай масы, іншых работах. Нядрэнна спраўляецца са сваімі абавязкамі і зваршчык Аляксандр Іваноў (на ніжнім здымку), Іван Марусіч. На дастаўцы паліва добра працуе вадзіцель бензавоза Уладзімір Купрыяновіч. Дарэчы, ён дастаўляе і рабочых сваёй арганізацыі да месца іх дзейнасці. А гэта, як вядома, у асноўным сельгаспрадпрыемствы. Вельмі запатрабаваны ў апошніх і рабочыя рукі зваршчыкаў ПМК Васіля Кузьміча і Мікалая Рагалевіча. У Таццяны Цяслюк свае клопаты, але не менш важныя. Яна клапоціцца пра санітарыю на прадпрыемстве, а таксама пра тое, каб вопратка рабочых была заўсёды чыстай. Кіраўніцтва агратэхсервіса добра разумее, што плённа вырашаць вытворчыя задачы можна толькі тады, калі ў калектыве створаны ўсе неабходныя ўмовы для работы, у ліку якіх і сацыяльна-бытавыя, і ахова працы, і тэхніка бяспекі.
Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.