Быць здаровым!

Сваю інфармаванасць аб захворванні ВІЧ павысілі старшакласнікі гарадской гімназіі і сярэдняй школы №2 падчас акцыі, якая прайшла напярэдадні Сусветнага дня прафілактыкі СНІДа. Яе арганізатарамі сталі спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, валанцёры раённай грамадскай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, работнікі гарадскога цэнтра культуры.

Кіраўнік арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Ларыса Фралова са сваімі памочнікамі разгарнулі спецыяльную выставу па тэматыцы мерапрыемства. Удзельнікі мерапрыемства з цікавасцю знаёміліся з ёй, ахвотна ў якасці падарунка прымалі ад валанцёраў спецыяльную літаратуру.
Адразу пасля ўступнага слова вядучай школьнікам быў паказаны відэафільм, у якім у даходлівай форме расказвалася пра небяспечнасць ВІЧ-інфекцыі, яе распаўсюджванне на нашай планеце, а таксама пра тое, як можна пазбегнуць гэтага страшнага захворвання. Не менш цікавым было і выступленне памочніка ўрача-эпідэміёлага Любові Петрушкевіч. Яна падрабязна расказала старшакласнікам пра сітуацыю захворваемасці на ВІЧ на тэрыторыі нашага раёна. На жаль, колькасць хворых ужо дасягнула 59 чалавек. Такія людзі пражываюць у больш як дзясятку населеных пунктаў. Як адзначыла спецыяліст, да такіх людзей патрэбна праяўляць міласэрнасць і ні ў якім разе не ўспрымаць іх як нейкіх ізгояў грамадства.
Наколькі хлопцы і дзяўчаты засвоілі дадзеную на мерапрыемстве ім інфармацыю, паказала праведзеная віктарына. На прапанаваныя пытанні школьнікі адказвалі вельмі добра і дакладна, за што атрымлівалі невялікія сувеніры ад раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.
Закончылася акцыя выступленнем агітбрыгады гарадской гімназіі. Іх пастаноўкай увага прысутных была скіравана на яшчэ адной страшнай загане чалавецтва – курэнні. Варта адзначыць, што праведзенае мерапрыемства яскрава прадэманстравала прысутным школьнікам: іх здароўе ва ўласных руках.
Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.