Гонар маю

У структурах Міністэрства ўнутраных спраў пачалі дзейнічаць афіцэрскія сходы. Нядаўна такое грамадскае ўтварэнне з’явілася і ў Жыткавіцкім аддзеле ўнутраных спраў.

Мерапрыемства па стварэнні афіцэрскага сходу ў Жыткавіцкім РАУС пастараліся зрабіць урачыстым і святочным. І гэта ўдалося. Акрамя асабовага складу аддзела, на яго былі запрошаны ветэраны, іншыя госці. Сход адкрыў намеснік начальніка УБЭП УУС Гомельскага аблвыканкама падпалкоўнік міліцыі А. Маторын. Ён адзначыў, наколькі важна мець у міліцыі такі орган, які будзе садзейнічаць паляпшэнню ў людзей іміджа супрацоўнікаў, іх ролі па выкананні службовых абавязкаў. Выступоўцу падтрымаў і начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Дзмітрый Бондараў. Дзмітрый Аляксандравіч спыніўся на той значнай ролі, якую афіцэрскія сходы адыгрывалі і адыгрываюць у выхаванні патрыятызму, іншых станоўчых маральна-эстэтычных якасцей у людзей, якія носяць афіцэрскія мундзіры. Прагледжаны фільм падцвердзіў у поўнай ступені гэтае меркаванне. Тым больш што гісторыя афіцэрскіх сходаў бярэ свой адлік яшчэ з часоў Пятра І. За гэты час накоплены значныя традыцыі, абапіраючыся на якія супрацоўнікі міліцыі будуць толькі павышаць свой афіцэрскі гонар.
Пра тое, як будзе працаваць афіцэрскі сход, якія задачы вырашаць, расказаў старшы аператыўны дзяжурны АДС Вячаслаў Гаўрылаў. Сваё важкае слова афіцэрам райаддзела выказаў і старшыня ветэранскай арганізацыі Антон Глушань. Усё ж вялікая роля ў дзейнасці афіцэрскага сходу адводзіцца супрацоўніцтву з ветэранамі.
Безумоўна, ідэя афіцэрскіх сходаў у сістэме органаў унутраных спраў вельмі добрая, а яе рэалізацыя дапаможа супрацоўнікам міліцыі яшчэ больш плённа служыць сваёй Айчыне, свайму народу і закону.
Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.