Калядная ночка ўвесь свет пакрывае…

203Ражство Хрыстова – адно з галоўных хрысціянскіх святаў. Настолькі вялікае яго значэнне, што нават летазлічэнне нашай гісторыі вядзецца менавіта ад гэтага. Па царкоўнаму статуту Ражству папярэднічае саракадзённы пост. У час яго ядзяць ежу толькі посную, а ў дзень Ражства – запечаны кумпяк, смажанае парася, начыненае кашай, розныя каўбасы.

Ноч на Ражство — гэта агульнае свята, якое суправаджаецца гуляннем, абрадамі, гаданнем. У гэтую ноч, напрыклад, гаданне лічыцца асабліва сапраўдным. Так, снег, сабраны на гэтае свята, вылечвае ад хвароб, добра захоўвае ваду ў калодзежах. У вёсках пачыналася сватаўство нявестаў, гулялі вяселлі. З Ражства Хрыстова пачыналася калядаванне, якое з’яўляецца адным з даўніх абрадаў.

Каляды — адно з самых любімых святаў на Тураўшчыне. Калядуюць тут ад Ражства Хрыстова да старога Новага года. Увечар перад Ражством на стол кладуць сена, якое ляжыць да самага Шчадраца. Разам з  сенам кладуць грошы, якія называюць Калядою. А робіцца гэта дзеля таго, каб ніколі не пераводзіліся грошы, меліся круглы год.

Пачынаюцца Каляды ўвечары, калядуюць з казою і зоркаю. У вёсцы Хільчыцы, напрыклад, нават пад акном са званочкам скакаў зайчык. Зорка азначала тое, што пад ёй нарадзіўся Хрыстос. Невялікая група спевакоў хадзіла ад хаты да хаты з віншаваннямі і пажаданнямі гаспадарам добрага здароўя, багацця, ураджаю. Калі падыходзілі пад акно ці заходзілі ў хату, то казалі:

— Добры вечар, пане-гаспадару, ці можна песню заспяваць?

— Спявайце ды на Каляду зарабляйце, — адказвалі ім.

Калі на працягу года ў чыёй-небудзь хаце быў памерлы, то калядоўшчыкам адмаўлялі ў калядаванні, было забаронена па звычаю. Прымаць у сваёй хаце калядоўшчыкаў — гэта вялікая павага і добрая прыкмета, бо калядоўшчыкі нясуць у хату дабро, ураджай, прыбытак, здароўе.

На Тураўшчыне шмат калядных песень, іх спяваюць гаспадару, гаспадыні, маладой дзяўчыне, хлопцам, малым дзецям. Кожная песня заканчваецца традыцыйным пажаданнем: “Дай, Божа, каб за год даждалі, у радасці правялі ды зноў заспявалі!” Гаспадары ж адказвалі: “Дай, Божа, дай, Божа!” Калядоўшчыкам давалі каўбасы, грошы, хлеб, мяса, налівалі чарку.

У чый двор заходзіла Каза, тых чакала шчасце, пладароддзе, бо яна з’яўляецца сімвалам ураджаю: “Дзе Каза ходзіць, там Бог жыта родзіць, а дзе не бывае, там лягае”. На Шчадрэц вараць багатую куццю, у якой масла ды мяса. Абавязкова пякуць бліны, на якія гадаюць дзяўчаты. Для варажбы абавязкова браўся першы блін. Узяўшы яго, дзяўчына ішла пад акно той хаты, дзе было шмат дзяцей і ўважліва слухала, што будзе гаварыць сваім дзецям маці. Калі тая супакойвала сваё дзіця і казала: “Сядзь!”, значыць, не выйдзе ў гэтым годзе замуж. А калі гаспадыня загадвае прынесці што-небудзь у хату, значыць быць вяселлю… Варажылі таксама дзяўчаты абдымаючы колле ў плоце ці загарадзі. Калі абдымае парную колькасць,то быць у пары.

Таксама перакідвалі свой чаравік праз вароты і глядзелі, у які бок глядзіць насок яго — туды і замуж пойдзе. Куцця таксама была дзяўчыне для варажбы. Яна брала першую лыжку куцці, закручвала ў штаны бацькі ці брата і клала пад падушку. Цэлы вечар не размаўляла і затым ішла спаць. І з надыходам сну бачыла свайго суджанага. Своеасабліваю была і варажба на люстэрка. Па два бакі яго ставілі свечкі, паміж імі – шклянку з вадою, у якую кідалі пярсцёнак. Дзяўчына сядзела моўчкі і чакала свайго суджанага ў люстэрку.

Каляды — адно з самых вясёлых, жаданых для людзей усіх узростаў святаў, якое суправаджалася гульнямі, песнямі, танцамі, варажбою.

Сяргей Вечаровы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.