Лядовы аэрадром

208У студзені 2013 года спаўняецца 70 гадоў, як на лёдзе возера Чырвонае ў 1943 годзе быў арганізаваны аэрадром для сувязі з “Вялікай зямлёй” кіраўнікамі партызанскага злучэння 1-й Украінскай партызанскай брыгады пад камандаваннем Героя Савецкага Саюза Сідара Арцем’евіча Каўпака.

Возера Чырвонае для партызан-каўпакаўцаў было і заставалася месцам згуртаванасці, вытрымкі, возерам надзеі, возерам-выратавальнікам. Яно заўсёды ў памяці, да апошніх дзён жыцця, да скону герояў.

У 1964 годзе ўпершыню пасля вайны партызаны-героі наведалі гэты край. Сам Сідар Арцем’евіч Каўпак хадзіў па вуліцах Ляхавіч, размаўляў з жыхарамі, дзякаваў за гасціннасць, за падтрымку ў гады ваеннага ліхалецця.

А ўжо ў 1989 годзе каля 150 каўпакаўцаў наведалі гэты край. Яны пабывалі ў музеі баявой славы Чырвоненскай школы, усклалі кветкі на магілу загінуўшых таварышаў у                в. Пухавічы, наведалі вёскі, у якіх размяшчаліся, пазнавалі хаты, у якіх стаялі, цалаваліся з гаспадарамі.

Быў месяц май, цвілі сады, пахлі кветкі і цяклі слёзы. Слёзы радасці, слёзы смутку я бачыў на вачах гэтых слаўных сыноў Айчыны, і поўны парад баявых узнагарод на грудзях герояў. Потым быў агульны збор на возеры. Здымкі на памяць. Усе партызаны чэрпалі з возера ваду далонямі. Хто абмываў твар, хто браў з сабой ваду ў біклажку. Жанчыны спусцілі на ваду вянок са свежых вясновых кветак…

У 1988 годзе на сустрэчы партызан-каўпакацаў у г. Ярэмча Іванава-Франкоўскай вобласці Украіны у складзе дэлегацыі  каўпакаўцаў-палешукоў мне давялося гутарыць з Героем Савецкага Саюза, намеснікам камандзіра разведкі злучэння Пятром Пятровічам Вяршыгара — а потым камандзірам батальёна Пятром Яўсеевічам Брайко. Другім суразмоўцам быў добры мой знаёмы Рыгор Міхайлавіч Кароўчанка — спачатку камандзір роты, затым начальнік штаба батальёна і палка. На пытанне, чаму каўпакаўцы, якія партызанілі на Украіне, завіталі ў наш край, у адказ пачуў:

— Уся другая палова снежня 1942 года прайшла ў баях з батальёнамі нямецкіх карнікаў, якія хацелі акружыць і знішчыць наша злучэнне. Немцы нам помсцілі за горад Сарны, дзе мы ўзарвалі адразу пяць мастоў і паралізавалі рух на важнай вузлавой станцыі. Разграмілі карнікаў у Лельчыцах, Тонежы, Прыбаловічах, Букчы. З баямі мы адрываліся ад карнікаў, наносячы ім значны ўрон. Наша злучэнне налічвала больш за паўтары тысячы партызан. Але манеўранасць нашу зніжала вялікая колькасць параненых партызан. Сумесна з цяжка параненымі іх было больш за 200 чалавек. У нас была ўстойлівая сувязь з Масквой, але ва ўмовах цеснай сутычкі з ворагам мы не маглі зрабіць перадышку і адправіць раненых у тыл самалётамі. Патрэбен быў аэрадром.

Задача гэта была цяжкай. Лес, пясок, балота, якое не замярзала нават зімой — вось такі ландшафт Прыпяцкага Палесся — самыя непрыдатныя ўмовы для аэрадрома. Цвёрдымі былі толькі высечкі лесу з тысячамі пнёў. Выкарчаваць іх зімой было справай немагчымай ні па часе, ні па колькасці рук. Самалёты можна было садзіць толькі на лёд.

Канчатковым варыянтам было выбрана возера Чырвонае. Адарваўшыся ад немцаў, фарсіравалі раку Прыпяць каля Лунінца і ў ноч на 1 студзеня 1943 года злучэнне размясцілася на берагах возера Чырвонага. Штаб і першы батальён — у в. Ляхавічы, другі батальён — у калгасе “Камсамолец” — цяперашняя вёска Сяменча. Трэці батальён — у Пухавічах. Чацвёрты — на паўночным беразе.

Маразы былі за 30 градусаў. Ад снегу ачысцілі пляцоўку і далі тэлеграму ў Маскву, але атрымалі адказ, што самалёт на лёд садзіць нельга. Прыляцеў самалёт, скінуў грузы і паляцеў назад. А нам патрэбна адпраўляць раненых.

Трохі пачакалі і далі тэлеграму такога зместу: “Побач з возерам падрыхтавалі новую пляцоўку на земляным грунце” і артымалі адказ: «Чакайце самалёты».

Успамінае ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны, жыхар в. Пухавічы Адам Піліпавіч Аліфяровіч:

— У нашай хаце ляжаў паранены ў ногі камандзір Крулявецкага атрада Кудраўскі. Тут жа жыў яго намеснік Валянцін Падаляка. Мне тады было 17 гадоў. Некалькі разоў партызаны выязджалі на возера, але самалёта ўсё не было. Ногі ў камандзіра былі пашкоджаны асколкамі міны і зажывалі дрэнна, на адной назе была перабіта костка, і каля яго ўвесь час знаходзілася медсястра, якая лячыла яшчэ некалькі партызан у суседніх хатах. З Масквы радзіравалі, што самалёты выляталі, але не знайшлі месца. Трэба адзначыць, што палёты гэтыя былі ноччу.

Першы самалёт прыляцеў 15 студзеня. Гарэлі сігнальныя агні (кастры) на санях у скрынях з пяском, у неба паляцелі сігнальныя ракеты. Самалёт сеў. Яго хутка разгрузілі, далі каманду грузіць раненых. Нашы санкі былі першымі. Праз некаторы момант камандзір самалёта спыніў пагрузку і сказаў, што самалёт можа не падняцца. Паміж ім і Каўпаком узнікла сварка, але лётчык быў няўмольны, і Каўпак злаваўся і казаў, што будзе скардзіцца іх начальству. Прыбралі лесвіцу, закрылі дзверы і запрацавалі маторы. Усе адышлі ад самалёта на вялікую адлегласць. Самалёт доўга і натужна гудзеў на месцы, потым пакаціўся па лёдзе і пачаў паціху ўздымацца ў паветра. Усе затаілі дыханне і, калі ён знік у начным небе, грымнула: “Ура!”, уверх ляцелі шапкі, рукавіцы.

“Наш” самалёт узляцеў, і мы ад’ехалі ад возера, а ў паветры ўжо чуўся гул новай машыны, якая ўключыла пражэктар і пайшла на пасадку.

Рыгор Міхайлавіч Кароўчанка распавядае:

— Самалёты сталі прылятаць кожную ноч па 2-3. З “Вялікай зямлі” прыслалі шмат зброі, патронаў, нават супрацьтанкавыя ружжы, шмат іншых надзвычай патрэбных нам грузаў, а назад забіралі раненых.

Газеты “Красная звязда”, “Правда”, “Известия”, “Комсомольская правда” распаўсюджваліся па ўсяму злучэнню, дастаўляліся ў Жыткавічы мясцоваму падполлю.

З Масквы прыляталі кіраўнікі партызанскага руху. Прыляцеў і кінааператар Корабаў, які застаўся ў злучэнні і потым загінуў у Карпацкім рэйдзе.

За час стаянкі на возеры партызаны здзейснілі аперацыю па знішчэнні нямецкага гарнізона ў в. Сосны суседняга Любанскага раёна. У ноч з 7 на 8 студзеня ў аперацыі ўдзельнічала каля 600 байцоў.

Былі забіты 83 варожыя салдаты і паліцаі. Партызаны захапілі каля 20 тон збожжа, 250 галоў буйной рагатай жывёлы.

27 студзеня прыляцеў чарговы самалёт, але здарылася бяда. Лётчык быў малады і мала лятаў у тыл ворага. Ён не так зайшоў на пасадку і заехаў у вялікую трэшчыну, зламаў шасі і пагнуў вінты аб лёд.

Расказвае Арсень Міхайлавіч Цімашчэня, жыхар вёскі Ляхавічы, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны:

— У нашай хаце размясціўся штаб Каўпака. Я добра запомніў Сідара Арцем’евіча і яго камісара Сямёна Руднева. Каўпак любіў стаяць каля печы, у якой гарэў агонь і перамешваць на прыпечку вугольчыкі. Часта прыкурваў ад іх сваю цыгарку. А смаліў ён вельмі моцны табак. У хаце ішла размова, усё ж такі штаб. Раптам прыскакаў коннік і далажыў, што на возеры самалёт пацярпеў аварыю. Каўпак вярхом сеў на каня і памчаў у бок возера. Агледзеўшы месца аварыі, сказаў лётчыкам, што самалёт падымем.

Тут жа разгрузілі яго. Разбіралі на бярвенні калгаснае гумно і павеці — рабілі клеткі, падважвалі і зноў клалі клеткі. На наступную ноч прыляцеў інжынер, прывёз вінты. Самалёт адкацілі да берага, вінты прымацавалі і накрылі яго белым парашутам.

Стаяла сонечнае надвор’е. У небе з’явіліся два “Юнкерсы” і сталі кружыць над вёскай і возерам. Партызаны адкрылі агонь з усіх відаў зброі. Адзін самалёт задыміў, скінуў бомбы ўбаку ад аэрадрома і знік за лесам у напрамку Слуцка. А другі развярнуўся, паласнуў з кулямёта і стаў бамбіць вёску Ляхавічы, запаліў некалькі хат.

Дзесьці пасля абеду над возерам  зноў з’явіліся нямецкія самалёты. Яны пачалі абстрэльваць падазроныя месцы, запалілі рыбацкую хатку. Немец усё ж выглядзеў самалёт, яго выдаваў цень на снезе, ён скінуў маленькую бомбу, парашут сарвала. Нягледзячы на моцны партызанскі  агонь, “Юнкерс” набраў вышыню, спікіраваў, выкінуў бомбы. Адна з іх упала каля самага носу самалёта, і ён загарэўся.

Юнкерсы прыняліся бамбіць лёд, які ператварыўся ў палонкі з плаваючымі крыгамі. Партызанскі аэрадром закончыў сваё існаванне. Ён быў раскрыты.

Ізноў успамінае Г.М. Кароўчанка:

— Стала ясна, што немцы не дадуць нам доўга прастаяць на месцы. На далёкіх межах ад возера сталі ўзмацняцца гарнізоны, з’явіліся і перасоўныя часці немцаў. Аэрадром сваю задачу выканаў. Усе раненыя былі адпраўлены на “Вялікую зямлю”, а гэта больш за 250 чалавек.

У нас ужо было дастаткова патронаў, медыкаментаў, махоркі, папярос, абмундзі-равання. Было загатавана многа правіянту. Мы зноў сталі баяздольнай адзінкай нашай моцнай партызанскай сям’і.

28 студзеня 1943 года на нарадзе ў штабе было вырашана пакінуць гэты край, адцягнуць на сябе сілы немцаў, якія рыхтавалі блакаду нам і мясцовым партызанам.

У ноч на 3 лютага мы пакінулі гэты край і пад самую раніцу фарсіравалі Прыпяць, пры гэтым зрабіўшы налёт на станцыю Лахва двума батальёнамі. Перад намі быў ужо абжыты намі партызанскі край.

А лёс ужо рыхтаваў нам новы партызанскі маршрут — славуты карпацкі рэйд.

А. МАКАРЭВІЧ,

дырэктар

Чырванаборскага СДК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.