Сельгасвытворчасць чакаюць перамены

205У бліжэйшыя гады сельскагаспадарчая галіна раёна будзе даволі інтэнсіўна мадэрнізіравацца. Да 2015 года на гэтыя мэты выдаткуюць 40,3 мільёна долараў.

Ужо сёлета плануецца актыўна распачаць работы па мадэрнізацыі сельгасвытворчасці рэгіёна, на што будзе патрачана 15,2 мільёна долараў. Перамены адбудуцца ва ўсіх гаспадарках. Так, у КСУПе “Бялёў” за бягучы год будзе праведзена рэканструкцыя пяці памяшканняў для ўтрымання маладняку буйной рагатай жывёлы, а таксама тут збудуюць новы зернесушыльны комплекс. Такі ж вытворчы аб’ект з’явіцца дзякуючы мадэрнізацыі і ў КСУПе “Чырвоны Бор”, а яшчэ ў гэтай гаспадарцы закончаць узвядзенне дзвюх малочных ферм на 400 кароў і малочнага блока. Таксама павялічыцца колькасць памяшканняў для ўтрымання дойных кароў і на малочнатаварным комплексе “Пасека” КСУПа “Коленскае”. На гэтым вытворчым участку сельгаспрадпрыемства збудуюць і малочны блок. Новы кароўнік і малочны блок з’явяцца і на ферме ААТ “Дзякавічы”.  Пачаткам будаўніцтва новага малочнатаварнага комплексу адзначыцца мадэрнізацыя і ў ААТ “Прыазёрскае-агра”.

Самыя ж буйныя праекты па мадэрнізацыі будуць ажыццяўляцца ў ААТ “Тураўшчына” і КСУПе “Людзяневічы”. У першым сельгаспрадпрыемстве будзе сёлета праведзена рэканструкцыя кансервавага завода, будаўніцтва сховішча для гародніны і садавіны на 10000 тон і малочнатаварнага комплексу на 1050 галоў. У Ксупе “Людзяневічы” за гэты год правядуць рэканструкцыю цялятніка на 200 галоў і пачнуць работы па ўзвядзенні індзюшынай фермы, на якой запланавана вырабляць больш дзесяці тысяч тон мяса ў год.

За бягучы год усе гаспадаркі раёна папоўняць свае машынна-трактарныя паркі новай сучаснай тэхнікай на суму 2,5 мільёна долараў.

Дзякуючы такім маштабным мерапрыемствам па мадэрнізацыі сельгасвытворчасці раёна па заканчэнні гэтых работ у строй будуць уведзены тры новыя малочнатаварныя комплексы,  яшчэ на трох фермах праведзена вялікая рэканструкцыя,  якая ўключае ў сябе будаўніцтва новых памяшканняў для ўтрымання кароў і блокаў для даення, а таксама рэканструкцыю 12 цялятнікаў. За час правядзення мадэрнізацыі гаспадаркамі будзе набыта новай тэхнікі на 73,1 мільярда рублёў. Асноўныя крыніцы фінансавання такіх карэнных пераўтварэнняў стануць уласныя сродкі сельгаспрадпрыемстваў і банкаўскія крэдыты.

Як паказваюць падлікі спецыялістаў райсельгасхарчу, такія значныя капіталаўкладанні ў развіццё сельгасвытворчасці дазволяць у 2015 годзе атрымаць выручкі ў разліку на аднаго занятага ў сельскагаспадарчай галіне раёна  32,4 тысячы долараў, што ў тры разы перавышае ўзровень 2011 года, дабаўленую вартасць — 12,3 тысячы долараў, што ў 1,3 раза перавышае паказчык  таго ж года. А самае галоўнае, сярэднямесячная заработная плата павысіцца ў доларавым эківаленце ў 2,2 раза ў параўнанні з 2011 годам і дасягне 556 долараў.

Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.