У нядзелю жіткавіцкіх кіраўнікоў экзаменавала лыжня

Вясёлыя, залівістыя мелодыі песень несліся мінулым нядзельным ранкам з узлеску, што высіўся зялёна-DSC_0147заснежанымі соснамі адразу за мікрараёнам Азёрны горада Жыткавічы. Дружна ішлі і ехалі сюды людзі, каб паўдзельнічаць альбо пабалець за спартсменаў-кіраўнікоў, проста адпачыць на здаровым марозным паветры тут, дзе ў чарговы раз была наладжана на гэты раз “Лыжня-2013”.

Усё ішло згодна з агавораным на ранейшай нарадзе ў райвыканкаме сцэнарыем па правядзенні спаборніцтваў па лыжных гонках сярод кіруючых работнікаў раёна. Агучванне мерапрыемства забяспечвалі работнікі аддзела культуры і ў прыватнасці аўтаклуб, удзельнікі яго гурта “Дабрачын”. Працавала гандлёвая кропка Жыткавіцкага райспажыўтаварыства, за салдацкую смачную кашу поўную адказнасць неслі работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, на баявым пасту была машына “Хуткай дапамогі”.DSC_0056

Для ўсіх прадстаўнікоў кіраўнічага корпусу нашага раёна, для ўсіх прысутных добрым дарункам стала і пагода: хаця і не свяціла ў гэты зімовым час нязыркае сонца, затое не было вялікага марозу і ветру, а напярэдадні выпаў ладны сняжок, які вялікай бялюткай прасціною ўкрыў агромісты палетак, на якім і была пракладзена лыжня. Да таго ж усе жадаючыя маглі пагрэцца ля вогнішча, што было распалена побач, на ўзлеску.

Пасля рэгістрацыі ўдзельнікі лыжні маглі азнаёміцца з умовамі яе правядзення на адпаведных шчытах, што былі выстаўлены на ўскрайку поля. Тут схема маршрута з яго стартавай пляцоўкай і фінішам. Усе ўдзельнікі спаборніцтва падзелены на асобныя групы згодна з узроставымі катэгорыямі. На 2 кіламетры будуць бегчы толькі мужчыны ад 19 да 39 гадоў, астатнія ж мужчыны і жанчыны толькі на 1 кіламетр.

І вось галоўны суддзя спаборніцтваў дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы “Матор” Леанід Макарэвіч, які напярэдадні фінішу яшчэ раз па-гаспадарску праверыў лыжню, даў для ўсіх удзельнікаў лыжных гонак каманду на пастраенне. Затым ён далажыў старшыні райвыканкама Мікалаю Какоры аб гатоўнасці лыжнікаў да кросу. Начальнік аддзела спорту, фізічнай культуры і турызму райвыканкама Уладзімір Саўчыц падрабязна расказаў удзельнікам пра ўмовы і парадак правядзення лыжных спаборніцтваў у гэты Сусветны дзень спорту пажадаў кожнаму яшчэ болей умацаваць сваё здароўе. Добрыя, цёплыя словы пажаданняў выказаў усім і старшыня райвыканкама Мікалай Какора. Прагучаў Гімн Рэспублікі Беларусь, было абвешчана аб адкрыцці лыжных гонак.DSC_0102

Хваляваліся, безумоўна, лыжнікі, падбадзёрваючы адзін другога жартамі. Партыя за партыяй, па камандах суддзяў, якія пільна ўглядаліся ў свае секундамеры, адпраўляліся яны на лыжню, што бегла па далёкім полі. Ды крос быў невялікі, у асноўным у адзін кіламетр, таму хутка вызначаліся і пераможцы. А галоўным быў удзел, масавасць, таварысцкае адчуванне пляча, паход за здароўем. Усё гэта суправаджалася вясёлымі гутаркамі, дасціпнымі жартамі.

— Безумоўна, такія мерапрыемствы толькі на карысць усіх і кожнага, — падзяліўся сваімі думкамі пасля лыжнай прабежкі пастаянны ўдзельнік гэтых мерапрыемстваў адказны работнік Жыткавіцкай хлебнай базы Фёдар Каралёў, — а тэлевізар ды свежая газетка могуць у гэты час дома пачакаць.

Семдзесят удзельнікаў выйшлі ў той выхадны дзень на лыжны старт. У асноўным гэта былі кіраўнікі, для якіх гэтае зімовае спартыўнае свята стала ўжо традыцыйным, яшчэ адным стымулам для ўмацавання здароўя.
Пакуль падводзіліся вынікі, ўсе жадаючыя мелі магчымасць падсілкавацца на марозцу наварыстай юшкай, смачнай грэчневай кашай ды гарачым чаем, паслухаць песні.DSC_0078

Пасля пастраення былі падведзены вынікі. З прамовамі да ўдзельнікаў выступілі старшыня райвыканкама Мікалай Какора, які, дарэчы, у гэты дзень таксама браў удзел у спаборніцтвах, начальнік аддзела спорту, фізічнай культуры і турызму Уладзімір Саўчыц, якія пажадалі кіраўнікам працоўных калектываў, усім удзельнікам і прысутным моцнага здароўя, сяброўства са спортам і плёну ў працы. Пераможцам былі ўручаны граматы, каштоўныя падарункі. Сярод прызёраў у першую чаргу варта назваць старшынь Юркевіцкага, Людзяневіцкага і Марохараўскага сельсаветаў Алену Шпакевіч, Юрыя Волчыка і Генадзя Лясько, дырэктара раённага камбіната бытавога абслугоўвання Наталлю Кучынскую, дырэктара раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Іну Пракаповіч, дырэктара Рычоўскай сярэдняй школы Мікалая Каляду, першага сакратара раённага камітэта грамадскай арганізацыі БРСМ Канстанціна Шалыгіна. Каштоўныя падарункі сваім калегам уручыў і старшыня райкама прафсаюза работнікаў асветы Пётр Кальцоў.

Пасля Гімна Рэспублікі Беларусь «Лыжня-2013» завяршылася, падараваўшы кожнаму з яе удзельнікаў добрую порцыю здароўя, бадзёрасці ды аптымістычны настрой. Да сустрэчы на ёй у новым годзе!

Сяргей Кулакевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.