Ці надзейна працуе лесанарыхтоўчы канвеер?

308На свой справаздачны сход работнікі адкрытага акцыянернага таварыства “Жыткавічлес” сабраліся дружна і арганізавана, толькі, калі так можна сказаць, ва ўсечаным саставе, бо ў гэты дзень майстэрскія ўчасткі, лесацэх, ніжні склад, піларама – словам, увесь агромністы лесанарыхтоўчы канвеер прадпрыемства працаваў у штатным, напружаным рытме. Не да гучных размоў, калі яшчэ нядаўна моцная зіма здала свае пазіцыі, пацяплела, дарогі раскіслі, а драўніну нарыхтоўваць трэба, каб выйсці на планавыя лічбы.

І тым не менш размова адбылася дзелавая, зацікаўленая, прынцыповая, што называецца, з патрэбным каэфіцыентам карыснага дзеяння. Лаканічны і падрабязны, з належным веданнем справы даклад зрабіў перад прысутнымі ў актавай зале людзьмі генеральны дырэктар ААТ “Жыткавічлес” Сцяпан Кудрыцкі, якому на пачатку сходу слова прадаставіў старшыня прафкама акцыянернага таварыства Уладзімір Ляўковіч.
Аналізуючы вытворчую дзейнасць прадпрыемства за 2012 год, Сцяпан Іванавіч адзначыў, што прадукцыйнасць працы вырасла на 152,2 працэнта, нарыхтоўка драўніны склала 106,5 працэнта, сартыментная нарыхтоўка – 100 працэнтаў. Па-ранейшаму нямала праблем было летась з закупам разліковай лесасекі. Праз Беларускую таварную ўніверсальную біржу леспрамгас здолеў закупіць усяго 46 працэнтаў патрэбнага лесу, працавалі на паслугах у іншых прадпрыемствах: нарыхтоўвалі там драўніну, якую вывозілі ўласным транспартам. У мінулым годзе акцыянернае таварыства выйшла на станоўчыя паказчыкі росту па сабекошту і прыбытку.
У гадавым працоўным саперніцтве лепшых вынікаў дабіліся Тураўскі, Людзяневіцкі і Жыткавіцкі майстарскія ўчасткі. Дакладчык назваў таксама прозвішчы лепшых работнікаў на вывазцы хлыстоў, а таксама перадавых трактарыстаў, тых, хто выйшаў на высокія паказчыкі па распілоўцы драўніны, на пагрузцы яе ў вагоны. А людзьмі-прафесіяналамі, сапраўднымі майстрамі сваёй нялёгкай справы здаўна славіўся Жыткавіцкі леспрамгас, за плячыма ў якога багатая працоўная біяграфія.
На прадпрыемстве працуюць два цэхі па перапрацоўцы драўніны: у Жыткавічах на ніжнім складзе і ў пасёлку Хваенск. За мінулы год яны выканалі свае планы па вырабу палетнай дошкі на 115 працэнтаў. І ўсё ж, як паказвае тут дэталёвы аналіз спраў, патэнцыял гэтых вытворчых падраздзяленняў да канца не выкарыстаны: з-за адсутнасці належных аб’ёмаў сыравіны пакуль што нельга наладзіць іх работу ў дзве змены.
Лесанарыхтоўчая галіна, як і другая іншая, мае сваю адметнасць: нельга доўга трымаць прадукцыю на складах – той жа, напрыклад, дуб пачынае трэскацца, адсырваюць, губляюць свае якасці піламатэрыялы, а сушыльныя комплексы ў нас, на вялікі жаль, яшчэ ў многім недасканалыя. У многім вяжа па руках і нагах дэбіторская запазычанасць спажыўцоў, якая вар’іруецца ў межах 5-6 мільярдаў рублёў.
Адным з самых галоўных для леспрамгаса было і застаецца своечасовае атрыманне якасных лясных дзялянак, у якіх майстарскім участкам і брыгадам можна было б наладзіць паўнацэнную работу па нарыхтоўцы патрэбнай драўніны. У студзені ўступіў у сілу Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №504, які, па сутнасці, вызначае новыя правілы гульні на рынку лесанарыхтовак. Пачынаючы з новага года аб’ёмы продажу драўніны на корані праз Беларускую ўніверсальную таварную біржу будуць зніжацца. А гэта значыць, што ў 2013 годзе Міністэрства лясной гаспадаркі выставіць на таргі 50 працэнтаў разліковай лесасекі, у 2014-м — 25. У сувязі з гэтым многія непакояцца, што, кажучы простай мовай, міністэрства за два гады ператворыцца ў адзінага нарыхтоўшчыка драўніны ў Беларусі, які аўтаматычна выцясніць з рынку ўсе леспрамгасы сістэмы “Беллеспаперапрам”. Атрымліваецца, што асноўная схема нарыхтоўкі лесу ў хлыстах, як і ў цэлым нарыхтоўчая функцыя леспрамгаса, з цягам часу стане архаізмам. На біржавых таргах купіць патрэбную дзялянку больш не атрымаецца, а на дагавору падраду далёка не паедзеш. Чым тады займацца, як рабіць ранейшыя аб’ёмы, з чаго плаціць людзям зарплату?
Многія пайшлі па шляху далучэння леспрамгасаў да дрэваапрацоўчых камбінатаў. Разлік тут наступны: ва ўсіх дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў з аблвыканкамамі заключаны дагаворы арэнды лясных угоддзяў на некалькі гадоў наперад. Аб’ёмы там немалыя, але і яны закончацца гады праз тры-чатыры. Пры гэтым у кожнага камбіната ёсць свой уласны цэх лесанарыхтоўкі… І як туды ўпішуцца зусім немалыя калектывы леспрамгасаў, нават цяжка ўявіць.
Асноўны лейтматыў Указа №504 заключаецца ў тым, што пачынаючы з 2015 года лес як сыравіна з нашай краіны больш вывозіцца не будзе. Толькі ў перапрацаваным выглядзе, з высокай вартасцю. А гэта значыць, што ўсе нарыхтоўчыя прадпрыемствы рэспублікі з дзярждоляй непазбежна ўвойдуць у нішу дрэваперапрацоўкі. І, можна сказаць, ужо ўвашлі: з 10 леспрамгасаў Беларусі на сённяшні дзень не далучаны да дрэваапрацоўчых камбінатаў толькі два – у Жыткавічах і Касцюковічах. І гэта толькі таму, што кантрольны пакет іх акцый належыць прыватным асобам. А значыць, свой лёс яны павінны вызначыць самі. У канцэрне ж “Беллеспаперапрам” упэўнены: у такіх умовах леспрамгасы не толькі выжывуць, але і складуць канкурэнцыю прадпрыемствам Мінлясгаса. У ход пойдуць і забалочаныя, і цяжкадаступныя лесасекі, да якіх, між іншым, жыткавіцкім лесанарыхтоўшчыкам ужо даўно не прывыкаць.
У сваім выступленні генеральны дырэктар ААТ “Жыткавічлес” Сцяпан Кудрыцкі запэўніў калектыў: аб’ёмы работ на бліжэйшую і немалую перспектыву ёсць. Да наяўных лесасек дабавяцца, як і раней, паслугі таму ж нацыянальнаму парку “Прыпяцкі”, з якім у леспрамгаса склаліся таварысцкія, дзелавыя стасункі. Да таго ж і плячо перавозкі нарыхтаванай драўніны адсюль не 80 кіламетраў, як з другіх дзялянак, а на палавіну меней. Як падкрэсліў Сцяпан Іванавіч, смялей трэба ісці на больш глыбокую перапрацоўку лясной сыравіны, на мадэрнізацыю вытворчасці, абнаўленне тэхнікі. Адчыняюць таму, хто стукае…
У завяршэнне справаздачнага сходу былі названы прозвішчы тых работнікаў дрэванарыхтоўчай галіны, хто за шматгадовую, добрасумленную працу і дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў атрымае Ганаровую грамату адкрытага акцыянернага таварыства “Жыткавічлес”. Імі сталі вадзіцель пагрузчыка Валянцін Маркевіч, кранаўшчык Уладзімір Хомчанка, вадзіцель лесавоза Мікалай Катовіч, аўтаэлектрык Мікалай Зінько, галоўны механік Пётр Лапацін і трактарыст Мікалай Голад. А прадстаўляць леспрамгасаўскі калектыў на маючым адбыцца раённым злёце перадавікоў будуць вадзіцель лесавоза Аляксандр Башкевіч і трактарыст Тураўскага майстарскага ўчастка Валерый Прылуцкі.
У рабоце справаздачнага сходу ААТ “Жыткавічлес” прыняла ўдзел і выступіла перад прысутнымі старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Рамановіч.
Сяргей КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.