Экзамен для тэхнікі днямі правялі ў КСУПе «Бялёў»

OLYMPUS DIGITAL CAMERA“Уключыць павароты! Святло! Тармазі! Пакруці руль!” – амаль па-вайсковаму камандаваў начальнік раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляду Васіль Кузьміч механізатару, што сядзеў у кабіне трактара. Малады хлопец без прамаруджвання выконваў загады, тым самым дэманстраваў, што яго тэхніка знаходзіцца ў спраўным стане і гатова да эксплуатацыі.
— Завядзі рухавік! Праедзь! Тармазі! – у чарговы раз адрывіста і цвёрда чуецца голас Васіля Міхайлавіча.
Толькі пасля таго, як выкананы і гэтыя загады, механізатару гавораць: “Вольны”. А гэта азначае, што экзамен на спраўнасць яго трактар прайшоў паспяхова.
Ля наступнага ”Беларуса” паўтараецца ўсё занава. Яно і зразумела, за апошнія гады машынна-трактарныя паркі сельгаспрадпрыемстваў значна папоўніліся тэхнікай. І начальніку Дзяржтэхнагляду даводзіцца за дзень правяраць па некалькі дзясяткаў машын. Вось і ў КСУПе “Бялёў”, дзе і давялося назіраць такія сцэны: падчас правядзення тэхагляду, на цяперашні дзень налічваецца толькі два дзясяткі трактароў. І практычна ўсе яны былі прад’яўлены на праверку. Як адзначыў галоўны інжынер гаспадаркі Дзяніс Маісеенка, хаця механізатары ў нас у сваёй большасці маладыя, але стараліся да тэхагляду падрыхтаваць замацаваную за імі тэхніку належна.
— Правяралі кожную сістэму, чысцілі, падфарбоўвалі тыя мясціны, дзе адбілася фарба, — расказаў Дзяніс Мікалаевіч. — Бывала, што хлопцы нават заставаліся пасля работы, каб выправіць усе недахопы. І гэта, думаецца, удалося.
Сапраўды, старанне мясцовых працаўнікоў адзначыў і Васіль Міхайлавіч. Ён даволі сур’ёзна правяраў кожны трактар, таму ніводную няспраўнасць не прапускаў. Не меншую ўвагу ён звяртаў і на тое, каб трактарысты мелі ўсе неабходныя дакументы на права кіраваннем тэхнікай. Дваім было прапанавана замяніць пасведчанні. Але ў цэлым у начальніка інспекцыі Дзяржтэхнагляду засталіся станоўчыя ўражанні ад таго, як у КСУПе “Бялёў” падрыхтаваліся да такой важнай кампаніі. Канечне, былі заўвагі. У пары трактароў трэба замяніць колы, бо яны моцна знасіліся. Варта пастарацца інжынернай службе і з тым, каб давесці да ладу энерганасычаны “Беларус”, а таксама рабочыя органы глебаапрацоўчых агрэгатаў, больш клопату праявіць пра навядзенне парадку на машынным двары.
Карыстаючыся нагодай, пацікавіўся начальнік раённай інспекцыі і тым, наколькі грунтоўна падрыхтавана ў гаспадарцы тэхніка да веснавых палявых работ. Па словах галоўнага інжынера, акрамя культыватара, на ўзнаўленне якога пакуль не маецца фінансаў, усё ўжо амаль гатова. Засталося, так бы мовіць, падвесці апошнія штрыхі і — хоць заўтра ў поле. Планамерна ў сельгаспрадпрыемстве вядзецца і праца па павышэнні кваліфікацыі кадраў. Толькі гэтай зімой на базе вучэбна-курсавога камбіната райсельгасхарчу сваё майстэрства шліфуюць восем механізатараў.
Відавочна, што механізатары і тэхніка КСУПа “Бялёў” экзамен на спраўнасць здалі нядрэнна. А іначай быць не можа, бо ад гэтага залежыць бяспека людзей, што не менш важна ў наш час.
Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.