Калі наступае старасць…

311Язык мой – вораг мой… І спакусіў жа нячысцік яе, старую жанчыну, сказаць пра сям’ю дачкі, што любяць там выпіць як зяць, так і двое іх сыноў, якія развяліся са сваімі жонкамі. Дачка, якая пайшла на пенсію ў далёкім горадзе і ў роднай вёсцы купіла яшчэ дыхтоўны дом пад лецішча, дачулася пра тое і перастала хадзіць да маці, гатаваць, прыбіраць у хаце, мыць ёй галаву і расчэсваць цяпер ужо сівыя, а яшчэ нядаўна чорныя, як восеньская ноч, густыя валасы.
Ноччу старая плакала ў падушку, і яе муж ды старшы сын, што жыў разам з імі, чулі, як яна ўсхліпвала скрозь слёзы і паўтарала: “Яна мяне жывую пахавала”…

Ішоў час, а суладдзе між маці і старэйшай дачкой не наступіла. Больш таго, дачка, якая жыла разам з мужам на сваёй дачы ў вёсцы з веснавых пасяўных дзён да глыбокай восені, ідучы ў магазін, пачала кружыць вулкаю, абыходзячы бокам родны бацькоўскі дом. А праз некаторы час унучка дачкі праз адчыненае ўлетку акно кінула сваёй прабабулі пісьмо, у якім была выліта такая горыч і чарната, ад якой маці, яе муж ды сын за галаву схапіліся. Дачка пісала, што маці за ўсё жыццё нічога добрага для сваіх дзяцей не зрабіла, што яна вялікая эгаістка і думае толькі пра сябе, што баіцца смерці, як чорт ладану… Маці пусцілася ў яшчэ большыя слёзы і крыўды і сказала: “Калі памру, то няхай яна і на маё пахаванне не прыходзіць. Не трэба я ёй жывая, не трэба і мёртвая”.
Думкі, меркаванні людзей у вёсцы наконт гэтай сітуацыі раздзяліліся на прама супрацьлеглыя. Адныя сказалі: а не трэба было маці языком дарма мянціць, пляткарыць, то ўсё было б добра. Другія асудзілі дачку: каменнае ў яе сэрца і яшчэ невядома, якая старасць у самой будзе…
Згадзіцеся: вельмі тыповая для горада і вёскі сітуацыя, у якой, як і ў безлічы іншых сямейных сцэн, заўсёды вельмі цяжка знайсці вінаватых. Рана ці позна няўмольна наступае старасць, а разам з ёю ў сваёй пераважнай большасці абвастраюцца адносіны, узнікаюць праблемы паміж пажылымі бацькамі і дзецьмі. Адсюль і нарадзілася яно, пракаветнае народнае выслоўе: старасць – не радасць…
Хто яшчэ на пачатку другой паловы мінулага, дваццатага стагоддзя мог сказаць, прадбачыць, што ў нас будзе функцыянаваць разгалінаваны на ўвесь раён тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва? Што ў Жыткавічах адкрыецца бальніца сястрынскага догляду на 22 пацыенты, а ў Тураве аналагічны прытулак аж на 50? Бацькі, нягледзячы на пасляваенную няшчымніцу, гадавалі ў сем’ях па 5-10 дзяцей і не згаджаліся аддаваць іх (хоць многім сем’ям дзяржава і прапаноўвала) у дзіцячы дом для тых, хто згубіў сваіх родных на вайне. А дзеці, у сваю чаргу, даглядалі сваіх бацьку і маці да смерці. Гэта было няпісаным законам дабрыні і міласэрнасці, як і той факт, што ў тыя ж гады ў вёсках было мала замкоў, а хаты ў асноўным зачыняліся на клямкі… Цяпер жа расце колькасць прыёмных сямей, дамоў сямейнага тыпу, пытанні ўзаемаадносін паміж дзецьмі і іх нядбайнымі бацькамі вырашаюцца аж на ўзроўні кіраўніка дзяржавы…
– Наша служба з кожным годам становіцца ўсё больш запатрабаванай, – гаворыць дырэктар цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна Казлова, – бо расце колькасць пажылых людзей, якія маюць патрэбу ў надомным абслугоўванні. Вось і ў новым годзе далі дадаткова восем ставак для сацработнікаў. Цяпер у нас 94 сацыяльныя работнікі. Яно і не дзіўна, бо зараз у раёне пражывае 637 адзінокіх чалавек і 4156 адзінока пражываючых.
Вось характэрны дыялог, які можна пачуць у вёсцы паміж сацыяльным работнікам і пажылой жанчынай.
– Дык у вас жа, бабуля, здаецца, і дзеці жывыя ёсць?
– Ой, дзіцятка, не пытайся. Як кабаны гадавала, то ездзілі часта, а зараз і дарогу забыліся…
І ўсё ж каб карціна была поўнай, варта зазначыць, што словаспалучэнне “бацькі і дзеці” ў наш час набыло шмат новых адценняў. Вельмі часта той жа жанчыне-пенсіянерцы цяжка згадзіцца нават не столькі са сваёй нямогласцю, колькі з пачуццём страты ранейшых пазіцый гаспадыні. Ёй хочацца па-ранейшаму быць галавою сям’і, так бы мовіць, родапачынальніцаю, усведамляць, што без яе ўдзелу не прымаецца ніводнае важнае рашэнне. Яе душэўныя запыты застаюцца ранейшымі, а вось фізічны ды і інтэлектуальны стан змяніўся, з чым не хоча ніяк пагадзіцца жанчына. З’яўляецца нейкі хваравіты эгаізм, які прыглушае сваёй безразважлівасцю нават любоў да дзяцей і ўнукаў. Жаданне мець сваё “я”, такое ж моцнае і бясспрэчнае, як і раней, мацней здаровага сэнсу. На жаль, гэтая ўзроставая асаблівасць характэрная для вельмі многіх пажылых людзей. Імкненне забяспечыць свой душэўны камфорт, свой уласны спакой, пацешыць самалюбства становяцца прыкметай старэчага эгаізму: не так паглядзелі, не тое сказалі, не тую праграму па тэлебачанні ўключылі…
Сапраўды, жывучы са старымі людзьмі, трэба помніць, што ў іх узросце на псіхіку чалавека ўплываюць пэўныя змены. Нездарма ж кажуць: стары – што малы. У аднаго гэта бачна болей прыкметна, у другога – меней. Таму за імі патрэбны асаблівы догляд. Чалавек становіцца капрызны, забыўлівы, прымхлівы. Многія дамашнія хутка стамляюцца ад яго, пачынаюць ігнараваць яго пытанні, не звяртаюць увагі на скаргі. А такая абстаноўка нярвуе ўсіх і толькі абвастрае стан хворага…
Тыя, хто пазбавіўся ад сваіх бацькоў, здаў іх у дзяржаўны прытулак, хутчэй за ўсё будуць тлумачыць, што, маўляў, старых маці ці бацьку не было з кім пакінуць, а з работы нас ніхто не адпусціць. Ці “нарадзіўся ўнук, у кватэры стала цесна, а ў вёску старую адну ўжо не адправіш, ды і хата там ледзьве ліпіць, на лецішча толькі прыгодная”. Альбо “маці сама так захацела”. І пры гэтым забываюць пра парушэнне пятай запаведзі Божай. Да таго ж не задумваюцца, якая старасць чакае кожнага з іх. Ці не адплацяць ім дзеці гэтакай манетай, як яны сваім бацькам?
У аддзяленні сястрынскага догляду, якое размешчана на двух паверхах Тураўскай бальніцы, зараз утрымліваецца 50 пацыентаў, у тым ліку 25 жанчын. Гэта, безумоўна, значна больш чым у снежні 2004 года, калі новая структура толькі была створана: на жаль, колькасць “непатрэбных” пажылых расце. Сярод пастаяльцаў ёсць людзі 1919-21 гадоў нараджэння, ёсць значна маладзейшыя. Як паведамілі нам прадстаўніцы мясцовага медперсаналу, у 18 з іх ёсць дзеці, толькі, на жаль, наведваюць яны сваіх бацькоў вельмі рэдка. Урачы, медыцынскія сёстры праз сельскія Саветы, на тэрыторыі якіх раней жылі іхнія пацыенты, наводзяць даведкі пра блізкіх родзічаў на выпадак смерці і пахавання іх бацькоў. Дык вось пры жывой маці яе сын паведаміў у адзін з сельсаветаў, што яна памерла… Выпадкі, калі дзеці, самыя блізкія родзічы забіраюць назад з прытулка радню, – надзвычай рэдкія.
Дык давайце паспрабуем зірнуць на нашыя ўзаемаадносіны са сваімі роднымі і блізкімі людзьмі самакрытычна, навучымся быць больш добрымі, міласэрнымі да старасці. Каб потым не дакараць сябе за нявыкарыстаную магчымасць сказаць апошняе “даруй” таму чалавеку, хто даў табе жыццё, доўгія гады быў побач, а цяпер вось мае такую патрэбу ў светлых сустрэчах з намі.
Сяргей КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.