У поле — падрыхтаванымі

330Якасна і ў вызначаныя тэрміны мяркуюць адрамантаваць тэхніку да палявых работ у адкрытым акцыянерным таварыстве “Прыазёрскае-Агра”. І для гэтага мясцовыя працаўнікі зараз прыкладваюць належнае старанне і майстэрства.

Праз расчыненыя дзверы майстэрні выразна чуліся стук малаткоў па жалезе, бразгат ключоў і галасы людзей. Было відавочна, што работы па рамонту тэхнікі ў ААТ “Прыазёрскае-Агра” у гэтыя лютаўскія дні значна актывізаваліся. У тым пераканаліся, калі з намеснікам дырэктара гаспадаркі Іванам Алесічам трапілі ў майстэрню. Там стаяла з паўдзясятка розных трактароў, ля якіх рупіліся механізатары. Напрыклад, Сяргей Агіевіч (на здымку) дзелавіта перабіраў рухавік свайго энерганасычанага “Беларуса”.
— За тыдзень-другі ўпраўлюся, — зазначыў Сяргей Адамавіч. — Неабходныя запчасткі маюцца ў гаспадарцы, таму стаяць няма калі. Трэба хутчэй выводзіць трактар з майстэрні, каб на яго месца паставіць для рамонту іншыя машыны і агрэгаты.
Агіевіч — даволі вопытны спецыяліст у сваёй справе. За плячыма больш за дваццаць гадоў механізатарскага стажу. Таму добра ведае: каб тэхніка не падвяла ў гарачы час пасяўной, яе патрэбна грунтоўна падрыхтаваць зараз. Тым больш што Сяргей Адамавіч ужо не адзін год працуе на вельмі важным участку пасяўной. Ён сее раннія зерневыя і зернебабовыя культуры. У гэтай справе важная кожная гадзіна і высокія тэмпы.
— Пасяўны агрэгат “Хорш”, на якім будзе працаваць Сяргей Адамавіч, ужо адрамантаваны, — патлумачыў Іван Алесіч. — І з рамонтам трактара гэты механізатар таксама не прамарудзіць. Увогуле, у нас даўно склалася практыка, калі механізатары самі рамантуюць свае трактары і агрэгаты, на якіх будуць працаваць на палетках. Гэта дазваляе весці рамонтныя работы з большай якасцю. Хто ж захоча потым прастойваць па прычыне паломак, калі можна будзе добра зарабіць за сваю працу на палетках.
На цяперашні час перад рамонтнікамі акцыянернага таварыства стаіць задача: найперш паставіць на лінейку гатоўнасці трактары, асабліва энерганасычаныя. Менавіта на іх будзе асноўны цяжар падчас пасяўной. Акрамя “Беларуса-3022”, зараз у майстэрні знаходзіцца некалькі МТЗ-1221, а таксама “Амкадор”. Задзейнічаць вясной іх плануецца на самых розных работах: сяўбе ранніх яравых культур, кукурузы, пагрузцы арганікі. Яе ў гаспадарцы ўжо назапасілі каля трыццаці тысяч тон.
— Завершым з рамонтам трактарнай тэхнікі, адразу ж возьмемся за машыны па ўнясенні мінеральных і арганічных угнаенняў, — падзяліўся планамі Іван Рыгоравіч. — Мы ўжо адрамантавалі сеялкі, камбінаваны глебаапрацоўчы агрэгат, культыватар. У поле выйдзем падрыхтаванымі.
Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.