Яго прафесійная вышыня

Изображение 040Ёсць сферы работ, якія патрабуюць ад чалавека быць у пастаяннай гатоўнасці, увесь час падтрымліваць на высокім узроўні свой прафесіянальны імідж, бо працаваць даводзіцца як днём, так і ноччу, у будні і святы. Звыш сарака гадоў назад менавіта такую галіну – энергетыку – аднойчы і на ўсё жыццё абраў для сябе электраманцёр Жыткавіцкага РЭСа Валерый Гулюта.

Юнак з вёскі Найда пасля заканчэння 8 класаў Грэбеньскай школы паехаў вучыцца ў Белазёрск, дзе пасля двух гадоў вучобы ў прафесіянальна-тэхнічным вучылішчы набыў для сябе прафесію электраманцёра. Практыку праходзіў на Бярозаўскай гідраэлектрастанцыі, працаваў у будаўніча-мантажным упраўленні горада Маладзечна.
У 1971 годзе ў працоўнай кніжцы маладога спецыяліста паявіўся запіс, што ён прыняты на работу электрыкам ў адну з брыгад Жыткавіцкага РЭСа – працоўнага калектыва, якому Валерый Мікалаевіч аддаў усё сваё свядомае жыццё. За гэты час толькі на два гады прыйшлося адлучыцца маладому энергетыку ад калектыва, які стаў для яго другой сям’ёй, — калі нёс службу ў адной з часцей Чарнаморскага флоту. А пасля службы зноў трапіў у таварысцкія абдымкі сваіх сяброў, разам з якімі ставіў новыя слупы, злучаючы іх правадамі, вёў новыя электралініі, рамантаваў старыя. Спачатку працаваў электрыкам брыгады, затым – аператыўна-дыспетчарскай службы.
— Валерый Мікалаевіч Гулюта з тых нашых работнікаў, хто, можна сказаць, стаяў ля вытокаў росту нашай энергасістэмы, калі многае яшчэ рабілася ўручную, але прагрэс ужо браў сваё, — гаворыць начальнік Жыткавіцкага раёна электрычных сетак Леанід Мельчанка. — Гэта такія, як ён, сваёй паўсядзённай працай забяспечваюць надзейную і бяспечную работу ўсёй нашай немалой гаспадаркі.
Сапраўды, Жыткавіцкі РЭС упэўнена трымае курс на стварэнне сучаснай энергасістэмы, забяспечваючы жыццядзейнасць усіх галін народнагаспадарчага комплексу, стварае неабходныя ўмовы для камфортнага жыцця насельніцтва нашага рэгіёна. Адчувальныя адбыліся за гэты час перамены, прычым, вобразна кажучы, са знакам “плюс”, заснаваныя на мадэрнізацыі і новых техналогіях. Змянілася многае, а рух наперад – гэта заўсёды развіццё і самаўдасканальванне. Стварэнне высокаэфектыўнага энергетычнага абсталявання дало магчымасць перайсці на новы ўзровень тэхналогій, якія забяспечваюць больш высокія паказчыкі надзейнасці. Не сакрэт, што Валерыю Мікалаевічу прыемна ўсведамляць: у пераменах да лепшага ёсць і часцінка яго працы…
За доўгія гады работы ў калектыве набыты каштоўны багаж вопыту і ведаў. А гэта яму разам са сваімі калегамі дазваляе супрацьпаставіць стыхіі высокія прафесіянальныя навыкі, уменне з гонарам выходзіць з самых складаных сітуацый, бо ні спякота, ні люты холад не павінны перашкаджаць бесперабойнаму энергазабеспячэнню.
Варта адзначыць, што пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Валерый Гулюта разам з іншымі энергетыкамі прымаў непасрэдны ўдзел у ліквідацыі наступстваў гэтай злыбяды. У раёне, дзе яны працавалі, усе студні былі пазакрываныя, таму трэба было біць глыбінныя свідравіны, якія і падключалі электраманцёры, каб здабыць для людзей ваду, якая замяняла калодзежную.
Усё жыццё Валерыя Мікалаевіча звязана з РЭСам: жаніўся, праз некаторы час родная арганізацыя гаспадарчым спосабам пабудавала для іх дом. У яго з жонкай, працоўная біяграфія якой была звязана з гандлем, нарадзіліся і выраслі тры дачушкі. Зараз яны маюць чацвёра ўнукаў. А новы год для ветэрана энергетыкі пачаўся з прыемнай навіны: за шматгадовую добрасумленную працу і высокі прафесіяналізм Валерый Мікалаевіч Гулюта быў узнагароджаны Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў.
Усё змяняецца, жыццё ідзе наперад. Толькі нязменнымі застаюцца майстэрства, вопыт і добрасумленнасць. Менавіта гэта і ёсць тая вышыня, якой дасягнуў у сваёй рабоце гэты чалавек. Надзвычай сціплы чалавек, які ў час нашай сустрэчы і размовы некалькі разоў паўтарыў: “Што пра мяне, вы лепш напішыце пра маіх таварышаў…”
Сяргей ВІЛЬЧЫК.
Фота Анастасіі КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.