Эстафета патрыятычных спраў

OLYMPUS DIGITAL CAMERAНакопленым вопытам работы па патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення днямі дзяліліся навучэнцы і педагогі школ райцэнтра са сваімі гасцямі з Петрыкаўшчыны. Гэтыя мерапрыемствы прайшлі ў рамках абласной эстафеты патрыятычных спраў.

Распачалося ўсё ля помніка загінуўшым воінам і партызанам у гады Вялікай Айчыннай вайны. Тут навучэнцы СШ №2 горада і іх настаўнікі, дэлегацыя з Петрыкава, прадстаўнікі абласнога ўпраўлення і кіраўніцтва раённых аддзелаў адукацыі, а таксама ідэалогіі правялі мітынг, падчас якога ўшанавалі памяць аб загінуўшых на палях вайны салдатах. Нямала прагучала пранікнёных слоў пра подзвіг нашых дзядоў і прадзедаў, якія здабылі перамогу, выказана смутку і жалобы пра ахвяры фашызму. У памяць пра іх была абвешчана хвіліна маўчання, а таксама да гранітных пліт ускладзены вянкі. Гэтым мерапрыемствам было падкрэслена, што маладое пакаленне памятае пра тых людзей, дзякуючы мужнасці якіх мы жывем пад мірным небам.
OLYMPUS DIGITAL CAMERAГераізм і патрыятызм, вернасць вайсковаму абавязку, самаахвярнасць нашых землякоў дзеля Радзімы, што прайшлі праз гарніла афганскай вайны, — на гэтым быў зроблены акцэнт падчас наведвання гарадской гімназіі. Калектыў установы вельмі гасцінна сустракаў прадстаўнікоў мерапрыемства. У гімназіі падрабязна расказалі аб сваёй навучальнай установе, той значнай навукова-пошукавай рабоце, што праводзіцца вучнямі і педагогамі па выхаванні патрыятычных пачуццяў. Адным з такіх накірункаў з’яўляецца афганская тэматыка. Праца па ёй, якая пачалася з невялікай папкі матэрыялаў, ужо прынесла добры плён – ва ўстанове створаны і паспяхова дзейнічае музейны пакой, экспазіцыі якога прысвечаны ваенным дзеянням у Афганістане, ураджэнцам нашага раёна, якія прымалі ў іх удзел. Каштоўнасць яго яшчэ ў тым, што ўвесь матэрыял для пакоя, яго афармленне зроблена рукамі настаўнікаў і дзяцей. Менавіта гэтая ініцыятыва вымусіла правесці значную пошукавую работу, непасрэдна ў час яе, так бы мовіць, следапытам сэрцам і душой дазволіла адчуць тыя пачуцці, што перажылі воіны-інтэрнацыяналісты, іх маці ў тыя гады, а таксама шмат даведацца пра мужнасць і адвагу маладых хлопцаў, узяць з іх прыклад для ўласнага жыцця цяперашнім хлопчыкам і дзяўчынкам. Праведзеная па музейным пакоі экскурсія паказала, што гімназісты ганарацца зробленай справай і не збіраюцца яе пакідаць. Чым не станоўчы арыенцір у выхаваўчым працэсе для будучага жыцця сваіх навучэнцаў.
OLYMPUS DIGITAL CAMERAУ першай гарадской сярэдняй школе любоў да Бацькаўшчыны, яе культуры, мовы, традыцый выхоўваюць на прыкладзе жыцця нашых славутых землякоў. Такім з’яўляецца пісьменнік Мікола Гамолка, у гонар і памяць аб якім у навучальнай установе створаны музей. На экскурсію па ім і запрасілі ўдзельнікаў мерапрыемства настаўнікі і вучні школы. З вялікім задавальненнем хлопчыкі і дзяўчынкі, а таксама іх педагогі разглядвалі сабраны багаты матэрыял экспазіцый, а яшчэ прыемней было чуць родную мову, на якой экскурсаводы расказвалі пра жыццёвы шлях пісьменніка, які нямала зрабіў для развіцця беларускай літаратуры. Тым больш што героі твораў Міколы Гамолкі — гэта падлеткі, на ўчынках якіх і цяперашнія школьнікі могуць вучыцца дабрыні, працавітасці, адданасці свайму краю, іншым станоўчым якасцям. Адным словам, усяму таму, без чаго немагчыма стаць сапраўдным патрыётам сваёй Радзімы.
Годна сустрэлі гасцей і ў СШ №3 райцэнтра, дзе і адбылася асноўная дзея эстафеты. Напачатку рабят з суседняга раёна запрасілі на псіхалагічныя трэнінгі, а іх педагогаў – у музей праваслаўнай культуры. Потым у актавай зале калектывы школ і гімназіі прадэманстравалі свае набыткі, якія накоплены ў выхаванні патрыятызму. У прывітальным слове, з якім да настаўнікаў і вучняў звярнулася галоўны інспектар абласнога ўпраўлення адукацыі Галіна Маёрава, яна выказала думку, што поспех у выхаваўчым працэсе залежыць ад здольнасцей, ініцыятыўнасці, творчага падыходу педагогаў, якія ўмела вядуць за сабой дзяцей, натхняюць іх на карысныя справы. У зале ж сабраліся сапраўдныя актывісты дзіцячага руху. У гэтым пераканаліся ўсе, калі паглядзелі выступленні членаў дзіцячых грамадскіх арганізацый гарадскіх школ. Кожнае з іх было непаўторным, насычанае музычнымі і вершаванымі кампазіцыямі, якія надавалі яркасці і відовішчнасці. Напрыклад, вучні трэцяй школы акцэнтавалі ўвагу гледачоў на тым, як моцна тут развіты грамадскі дзіцячы рух. У шарэнгах акцябрат, піянераў, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі аб’ядноўваецца больш за паўтысячы навучэнцаў гарадской СШ №3. І дзейнасць іх дзякуючы кіраўніцтву, педагогам вядзецца мэтанакіравана па пяці разнастайных праграмах, якія дапамагаюць выхоўваць у хлопчыкаў і дзяўчынак самыя добрыя пачуцці, развіваць іх творчыя здольнасці, рабіць правільнае стаўленне да акружаючых людзей і нашага жыцця. Гэта пацвердзілі на сцэне і піянеры першай гарадской школы, якія маюць выдатныя напрацоўкі ў цімураўскім і валанцёрскім руху, а таксама выхаванцы гімназіі. Закончылася мерапрыемства перадачай своеасаблівага сімвала – эстафеты школьнікам з Петрыкаўскага раёна, якія таксама коратка прадэманстравалі, што трапіў ён у надзейныя рукі. Пасля для дзяцей быў арганізаваны майстар-клас, а педагогі за круглым сталом абмеркавалі многія пытанні, звязаныя з выхаваннем моладзі.
Патрыётамі не нараджаюцца, імі становяцца. І аснова гэтаму закладваецца ў дзяцінстве. Мяркуючы па ўбачанаму на эстафеце, яна на Жыткаўшчыне грунтоўная.
Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.