Праганяла зіму масленіца…

DSCN0394У гэтую нядзелю жыхары горада сабраліся на цэнтральнай плошчы горада Жыткавічы, каб праводзіць зіму і сустрэць вясну. Але зіма сыходзіць не хацела: яшчэ з раніцы трымаўся мароз, а на зямлі ляжаў снег, і толькі бліжэй да абеду сонца і святочны настрой сагрэлі народ, які тут сабраўся.

Спачатку пачалі сваю працу гандлёвыя рады Жыткавіцкага РайПа. Работнікі гандлю гасцінна прапаноўвалі паспрабаваць блінцы, шашлыкі, якія рыхтавалі на месцы, разнастайныя ватрушкі, пірожныя, кексы, баранкі, пернікі. Блінцы прапаноўвалі не толькі ў палатках РайПа, але і на выставах, што прадаставілі для агляду працаўнікі навучальных устаноў горада. І якіх бліноў тут толькі нельга было пачаставаць: з сырам, з каўбасою, з маслам і мёдам, з павідлам і смятанай. Таксама можна было папіць гарачай юшкі, якую прыгатавалі работнікі рыбгаса “Белае”, яны ж прадавалі і жывую рыбу. Жыткавіцкая хлебная база прапаноўвала муку, авёс, проса і іншае. Можна было купіць свініну, якую прадавалі ААТ «Жыткавічыхімсервіс».

DSCN0318

Людзей на свята ў горадзе прыцягвалі галасы зазывал-скамарохаў, якія на хораша ўпрыгожаным аўтамабілі ездзілі па вуліцах і завулках райцэнтра і пад гукі баяна і барабанных шаргуноў зазывалі народ на цэнтральную плошчу.

DSCN0408

Свята стала больш цікавым і вясёлым дзякуючы выступленню тэатралізаванага прадстаўлення лялечнага тэатра “Дзівоснікі” Жыткавіцкага гарадскога цэнтра культуры. У гэты раз самадзейныя таленавітыя лялечнікі парадавалі сваіх шматлікіх прыхільнікаў казкай “Як ваўка розуму вучылі”. Каля сцэны сабралася шмат дзяцей і іх бацькоў. На плошчы збіралася ўсё больш і больш людзей, разам з тым павялічвалася і колькасць забаў. Жартавалі і весялілі народ калектывы мастацкай самадзейнасці. Мноства гледачоў сабралася, каб падзівіцца на спрыт мужчын, якія залазілі на ўстаноўлены слуп, каб атрымаць прыз.

 

DSCN0451У такім добрым настроі людзі разам з артыстамі накіраваліся да масленічнай бабы. Гасцям свята ўручылі стужкі, якія яны прывязалі да пален, каб усё гэта згарэла разам з усімі бедамі, хваробамі, з усім адмоўным і негатыўным. І вось успыхнула ачышчальнае вогнішча, а калі полымя ахапіла пудзіла зімы, людзі сталі вадзіць карагоды.

DSCN0477

Але ж на гэтым свята не скончылася. Пад гукі вясёлай музыкі і захопленыя, гарачыя ўхваленні гледачоў хлопцы ў рыцарскіх шлемах вялі баі на бервяне, сутыкаючы адзін аднаго пры дапамозе напоўненых ватай мяшкоў. Як дзяўчынкі, так і хлопчыкі спаборнічалі, хто хутчэй і лепш запляце коску са стужачак, распілуе палена, з завязанымі вачыма разбівалі банку, павешаную на палцы, а таксама кармілі адзін аднаго блінцамі, кідалі снежкі ў папяровыя бліны і іншае. Недалёка ад іх праходзілі невялікія спаборніцтвы сярод дзяцей школьнага ўзросту, яны змагаліся за перамогу, перадавалі эстафету адзін аднаму, весяліліся і тым самым ўздымалі настрой гасцям свята. Кожны з пераможцаў атрымаў свой прыз.

 

DSCN0428

Праз некаторы час людзі зноў сабраліся ля сцэны, каб паслухаць выступленні калектываў мастацкай самадзейнасці. Ліліся песні і жарты, якія бадзёрылі гледачоў. Сваімі канцэртнымі праграмамі радавалі жыхароў горада самадзейныя ансамблі раёна і горада. Многія прыйшлі на свята цэлымі сем’ямі, весяліліся, слухалі песні, жарты, гулялі ў гульні і частаваліся не толькі блінцамі, шашлыкамі, але і салодкай ватай, поп-корнам.

DSCN0391

Кульмінацыйны момант спаборніцтваў: «Перагортванне колавай шыны» і «Кіданне валёнка». Было шмат жадаючых і ўсе яны паспрабавалі свае сілы, а пераможцы атрымалі прызы: кнігу пра Жыткавічы. Працягвала гучаць музыка, спявалі песні… Фанаграмы, выступленні артыстаў, мелодыі духавога аркестра бадзёрылі і радавалі ўсіх,хто яшчэ застаўся на плошчы.

Нічога, што ў гэтую нядзелю быў не зусім вясновы дзень! Зіма ўсё ж адыходзіць, а мы будзем дружна сустракаць вясну!

Анастасія Кулакевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.