Кліча веснавы лес

НаскевичСлухаеш ляснічага Юркевіцкага лясніцтва Васіля Наскевіча і адчуваеш, як апантаны гэты чалавек сваёй лясной справай, як занепакоены выкананнем даведзеных вытворчых планаў, як хвалюецца за падначалены яму калектыў. За плячыма ў Васіля Аляксеевіча хутка будзе два дзесяткі гадоў работы ў лясной гаспадарцы. І палову з іх ён на клапатлівай, адказнай пасадзе ляснічага.

— Наша лясніцтва — адно са старэйшых у Жыткавіцкім лясгасе, — не без гонару гаворыць лесавод, — дастаткова адзначыць, што ў архіве захавалася кніга загадаў аж з 1947 года. Таму пачэсны абавязак кожнага нашага работніка — годна несці эстафету сваіх папярэднікаў далей.
Ёсць людзі, якія памылкова лічаць, што лес, маўляў, расце сам па сабе. А за ім жа, на самай справе, трэба такі ж старанны догляд, як і за іншымі раслінамі. Тут, напрыклад, як і ў работнікаў сельскай гаспадаркі, ёсць свае пасяўныя кампаніі. Практыка, праўда, сведчыць на карысць таго, што большы эфект дае веснавая пасадка дрэўцаў: прыжываемасць маладняку тады лепшая. Вось і гэтай вясною ў лясніцтве плануюць пасадзіць сваімі сеянцамі не менш 15 гектараў сасны ды бярозы.
Спакон веку злейшым ворагам лесу быў і застаецца пажар. Толькі дбайныя гаспадары лясніцтва штогод супрацьпастаўляюць яму надзейную заслону. Нагляд за ляснымі масівамі вядзецца з адной з самых высокіх у раёне — 36 метраў — пажарна-назіральнай вышкі. Да таго ж напярэдадні пажаранебяспечнага перыяду праводзіцца скрупулёзная прафілактычная работа з мясцовым насельніцтвам, лясныя культуры абворваюцца спецыяльным плугам, каб у выпадку небяспекі перагарадзіць доступ да іх “чырвонага пеўня”. Па даўняй добрай традыцыі дзейсную дапамогу лесаводам аказваюць хлопчыкі і дзяўчынкі з мясцовага школьнага лясніцтва: пракладваюць экалагічныя сцяжыны, вырабляюць і развешваюць шпакоўні, удзельнічаюць у розных конкурсах. Вось чаму не выключана, што будучы жыццёвы лёс некаторых гэтых школьнікаў будзе цесна звязаны з лясной гаспадаркай…
Шмат добрых спраў на рахунку працоўнага калектыву пад кіраўніцтвам свайго нязменнага лідара Васіля Наскевіча. У трох кварталах лясніцтва, у тым ліку ў двух маляўнічых мясцінах на беразе ракі Случ, абсталяваны прыгожыя альтанкі для адпачынку. Пастаянна вядзецца ўборка лясных масіваў ад захламленасці. А побач з доглядам за лесам, аховай яго тут вядзецца і нарыхтоўка так званых сартыментаў: пастаўлена задача нарыхтоўваць за месяц не менш чым адну тысячу кубічных метраў драўніны.
Як адзначыў ляснічы Васіль Наскевіч, добрасумленна, надзейна працуюць у лясніцтве бухгалтар Надзея Рымашэўская, ляснік Васіль Курыловіч, абрубшчык сукоў Міхаіл Сабалеўскі, трактарыст Адам Башкевіч, усе члены іх ляснога падраздзялення, якое ў мінулым годзе дабілася станоўчых паказчыкаў.
Сяргей ВІЛЬЧЫК.
Фота Анастасіі Кулакевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.