На карысць усім і кожнаму

DSCN1044Нядаўна работнікі гарадскога цэнтра культуры правялі важнае мерапрыемства для вучняў школ нашага горада на тэму «Жыткавічы за здаровы лад жыцця!». На першым паверсе можна было паглядзець невялікую выставу дзіцячых малюнкаў па здаровым ладзе жыцця, а ў малой зале, дзе ўласна і праходзіла дадзенае мерапрыемства, гучалі песні пра здароўе, што прыцягвала яшчэ большую ўвагу і цікавасць у школьнікаў.

Падчас гэтага мерапрыемства, якое падрыхтаваў калектыў гарадскога цэнтра культуры, а вяла рэжысёр Аліса Галавач, прайшлі прэзентацыі пра здаровы лад жыцця, цікавыя відэаролікі, відэа-інтэрв’ю з іх аднакласнікамі, аднагодкамі, якія распавядалі пра тое, што такое здароўе і як трэба яго ўмацоўваць. А таксама быў прадэманстраваны шэраг малюнкаў і фатаграфій, якія адлюстроўвалі ўсю рэчаіснасць таго, што адбываецца з чалавекам, калі ён вядзе няправільны распарадак дня, дрэнна харчуецца, курыць, п’е, ужывае наркотыкі і г.д.
Дзяўчынкі і хлопчыкі ўважліва слухалі і, напэўна, рабілі адпаведныя высновы, але больш цікавасці і запалу ў іх выклікала размова «гледачы-вядучая». Ім былі зададзены пытанні: «Што такое здароўе?», «Для чаго яно нам трэба?», «Што такое правільны рэжым дня?» і іншыя. Дзеці вельмі актыўна адказвалі, расказвалі аб тым, які ў іх расклад дня, калі прачынаюцца, мыюцца, робяць зарадку, калі ядзяць, выконваюць урокі, як плануюць вольны час, рыхтуюцца да сну. Школьнікі таксама казалі пра тое, што немалаважную ролю адыгрывае і спорт у жыцці чалавека, прыводзілі прыклады аб тым, якімі відамі спорту яны займаюцца, якія секцыі наведваюць, каб умацоўваць сваё здароўе.
Пагадзіцеся, якой бы дасканалай ні была медыцына, яна не можа пазбавіць кожнага ад усіх хвароб. Чалавек — сам творца свайго здароўя, за якое трэба змагацца. З ранняга ўзросту неабходна весці актыўны лад жыцця, загартоўвацца, займацца фізкультурай і спортам, выконваць правілы асабістай гігіены, — словам, дабівацца разумнымі шляхамі сапраўднай гармоніі душы і цела.
Анастасія Кулакевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.