Упэўненая перамога

222З галоўным трафеем дзіцячага турніру па міні-футболу, прысвечанаму памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў В. Лубянскага і В. Белашыцкага, вярнуліся выхаванцы Жыткавіцкай ДЮСШ спортаддзела. Адбыліся спаборніцтвы ў горадзе Ельску.
Турнір быў нялёгкім выпрабаваннем для юных футбалістаў. Пра гэта можна ўжо меркаваць па тым, што хлопчыкам за тры няпоўныя дні прыйшлося згуляць аж сем гульняў. У спаборніцтвах прымалі ўдзел восем каманд з чатырох раёнаў Гомельскай вобласці. І ўсе матчы праходзілі па кругавой сістэме.
— У барацьбу за галоўны кубак прыйшлося ўступаць, так бы мовіць, прама з дарогі, — гаворыць трэнер каманды Анатоль Вотчыц. — Але нягледзячы на стомленасць ад пераезду каманда ў першы ж дзень правяла дзве сустрэчы і паказала добрую гульню, а таксама байцоўскі характар. Нялёгкімі былі і іншыя дні турніру: на другі дзень мы згулялі тры гульні і дзве — на трэці. Саступілі нашы футбалісты толькі аднойчы, і раз згулялі ў нічыю. У астатніх сустрэчах яны святкавалі перамогу.
Пра напал саперніцтва сведчыла і тое, што пераможца спаборніцтваў вызначыўся толькі па дадатковых паказчыках, а менавіта ў вочнай сустрэчы каманд з Ельска і Жыткавіч. Нашы юныя футбалісты не пакінулі шанцаў гаспадарам, і гэтая акалічнасць стала вызначальнай, хто стане ўладальнікам галоўнага кубка. Трэцімі на турніры сталі хлопчыкі з Козенак. Варта сказаць, што за час правядзення турніру па міні-футболу ў Ельску выхаванцы ДЮСШ спортаддзела не раз былі яго ўдзельнікамі, а вось перамогу святкавалі ўпершыню. Кубак спаборніцтваў — не адзіная ўзнагарода жыткаўчан. Арганізатары спецыяльнымі прызамі адзначылі выдатную гульню Івана Лоўгача з ДЮСШ спортаддзела як лепшага нападаючага, а Антона Гаўрыленку з ДЮСШ “Матор” як лепшага абаронцу. Дарэчы, каманда з апошняй спартыўнай установы нашага райцэнтра таксама была паўнапраўным удзельнікам юнацкага футбольнага саперніцтва.
Безумоўна, перамога ў такіх спа-борніцтвах будзе толькі спрыяць росту майстэрства юных футбалістаў ДЮСШ спортаддзела, а таксама натхняць іх да новых чэмпіёнскіх вяршынь.
Сяргей БЕЛКА.
НА ЗДЫМКУ: юныя футбалісты-пераможцы Ягор Косараў, Эдуард Сацута, Ілля Лоўгач, Кірыл Какора, Канстанцін Найдзін, Артур Сарокін, Аляксандр Кіцура, Станіслаў Ільеня, Мікіта Азімок, Данііл Харытановіч, Павел Максімовіч, Аляксандр Пяшэвіч і Леанід Галавач.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.