“Запрашаем на вячоркі ў нашыя Боркі…”

DSC02702З пачатку чэрвеня мінулага года загадчыцай Боркаўскага клуба народнай творчасці працуе энергічная, мэтанакіраваная і прадпрымальная жанчына Любоў Гаўрыленка. Яшчэ не мінуў і год, а зроблена ёю за гэты кароткі час нямала. Як у плане добраўпарадкаванай тэрыторыі, так і ўнутры самой установы культуры, якую цяпер мясцовым жыхарам і гасцям не пазнаць.

Любоў Міхайлаўна здолела згуртаваць вакол сябе шмат аднадумцаў і нераўнадушных памочнікаў. Адчувальную дапамогу ў гаспадарскіх справах ёй аказаў і дырэктар КСУП “Коленскае” Валянцін Карпаў.
А сапраўдным экзаменам на высокі прафесіяналізм і арганізатарскія здольнасці для Любові Міхайлаўны ды мясцовых майстрых, самадзейных артыстаў стала нядаўняе мерапрыемства “Запрашаем на вячоркі ў нашыя Боркі”, якое з поспехам прайшло ў клубе. Было што паглядзець, чым ад шчырага сэрца захапіцца на выставе “Прыгажосць сваімі рукамі”. Зрэшты, яно і не дзіўна, бо ў вёсцы яшчэ жыве нямала жанчын, якія годна працягваюць багатыя традыцыі сваіх продкаў, у якіх, вобразна кажучы, залатыя рукі. Па-майстэрску ткаць, вышываць, прасці кудзелю, вязаць тут могуць Вольга Юнчыц і Ганна Пяшэвіч, Надзея Ярмоліч і Вольга Пяшэвіч, Зоя Юнчыц і Надзея Пяшэвіч, Любоў Ярмоліч і Ніна Пяшэвіч, Галіна Труханавец і многія іншыя.
Вячоркі сталі сапраўдным святам адраджэння і далейшага развіцця народнай творчасці, мясцовых традыцый і абрадаў. Кожны займаўся сваёй любімай справай. Удаўся і абрад “Запрашаем на вячоркі”. Наведвальнікі спявалі песні, якія перадаліся нашчадкам ад продкаў, выконвалі народныя танцы, расказвалі байкі, гумарэскі, дзяліліся ўспамінамі аб тым, як вячоркі ладзілі іх бацькі, бабулі і дзядулі. А душою гэтага цікавага, захапляльнага мерапрыемства была вядучая Любоў Гаўрыленка, якая выступала ў самых разнастайных жанрах. І самую актыўную дапамогу ёй у гэтым аказаў мясцовы гумарыст Васіль Юнчыц.
Вось такія цікавыя, таленавітыя людзі жывуць у вёсцы Боркі. Умеюць і працаваць, і майстраваць, і весела, з душою адпачываць.
Сяргей Вільчык.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.