Хто хоча працаваць?..

413Раённай уладай пастаянная ўвага надаецца грамадзяна м, якія вызначаюцца антыграмадскімі паводзінамі. У сваёй большасці гэта людзі, якія злоўжываюць спіртным, не раз уступалі ў канфлікт з законам, не клапоцяцца аб сваіх дзецях, і іншыя. Вось такіх і імкнуцца вывесці з крывой сцяжынкі на прамы шлях прадстаўнікі розных службаў. Для гэтага прымаюцца розныя захады: у раёне дзейнічаюць спецыяльна створаныя рабочыя групы і камісіі, якія пастаянна сустракаюцца з такімі асацыяльнымі асобамі. Адна з апошніх адбылася ў пасёлку Чырвонае.
З паўтара дзясятка чалавек панура сядзелі ў актавай зале мясцовага сельвыканкама. Нават насцеж расчыненыя акно і дзверы памяшкання не паспявалі выветрыць пах перагару ад выпітага напярэдадні спіртнога, што дружна выдыхалі ў паветра прысутныя. Відавочна, што мінулы дзень для іх склаўся вельмі добра – павесяліліся, як кажуць, на поўную. Як ахарактарызаваў сітуацыю ў пасёлку намеснік старшыні райвыканкама, кіраўнік рабочай групы Валерый Рагалевіч, колькасць жыхароў, якія вядуць антыграмадскі лад жыцця, тут павялічваецца, і самае ганебнае, што гэты кантынгент пастаянна маладзее. У доказ гэтага несуцяшальную статыстыку прывёў мясцовы ўчастковы. Больш дваццаці чалавек затрыманы ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах, 40 чалавек маюць судзімасці, каля дзясятка чалавек разглядаліся на камісіях па прычыне непамернага ўжывання алкаголю. І такога негатыву было адзначана нямала. Несуцяшае, што ў большасці сваёй такія грамадзяне нідзе не працуюць, або перакідваюцца выпадковымі заробкамі, якія імгненна прапіваюцца. Ганебнае і тое, што людзі ў стане алкагольнага ап’янення распускаюць рукі, нават у дачыненні сваіх бацькоў, каб выбіць у тых грошы на выпіўку.
Безумоўна, асноўным падчас візіту рабочай групы быў не выхаваўчы аспект з абавязковым павучаннем і ціскам на маральныя якасці, а жаданне аказаць канкрэтную дапамогу ў працаўладкаванні. Магчымасці для гэтага ў спецыялістаў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама, як адзначыла кіраўнік гэтай структуры Наталля Макарэвіч, маюцца нават нягледзячы, што большасць гэтых беспрацоўных не мае ніякай кваліфікацыі і прафесіі. Упраўленне гатова і на вучобу накіраваць, і работу адпаведную падшукаць. Але тормазам для такіх людзей з’яўляецца простае нежаданне абцяжарваць хоць якой сябе работай. Былі ж рабочыя месцы і на торфабрыкетным заводзе, і ў КСУПе “Чырвоны Бор”, толькі ніхто з мясцовых беспрацоўных не скарыстаўся магчымасцю, каб уладкавацца на свабодныя вакансіі. Яны больш шукаюць, вобразна кажучы, лёгкага хлеба, імкнуцца ўладкавацца работнікамі па догляду за пажылымі людзьмі. Прычым псіхалогія такая, што там дагледзець аднаго чалавека, у краму схадзіў, вады прынёс і лічы, цэлы дзень вольны. Толькі часы мяняюцца і ніводзін кіраўнік не будзе цярпець у сябе на вытворчасці гультая і п’яніцу.
Трэба сказаць, што пагроза ад такіх асацыяльных элементаў грамадству зыходзіць яшчэ і ў плане бяспекі. Па словах начальніка РАНС Андрэя Тураўца, што ў 80 працэнтах выпадкаў пажараў у вобласці з гібеллю людзей надарылася менавіта па прычыне п’янства. У доказ гэтага быў прадэманстраваны відэаролік, у якім было паказана, наколькі цяжкімі могуць быць наступствы “п’яных пажараў”.
Пакутуюць ад п’яніц і дзеці. У краіне прыняты захады, каб бацькі, клопат па догляду за дзецьмі якіх узяла на сябе дзяржава, пакрывалі гэтыя выдаткі. Але не ўсе так званыя абавязаныя асобы кідаюцца на працу. Негатыўны прыклад быў выяўлены і падчас сустрэчы ў Чырвоным. Абавязаны пакрываць расходы на ўтрыманне сваіх дзяцей бацька “загуляў” аж на месяц замест таго, каб сумленна выконваць свой грамадзянскі абавязак.
Несумненна, прадстаўнікі рабочай групы на сустрэчы давялі асобам, якія вядуць няправільнае жыццё, нямала карыснай інфармацыі. Вось толькі ці з карысцю прыменяць яе тыя, каму адрасавалася ўсё гэта. Хочацца сказаць толькі адно: усё ў іх руках.
Сяргей МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.