Калі да справы з любоўю

OLYMPUS DIGITAL CAMERAУ тым пераканаліся многія наведвальнікі аграсядзібы “Тураўскія краявіды” падчас рэспубліканскай акцыі “Дзень адчыненых дзвярэй у беларускіх сядзібах”.
Раман Фаўставіч займаецца аграэкатурызмам другі год, і столькі ж удзельнічае ў такім маштабным мерапрыемстве. Лічыць яго патрэбным, бо акцыя дазваляе многім жыхарам краіны даведацца, што ж на самой справе ўяўляе сабой адпачынак на ўлонні вясковым. На яго сядзібе ў той дзень было шматлюдна. Гаспадар ледзь паспяваў прымаць дэлегацыі гасцей. Яны адразу акуналіся ў маляўнічыя краявіды мясцовага ландшафту, бо сама сядзіба размешчана на беразе прыгажуні-Прыпяці. Ды і ў самім двары было на што палюбавацца: акуратныя газончыкі з рукатворнай сажалкай, якім яшчэ большай прыгажосці надавалі пасаджаныя побач розныя пладовыя і дэкаратыўныя расліны і дрэвы. Тут жа размясціліся і прасторная альтанка з гамаком, мангалам і кастрышчам са стойкамі для варыва юшкі. Гэта невыпадкова, бо асноўныя паслугі, якія аказвае гаспадар “Тураўскіх краявідаў”, арганізацыя рыбнай лоўлі і палявання на птушку, падарожжаў па рацэ. Ганарыцца Раман і лазняй, якая маецца на сядзібе. Яе ён зрабіў сам, як кажуць, уласнымі рукамі. Як і многае іншае, без чаго немагчымы адпачынак наведвальнікаў. Вялікія змены адбываюцца і ў стварэнні камфорту ў гасцявым доміку. Акрамя асноўнага нумару, гаспадар робіць яшчэ і нумар павышанай камфортнасці. Усё, так бы мовіць, для камфорту гасцей. Яны ж з вялікай цікавасцю аглядалі сядзібу, слухалі гаспадара, як ён распачынаў сваю справу. Некаторыя нават паспрабавалі наколькі лёгкая пара ў яго лазні, пагайдаліся на гамаку.
— Галоўнае задацца мэтай, — гаворыць Раман Фаўставіч, — тады любая справа пойдзе паспяхова. Безумоўна, яшчэ многае патрэбна для змястоўнага адпачынку наведвальнікаў зрабіць і на маёй сядзібе. Найперш хачу стварыць музей народных промыслаў, асабліва вырабаў, якія створаны з дрэва. Планую развесці фазанаў, паўлінаў, каб дзеці маглі падзівіцца на гэтых птушак. Не так і часта гараджане могуць пабачыць ужывую такіх птушак.
Сапраўды, чалавек мае рацыю. Было вельмі цікава наглядаць за дзецьмі, якія бегалі глядзець на кроліка, што маецца ў гаспадарцы Гваздзюкевічаў. Кожны малы стараўся не толькі пагладзіць гадаванца, але і пачаставаць яго скарынкай хлеба.
Пакуль наведвальнікі знаёміліся з сядзібай, яе гаспадыня завіхалася ля стала, на якім у хуткім часе з’явіліся свежыя агуркі і іншая зеляніна, вырашчаныя на ўласным агародзе, а таксама духмяныя шашлыкі. Усё гэта прапанавана было пакаштаваць гасцям, у якіх засталіся самыя прыемныя ўражанні ад “Тураўскіх краявідаў”. Вось што сказаў Сяргей, жыхар Жыткавіч:
— Мы прыехалі на аграсядзібу Гваздзюкевічаў усёй сям’ёй, і нам вельмі тут спадабалася. Канечне, цікава было пазнаёміцца, як працуюць людзі ў абранай для сябе справе, ды і дзеці пабылі на прыродзе. Асабліва ўразілі гасціннасць і шчырасць гаспадароў.
Менавіта за гэтыя якасці ад аддзела спорту, фізічнай культуры і турызму райвыканкама гаспадарам “Тураўскіх краявідаў” быў уручаны падарунак.
— На сённяшні час у раёне зарэгістравана 33 аграсядзібы, — расказвае спецыяліст аддзела Анжэла Міронава. — Гаспадары паловы з іх прымаюць ужо наведвальнікаў. Пяць сядзіб прынялі ўдзел у сёлетняй рэспубліканскай акцыі, за час якой з аграэкатурызмам пазнаёміліся больш за дзвесце чалавек. Цяпер мы стараемся не толькі пашыраць паслугі аграсядзіб, але, каб яны былі высокай якасці.
Гэта прамое сведчанне, што ў людзей узрастае цікаўнасць да вясковага адпачынку і праглядваюцца нядрэнныя перспектывы для развіцця такой дзейнасці ў нашым раёне. Галоўнае, што ёсць і гаспадары, якія сур’ёзна ўзяліся за гэтую справу і гатовы яе развіваць. Менавіта з такіх Раман і Святлана Гваздзюкевічы.
Падрыхтаваў Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.