Старшынёўская зорка Івана Сулкоўскага

У мікрараёне Зубраня горада Жыткавічы можна бачыць пажылога чалавека з кіёчкам у руцэ, інтэлігентай знешнасці, у акулярах, з добрымі манерамі. Ён то крочыць няспешна ў блізкі прадуктовы магазін, то размаўляе са знаёмымі і суседзямі, то спыніцца ў задуменні, залюбаваўшыся ўласнаручна пасаджанымі фруктовымі дрэвамі ля свайго шматкватэрнага дома. Гэта Іван Філімонавіч Сулкоўскі — былы старшыня калгаса “ІІІ Інтэрнацыянал”, што ў Бялёве, кавалер ордэнаў імя Леніна, Кастрычніцкай рэвалюцыі, Знак пашаны, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, дэлегат трэцяга Усесаюнага з’езда калгаснікаў, партызан Вялікай Айчыннай вайны. Чалавек, які ў цяжкі пасляваенны час падымаў сельскую гаспадарку на Жыткаўшчыне і пакінуў добры след на зямлі.
…Ён з бацькам пасвіў валы ў лесе, калі з хмызнякоў выскачыў усхваляваны калгасны пасланец.
— Дзядзька Філімон, вайна пачалася! Вам загадана гнаць калгасныя валы дадому.
Тады яшчэ трынаццацігодовы Ваня помніць, як у цэнтры іх вёскі Дзяржынск, што ў Лельчыцкім раёне, сабраўся мясцовы люд і з трыбуны, збітай на скорую руку, выступаў іх старшыня сельсавета. Гаварыў — як у ваду глядзеў: гэтая вайна будзе не адзін год, таму выпрабаванні чакаюцца суровыя, трымайцеся разам, не выдавайце адзін другога немцам…
Хутка прыйшлі фашысты, у якіх адразу з’явіліся іх памагатыя — здраднікі. Паліцаі праз некаторы час арыштавалі яго бацьку: быццам бы той пашкодзіў дрот тэлефоннай сувязі. Філімона Яфімавіча трымалі пад арыштам тры дні, а затым накіравалі ў Тураў, у штаб камендатуры, дзе расстрэльвалі камуністаў і яўрэяў. Але па дарозе яму ўдалося ўцячы…
Моцная помста засела ад таго ў галаве і сэрцы Івана Сулкоўскага — учарашняга вясковага пастушка, які добра ведаў лясныя сцежкі-дарожкі. Ён стаў правадніком і сувязным партызанскага атрада “За Радзіму”, суправаджаў асобных партызан-разведчыкаў і цэлыя конныя абозы глухімі дарогамі, дзе не маглі прайсці немцы. Жылі ў лесе ў куранях, бо баяліся, што ў любы час карнікі могуць спаліць Дзяржынск. Неяк яго маці Ксенія Іванаўна вырашыла дапамагчы сыну аднесці хлеб партызанам ва ўмоўленае месца. Стаяла адліга, маці ўпала з кладкі ў ваду, захварэла запаленнем лёгкіх і памерла. А іх вёску захопнікі ўсё ж такі спалілі ў 1943 годзе…
Наступіў доўгачаканы дзень вызвалення Палесся ад нямецкай акупацыі. Гарачы ў сваіх патрыятычных памкненнях юнак ірваўся на фронт. Ды не дазволіў узрост. Дапамагаў шматдзетнай сям’і старэйшай сястры па гаспадарцы: узводзілі зруб новага хваёвага дома, нарыхтоўвалі сена, назапашвалі дровы на зіму. Каштоўнымі сялянскімі парадамі ды канкрэтнымі справамі дапамагаў бацька, які пражыў 73 гады.
У снежні 1946 года Іван Філімонавіч пабраўся шлюбам з Ефрасінняй Дзедавец з Турава, медсястрой па адукацыі. У той галодны, нішчымны пасляваенны год пра вясельнае застолле можна было толькі па-добраму памарыць. Гэта вось
толькі нядаўна, прызнаўся Іван
Філімонавіч у шчырай размове, будучы ў настальгічным настроі, напісаў ён на беларускае радыё і там выканалі яго заяўку — уключылі ў музычную перадачу песню “Вяселле” у выкананні Мусліма Магамаева. А ён пад яе мелодыю хораша, светла паўспамінаў і пасумаваў…
Тады ж, пасля вайны, закончыў сёмы клас мясцовай васьмігодкі і быў закліканы на вайсковую службу, якой аддаў тры з паловаю гады. Той час не прайшоў марна: Іван Сулкоўскі атрымаў медыцынскую адукацыю, узначальваў камсамольскую арганізацыю ў адной з часцей Прыбалтыкі і вярнуўся са службы кандыдатам у члены партыі.
— Сваю працоўную біяграфію я пачынаў у роднай вёсцы Дзяржынск на пасадзе загадчыка фермы, —успамінае Іван Сулкоўскі. — Якую, дарэчы, асабіста сам абгарадзіў. А затым мне быў аказаны гонар кіраваць Дзяржынскім сельскім Саветам. Узяўся я за гэтую новую для сябе справу з маладым запалам і вялікім энтузіязмам. Сельсавет спачатку месціўся ў простай сялянскай хаце, а затым мы пабудавалі для яго новае памяшканне. На дарогах паклалі драўляныя тратуары. За кошт самаабкладання з дапамогай вяскоўцаў па-гаспадарску абгарадзілі могілкі.
Затым малады, перспектыўны кіраўнік чатыры гады вучыўся ў Магілёўскай саўпартшколе, якая, па прызнанні Івана Філімонавіча, дала яму багаты тэарэтычны запас для далейшай практычнай дзейнасці. Працаваў сакратаром партыйнай арганізацыі ў калгасе імя Леніна, цэнтральная сядзіба якога знаходзілася ў вёсцы Знаменка. Як з цеплынёю ўспамінае сённяшні пенсіянер, шмат карыснага ён пераняў для сябе ад тагачаснага старшыні гаспадаркі светлай памяці Аляксандра Пятровіча Макушэнкі…
…У чэрвені 1962 года першы сакратар Жыткавіцкага райкама партыі Міхаіл Рабцаў і Іван Сулкоўскі ехалі на газіку некранутай палескай глухаманню ў вёску Бялёў на выбарчы калгасны сход. Машына з боем брала кожны метр балоцістай каляіны. Спадарожнікі выходзілі раз за разам, штурхаючы яе плячом.
— Лёгкага жыцця не чакай, Філімонавіч, — казаў сакратар. — Гаспадарка тут, будзь яна няладная, як і гэтая дарога — жывога месца няма. І людзі там… Так што будзь гатовы да ўсяго.
За 17 апошніх гадоў у калгасе “ІІІ Інтэрнацыянал” памянялася 13 кіраўнікоў. Адны, спалохаўшыся цяжкасцяў, самі кідалі пасаду. Другіх, наадварот, звальнялі за заняпад і без таго слабой гаспадаркі. Вось чаму ў хлебаробаў калгаса “ІІІ Інтэрнацыянал” знікла ўсякая вера ў арганізатарскія здольнасці новых старшынь. Яны не маглі паверыць у тое, што іх калгас зможа калі-небудзь выйсці з адстаючых у перадавыя.
Прайшлі гады, але і па сённяшні дзень Іван Сулкоўскі ўспамінае сваё “укараненне” ў Бялёў з тым трывожным халадком пад сэрцам, з якім, напэўна, стары салдат схамянецца раптам сярод ночы, прыпомніўшы першае баявое хрышчэнне агнём… Канечне, у маленькім вясковым клубе нічога не напамінала вайну, хаця і шумліва было ад гоману мужчын і жанчын. Сакратара Рабцава сустрэлі ветліва, як старога знаёмага. А на яго паглядзелі мімаходам, як быццам бы не ведаючы, што гэтага ладнага мужчыну прывезлі “сватаць” ім у старшыні.
Напрыканцы сходу Іван Філімонавіч папрасіў слова і сказаў, што старшынстваваць сюды ён прыехаў мінімум на 10-15 гадоў, а максімум назаўсёды.
— Пасядзі, раз прыехаў, у нас доўга не засядзішся, — раздаліся галасы з залы. — Мо як-небудзь да новага года дабудзеш…
Пасля сходу Рабцаў затрымаў руку Сулкоўскага у сваёй.
— На выпады крыўды не трымай. Бялёўцаў зразумець можна: калгас ў даўгах, як у шаўках. А народ хоча жыць па-людску. Вось і дай ім гэтую магчымасць. І нешта мне падказвае, што ў цябе атрымаецца. Ну, давай…
Работу новы старшыня распачаў з навядзення парадку і дысцыпліны ў калектыве, у цэнтры ўвагі паставіўшы матэрыяльныя стымулы заахвочвання людзей. Чалавек вясковых каранёў Сулкоўскі добра бачыў, ведаў і ўсведамляў: бялёўцы жывуць бедна, іх трэба зацікавіць у канчатковым выніку сваёй працы шчодрым рублём ды важкай натураплатай.
У жывёлагадоўлі — найбольш даходнай, грашовай галіне — пачалі з бычкоў на адкорме. Канцэнтратаў спачатку не было, і кіраўнік даў каманду ездавым скашваць як мага болей травы на досвітку, калі ў ёй багата пажыўных рэчываў, паабяцаўшы за гэта двайную аплату працы. Мужчыны ўзяліся за работу з агеньчыкам. І ўжо ў 8-9 раніцы кармушкі поўніліся сакавітай зелянінай, якая з задавальненнем паядалася жывёлай. Бычкі раслі як на дражджах. І калі яны рэалізоўваліся на мясакамбінат заліковай вагою ў 300 і болей кілаграмаў, то даглядчыца, акрамя ўсяго, яшчэ атрымоўвала па 3 рублі за кожную здадзеную галаву. Маладняк буйной рагатай жывёлы на адкорме штомесячна пераважвалі. Хутка руплівыя жанчыны пачалі ўжо атрымліваць па 5 рублёў за галаву. Пры ўмове, што сярэднездатачныя кандыцыі быкоў будуць па 400 і болей кілаграмаў. Да 1 тысячы быкоў пачалі здымаць у калгасе з адкорму сярэднездатачнай вагой 435 кілаграмаў.
Карэнную рэканструкцыю правялі і ў малочнай галіне жывёлагадоўлі, дабіліся высокай захаванасці цялят. Механізаванымі сталі такія працэсы як раздача кармоў і ўдаленне гною. Менавіта пры Сулкоўскім пачаў дзейнічаць у калгасе “ІІІ Інтэрнацыянал” і птушнік па вырошчванні бройлераў.
З першых дзён работы новы старшыня прыйшоў да вываду, што трэба абнавіць састаў праўлення, паставіць больш энергічных, сумленных працаўнікоў важакамі паляводчых брыгад. Так было ў рэшце рэшт і зроблена, хаця гэта далося няпроста, бо напачатку яшчэ адчувалася супраціўленне глухой апазіцыі, кумаўство і сватаўство…
— Рэнтабельнасць нашай сельгасвытворчасці даходзіла да 72 працэнтаў, сярэднемесячныя заробкі людзей выраслі да 150 рублёў, а потым падвоіліся, — падсумоўвае зробленае разам са сваім калектывам у калгасе сённяшні пенсіянер, паважаны ветэран працы Іван Сулкоўскі. — За час майго старшынёўства вытворчасць зерня, малака і мяса вырасла ў 11 разоў, бульбы — у 12. У 1969 годзе выдавалася яшчэ і 13-я зарплата. Так, Рыгор Марціновіч разам са сваёй жонкай атрымалі яе ў памеры 3 тысяч рублёў. Хачу адзначыць таксама, што з дапамогай нашай гаспадаркі быў выведзены першы паверх школы ў Бялёве. Мы аказвалі дапамогу ва ўзвядзенні прыбудовы школы №2 райцэнтра, мемарыяльнага комплекса воінам-бялёўцам. Пабудавана 58 лазняў, выкапана 56 калодзежаў. А яшчэ ў калгасе вырас не адзін кавалер працоўных ордэнаў і медаляў.
Усе гэтыя гады побач з Іванам Філімонавічам была яго незаменная Ефрасіння Іванаўна, разам з якой яны нарадзілі, узгадавалі і далі пуцёўку ў самастойнае жыццё чацвярым сваім дзецям. Вышэйшую адукацыю вучонага агранома атрымаў у свой час іхні сын Мікалай, які таксама паспытаў нялёгкага старшынёўскага хлеба. Розныя прафесіі асвоілі і дачушкі, якія пастаянна звоняць сваім цяпер ужо немаладым бацькам, прыязджаюць, дапамагаюць прыбрацца ў іх гарадской кватэры на чацвёртым паверсе. І тады вочы Івана Сулкоўскага па-маладому цяплеюць, на іх выступаюць светлыя слёзы. Так, у яго ёсць усе падставы лічыць сябе шчаслівым чалавекам…
Сяргей КУЛАКЕВІЧ.
Фота Анастасіі КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.