Клопатаў прыбаўляецца

У народзе кажуць: прыйшла восень, у селяніна работ восем. Менавіта па гэтай прычыне і не сціхае напружанне на грамадскіх палетках раёна.
На цяперашні час для працаўнікоў гаспадарак асноўны клопат: убраць як мага хутчэй кукурузу на сілас. Тым больш што сёлета яе пасевы займаюць немалую плошчу — больш за дзевяць тысяч дзвесце гектараў. Работы па ўборцы культуры на сілас і зялёны корм вядуць усе гаспадаркі. На пачатак верасня скошана кукурузы амаль пятнаццаць працэнтаў плошчаў, нарыхтавана паўсотні тысяч тон зялёнай масы. Кожны кукурузны гектар раёна аддзячвае вяскоўцаў 243 цэнтнерамі масы. Ёсць гаспадаркі, дзе гэты паказчык намнога большы. Так, у акцыянерных таварыствах “Тураўшчына” ён складае 339 цэнтнераў з аднаго гектара, “Прыазёрскае-Агра” — 282 цэнтнеры, камунальным сельгаспрадпрыемстве “Коленскае” — 250 цэнтнераў. Варта сказаць, што добрая ўраджайнасць каралевы палёў у параўнанні з леташнім дасць магчымасць намнога павялічыць запас кармоў на зімоўку грамадскаму статку. Хаця ўжо па некаторых яго відах сёлета аграрыі раёна пераўзыйшлі мінулагоднія вынікі і даведзеныя заданні. Так, сена маецца ў гаспадарках 13042 тон (150 працэнтаў) да планавай лічбы), сенажу — 54241 тона. Хаця ўборка кукурузы распачалася не так і даўно, але ўжо з яе закладзена пятая частка неабходнага запасу сіласу. У разліку на адну ўмоўную галаву нарыхтавана амаль па пятнаццаць цэнтнераў кармавых адзінак, што на пяць больш чым было на гэты час летась.
Прыступілі вяскоўцы і да ўборкі кукурузы на зерне. На гэтыя мэты ў гаспадарках маецца 2382 гектары каралевы палёў. Першыя намалоты паказваюць, што культура не падвядзе – з кожнага гектара сярэднераённы намалот складае 70,2 цэнтнера, ААТ “Тураўшчына” — 80 цэнтнераў з гектара і “Прыазёрскае-Агра” — 70 цэнтнераў. Гэта пакуль найлепшыя паказчыкі ўраджайнасці кукурузы па раёну. Але ёсць падставы, што яны будуць павялічвацца. Яшчэ не прыступалі да абмалоту кукурузы ў сялянскай гаспадарцы М.Шруба, дзе гэтая культура дае на круг па сто і болей цэнтнераў зерня.
Дбаюць працаўнікі вёскі і пра сяўбу азімых культур. Пачалі яе з рапсу. І хаця у параўнанні з мінулым годам плошчы пад гэтую алейную культуру павялічылі працэнтаў на дваццаць, аграрыі раёна з задачай паспяхова справіліся. Пасеяны азімы рапс на 3800 гектарах у самыя аптымальныя тэрміны. У шэрагу гаспадарак прыступілі ўжо да правядзення ахоўных мерапрыемстваў на палетках з гэтай алейнай культурай. Такі клопат, думаецца, будзе не дарэмным, і вяскоўцы ў наступным годзе атрымаюць добры ўраджай рапсу. Дарэчы, продаж алейнага насення прыносіць сельгасвытворцам неблагі даход. Таму і не дзіўна, што аграрыі раёна ў бягучым годзе не толькі выканалі заданне па продажу рапсу, але і перавыканалі яго. Пры плане рэалізацыі 2200 тон перапрацоўшчыкам з гаспадарк раёна пастаўлена 2345 тон, або 107 працэнтаў. Значна перавыканалі свае заданні па продажу рапсавага насення працаўнікі КСУПаў “Коленскае”, “Людзяневічы”, акцыянерных таварыстваў “Тураўшчына” і “Прыазёрскае –Агра”.
Нельга не адзначыць і таго, што гаспадаркі раёна заканчваюць і продаж зерня ў лік дзяржзаказу. Ён выкананы на 97 працэнтаў, на хлебную базу пастаўлена 5057 тон збажыны пры заданні 5480. І тут ёсць свае своеасаблівыя лідары. Гэта КСУПы “Коленскае”, “Чырвоны Бор” і ААТ “Тураўшчына”.
Сярод іншых задач, што стаяць у гэтыя восеньскія дні перад вяскоўцамі – падрыхтоўка і правядзенне належным чынам сяўбы азімых зерневых культур. Насення для гэтых мэт ужо назапашана дастаткова. Цяпер робіцца ўсё, каб яно легла ў добра апрацаваную і запраўленую ўгнаеннямі глебу і найперш арганікай. Запланавана пад сяўбу азімых яе ўнесці 48 тысяч тон. Зараз у гаспадарках працуюць над тым, каб як мага хутчэй вывезці гэтую колькасць угнаенняў на палі. На цяперашні час туды дастаўлена болей дваццаці тысяч тон арганікі, амаль чатыры тысячы тон ужо ўнесена ў глебу.
Безумоўна, што верасень яшчэ падкіне работы вяскоўцам. Трэба будзе не толькі сеяць, але і ўбіраць бульбу, грэчку, проса, гароднінныя культуры. Менавіта добрая арганізаванасць работ прынясе і тут нядрэнны плён. Старання ж спецыялістам і працаўнікам гаспадарак раёна не займаць, ды і матэрыяльная база дазваляе ім выконваць усе работы з належнай якасцю і ў самыя аптымальныя тэрміны.
Па матэрыялах
райсельгасхарчу
падрыхтаваў Сяргей Белка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.