Лесу – паўсядзённы клопат, людзям – увага і пашана

На сённяшні дзень у састаў лясгаса ўваходзіць 10 лясніцтваў з агульнай плошчай 101,8 тысячы гектараў, у тым ліку лесапакрытай плошчай у 83,8 тысячы гектараў, а таксама цэх перапрацоўкі драўніны. Спісачная колькасць работнікаў — 436 чалавек. Асноўнай мэтай па-ранейшаму застаецца навукова-абгрунтаванае, комплекснае выкарыстанне лясоў, іх ахова, абарона і ўзнаўленне зыходзячы з прынцыпаў адноснай раўнамернасці карыстання, павышэння іх рэсурснага патэнцыялу. Сярэдні ўзрост насаджэнняў тут — 43 гады.

У рамках выканання дзяржаўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2009-2015 гады лясгас з мэтай павышэння прадуктыўнасці лясоў штогод праводзіць лесаўзнаўленчыя работы на плошчы ад 200 да 350 гектараў. А штогод плануецца правядзенне рубак догляду ў маладняках на плошчы 745 гектараў, усяго ж на перыяд дзеяння праграмы — 5215 гектараў.
Згодна лесаўладкаванню штогод будуць праводзіцца рубкі прамежкавага карыстання на плошчы 1469 гектараў, пры гэтым плануецца нарыхтоўваць да 32,6 тысячы кубічных метраў драўніны, што дазволіць атрымаць грашовыя сродкі ў суме каля 1 мільярда рублёў. Яны будуць выкарыстаны для правядзення лесаўзнаўленчых работ, супрацьпажарных мерапрыемстваў. Доследная лесагаспадарка створана на базе Мілевіцкага лясніцтва, дзе плануецца вядзенне лесагаспадарчых і лесакультурных мерапрыемстваў з прымяненнем навуковых распрацовак і новых тэхналогій.
Лясгас мае трэці сярэдні клас пажарнай небяспекі, што з’яўляецца адносна высокім паказчыкам. Тым не менш лясная ахова заўсёды на сваім баявым пасту. Нягледзячы на сур’ёзную сітуацыю ў апошнія гады з пажаранебяспечнасцю ў рэспубліцы, лясных узгаранняў тут не было дапушчана, усе ачагі хутка лакалізаваны ўласнымі сіламі без удзелу падраздзяленняў МНС. Практычна кожнае лясніцтва мае сваю пажарна-назіральную вышку, хутка ўся тэрыторыя будзе ахоплена відэаназіраннем. Пастаянныя дзяжурствы спецыялістаў, няўхільнае выкананне правілаў пажарнай бяспекі, вялікая растлумачальная работа з насельніцтвам даюць свой жаданы плён.
На разліковых лесасеках па рубках галоўнага карыстання шырока выкарыстоўваюцца новыя тэхналогіі. Напрыклад, вальшчыкі працуюць па так званаму скандынаўскаму метаду, гэта значыць індывідуальна. Пры гэтым паляпшаецца якасць работ, а сярэднямесячны заробак у “індывідуала” ў разы вышэй. Эфектыўнасць лесанарыхтоўчых работ значна павысілася дзякуючы прымяненню спецыялізаванай шматаперацыйнай нарыхтоўчай тэхніцы і аўтамабіляў-сартыментавозаў. Так, валка лесу на рубках галоўнага і прамежкавага карыстання праводзіцца ў асноўным машынай “Харвестэр”, тралёўка – многааперацыйнай машынай “Фарвардэр Амкадор” і трактарамі “Нока”, а вывазка драўніны да пунктаў адгрузкі ажыццяўляецца ў сартыментах, і тут выкарыстоўваюцца аўтамабілі МАЗ. Да таго ж штогод сярод вальшчыкаў наладжваюцца спаборніцтвы, у якіх удзельнічаюць работнікі ўсіх лясніцтваў. Летась яно адбылося на базе Беразняцкага лясніцтва, а сёлета – Юркевіцкага.
У лясгасе праводзіцца вялікая работа па мадэрнізацыі вытворчасці: набываецца новае высокаэфектыўнае абсталяванне па лесапіленні і сушцы гатовай прадукцыі, увесь час абнаўляецца аўтамабільная і лесанарыхтоўчая тэхніка, асвоены выпуск новых відаў прадукцыі: паліўных гранул і брыкетаў. Усяго ў бягучым годзе ў асноўны капітал было прыцягнута сродкаў на суму адзін мільярд васемсот мільёнаў рублёў.
Прамысловая дзейнасць прадпрыемства прадстаўлена лесанарыхтоўкай, вывазкай і перапрацоўкай драўніны, нарыхтоўкай прадукцыі пабочнага карыстання: мёду і бярозавага соку. За 2012 год выпуск таварнай прадукцыі склаў 29752 мільёны рублёў, што ў супаставімых цэнах складае 130,2 працэнта да ўзроўню папярэдняга года. Рэалізавана таварнай прадукцыі на суму 31312 мільёнаў рублёў, атрымана 2535 мільёнаў рублёў прыбытку. А калектыў цэха перапрацоўкі драўніны заняў другое месца па выніках абласнога спаборніцтва за эканомію і рацыянальнае выкарыстанне паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў за першае паўгоддзе 2013 года. Безумоўна, мясцоваму калектыву дужа прыемна, што намаганні былі высока ацэнены менавіта ў Год беражлівасці. Наперадзе зімовы перыяд і не сакрэт, што лічыць і эканоміць давядзецца ў два разы болей.
Несумненна, высокія вынікі не з’яўляюцца самі па сабе, за імі стаяць дакладны разлік і карпатлівая работа ўсяго калектыву. Лясгас адным з першых у рэспубліцы ўключыўся ў вырашэнне актуальных задач па пошуку альтэрнатыўных крыніц энергіі і яшчэ ў 2004 годзе паспрабаваў з дапамогай адходаў асноў вытворчасці — апілак — ацяпляць асобныя памяшканні дрэваапрацоўчага цэха. З гэтай мэтай была ўведзена ў дзеянне блочна-модульная кацельня, якая забяспечвае работу сушыльнай камеры аб’ёмам загрузкі 50 кубічных метраў піламатэрыялаў. У гэты перыяд ацяпляецца і адміністрацыйнае памяшканне цэха. За 2011-2013 гады атрыманы эканамічны эфект у памеры 43 мільёны рублёў або 397 тон умоўнага паліва.
Значная мадэрнізацыя абсталявання была праведзена ў перапрацоўчым цэху. Выконваючы праграму інавацыйнага развіцця, калектыў у першым квартале 2008 года ўвёў у эксплуатацыю новую вытворчасць па прыгатаванні паліўных гранул коштам 1258 мільёнаў рублёў. Быў уведзены ў эксплуатацыю кацельна-сушыльны комплекс з блочна-модульнай кацельні і двух сушыльных камер з аб’ёмам загрузкі па 100 кубічных метраў. Працуе кацельня на апілках. З пачатку рэалізацыі праекта атрыманы эканамічны эфект у суме 560 мільёнаў рублёў.
Выконваючы дзяржаўную праграму развіцця дрэваапрацоўчых цэхаў, вясною 2009 года мясцовыя спецыялісты ўвялі ў эксплуатацыю высокапрадукцыйную лінію па вытворчасці абразных піламатэрыялаў, якую завезлі з Італіі, з аб’ёмам перапрацоўкі 24 тысячы кубічных метраў круглага лесу ў год коштам усяго абсталявання ў 4428 мільёнаў беларускіх рублёў. Да таго ж дадаткова праведзена даўкамплектацыя лініяй сартыроўкі коштам 719 мільёнаў рублёў. За 2010-2013 гады атрыманы эканамічны эфект у суме 820 мільёнаў рублёў. Дадаткова набыты і ўведзены ў строй дзеючых лінія па сушцы піламатэрыялаў з двух сушылак па 100 кубічных метраў кожная, а таксама кацельня, што працуе на адходах лесапілення, чатырохбаковы станок для выпуску больш разнастайных вырабаў з дрэва.
У 2010 годзе лясгас распачаў асваенне эканамічна выгаднай прадукцыі — паліўных брыкетаў. Было закуплена спецыяльнае драбільнае ўстройства, якое дазваляе максімальна эфектыўна выкарыстоўваць адходы лесапілення і лесанарыхтовак. З мэтай павелічэння аб’ёмаў вытворчасці ў Літве быў набыты другі станок. Увогуле кошт праекта склаў 196 мільёнаў рублёў, прадукцыйнасць — 350-400 кілаграмаў у гадзіну, тэрмін акупальнасці — 4,2 года. Інавацыйныя мерапрыемствы дапамаглі наладзіць комплексную, безадходную перапрацоўку драўніны і, галоўнае, забяспечыць выхад якаснай, канкурэнтаздольнай прадукцыі на знешні і ўнутраны рынак.
Вобразна кажучы, на п’едэстал гонару ў працоўным саперніцтве тут здолелі ўзняцца ў многім і дзякуючы высокім паказчыкам па экспарту. У першым паўгоддзі ў краіны замежжа было пастаўлена прадукцыі на суму 871,1 тысячы долараў, што склала 102,4 працэнта да плана. У другім паўгоддзі тут не збіраюцца збаўляць тэмпы і плануюць выпусціць экспартнай прадукцыі на суму 850 тысяч долараў. Паліўныя брыкеты, нарыхтоўкі, піламатэрыялы, габляваныя дошкі будуць адгружаны ў Польшчу і Латвію, Бельгію і Германію, Швецыю і Данію, Чэхію і Нідэрланды.
На шырокую нагу пастаўлена ў лясгасе і работа паляўнічай гаспадаркі.
— Мы падышлі да прафесіянальнага свята з добрымі вытворчымі падарункамі, — не хавае свайго бадзёрага, жыццярадаснага настрою намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце, старшыня прафкама Надзея Шабаева. — За шматгадовую, добрасумленную працу шэраг работнікаў атрымае заслужаныя ўзнагароды: грамату і падзяку Міністэрства лясной гаспадаркі — бухгалтар Наталля Ярмоліч, ляснічыя Хвойкаўскага і Бялоўскага лясніцтва Аляксандр Жураўлевіч і Віктар Прылуцкі, грамату і падзяку Гомельскага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання — ляснік Людзяневіцкага лясніцтва Уладзімір Радчэня, вадзіцель цэха Валерый Дзехцярэнка, вадзіцель лясгаса Віктар Дашук. Ад імя адміністрацыі і прафсаюзнага камітэта хачу выказаць вялікую падзяку ўсім за працу і павіншаваць са святам калектыў лясгаса, ветэранаў працы, усіх пенсіянераў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, пажадаць усім моцнага здароўя, выканання планаў, міру і дабра кожнаму дому.
Сяргей ВІЛЬЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.