Родная мова. Кропка. Беларуская

Дзень беларускага пісьменства праводзіцца штогод у першую нядзелю верасня. Гэтае наша нацыянальнае свята прадугледжвае дэманстрацыю адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй беларускага народа, яго цеснай сувязі са славянскімі вытокамі, а таксама асэнсаванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі. Бо менавіта ў кнігах, у прыгожым пісьменстве, у словах паэтаў і філосафаў адлюстроўваецца гісторыя народа, яго слаўныя справы. Пра гэта напярэдадні Дня пісьменства мы гутарым з метадыстам Жыткавіцкай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы В. Ляўковіч.

— Вераніка Пятроўна, давайце крыху паглыбімся ў гісторыю гэтага свята і скажам, чым яно будзе адметным для нас сёлета?
— Беларускае пісьменства мае даўнія і багатыя традыцыі. Аснову яго заклалі браты Кірыл і Мефодзій. Створанае імі славянскае пісьменства паказала чалавецтву новую магутную культуру, якая ні ў чым не саступала старажытным візатыйскай і рымскай культурам. Гэтае свята – даніна глыбокай павагі вялікім беларускім асветнікам Ефрасінні Полацкай, Кірылу Тураўскаму, Францыску Скарыне, Сымону Буднаму, Васілю Цяпінскаму і іншым. Вызваляючы ад забыцця славутыя імёны беларускіх асветнікаў, усё жыццё якіх было прыкладам служэння Слову, свята беларускага пісьменства ва ўстановах культуры адыгрывае ролю важнага фактара ідэйна-духоўнага і грамадзянска-патрыятычнага выхавання, а таксама выхавання нацыянальнай самасвядомасці дзяцей і вучнёўскай моладзі.
Дваццаты рэспубліканскі фестываль друкаванага слова і культуры сёлета пройдзе ў старажытным горадзе Быхаве Магілёўскай вобласці. І ён у якасці сталіцы Дня беларускага пісьменства быў прапанаваны не выпадкова. Менавіта з гэтай зямлёй звязана гісторыя стварэння аднаго з самых значных помнікаў беларускага летапісання пачатку 17 стагоддзя – Баркулабаўскага летапісу. Ён храналагічна ахоплівае перыяд з 1545 па 1608 гады, у ім змешчаны ўнікальныя звесткі аб гісторыі ўсходняй Беларусі, інфармацыя аб гістарычных асобах. Найбольшую каштоўнасць у Баркулабаўскім летапісу ўяўляюць сабой звесткі пра паўсядзённае жыццё простых людзей Беларусі.
Тут, на Быхаўшчыне, доўгі час жылі і працавалі Мялецій Сматрыцкі і Лаўрэнцій Зізаній – вядомыя вучоныя, царкоўныя і грамадскія дзеячы 17 стагоддзя. “Граматыка” Сматрыцкага і “Азбука” Зізанія мелі вялікае значэнне для развіцця славянскіх моў, а іх паяўленне стала знакавай падзеяй у духоўным і культурным жыцці Беларусі таго часу. З зямлёй Быхаўшчыны звязана жыццё і творчасць многіх вядомых пісьменнікаў, паэтаў і літаратуразнаўцаў.
На тэрыторыі горада Быхава і раёна размешчан шэраг гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Сярод іх Быхаўскі замак, які з’яўляецца помнікам архітэктуры 17 стагоддзя, сінагога, Грудзінаўскі палацава-паркавы ансамбль, Свята-Узнясенскі жаночы манастыр у аграгарадку Баркалабава. З апошнім аб’ектам звязана гісторыя адной з самых шануемых праваслаўем святыняў – цудатворнай іконы Божай Маці Баркалабаўскай.
Цэнтральнай падзеяй Дня пісьменства ў Быхаве павінна стаць устаноўка манументальна-скульптурнай кампазіцыі. У яе аснову павінны быць пакладзены знакавыя элементы з гісторыі духоўнага і культурнага жыцця быхаўскага краю: Баркулабаўскі летапіс — унікальны мастацкі твор, цудоўны помнік беларускага пісьменства 17 стагоддзя; Мялецій Сматрыцкі і яго “Граматыка”, якая на працягу 150 гадоў з’яўлялася лепшым дапаможнікам для вывучэння славянскай мовы, а Міхаіл Ламаносаў назваў яе “вратами своей учёности”; Лаўрэнцій Зізаній і яго “Азбука”, якая шырока выкарыстоўвалася ў брацкіх школах Беларусі, Украіны і Літвы.
— Традыцыйна галоўная роля на гэтым свяце належыць кнізе…
— Абсалютна правільна, таму яно не абыдзе бокам бібліятэкі Жыткаўшчыны. Літаральна з 1 верасня возьме свой старт тыдзень беларускага пісьменства “Вытокі кніжнага сусвету”, у рамках якога будуць праходзіць наступныя мерапрыемствы. У цэнтральнай бібліятэцы пройдуць выстава-прагляд “Дзень пісьменства – для ўсіх беларусаў”, парад кніжных навінак “Адзінства і разнастайнасць беларускай літаратуры”, гутарка ля выставы “Апавяданне па-беларуску”, парад краязнаўчых ведаў “Я кожную хвіліну беларус”.
У Тураўскай гарадской бібліятэцы адбудуцца ўрок гісторыі “Гісторыя слова адродзіць”, гутарка “Шляхам пісьменства па гарадах Беларусі”, экскурсія да помніка Кірылы Тураўскага “Помнім, ганарымся, ушаноўваем”, гадзіна гісторыі “Постаці Тураўскай зямлі”.
У вясковых бібліятэках гэта гістарычная гадзіна “Вялікія стваральнікі пісьменства” (Кажановіцкая сельская бібліятэка), “Толькі слову жыццё дадзена” (Дзякавіцкая сельская бібліятэка), літаратурная гадзіна, прысвечаная Ефрасінні Полацкай, пад назвай “Беларуская кніга як нацыянальная адметнасць” (Перароўская сельская бібліятэка”, гутарка-агляд “З вытокаў беларускага кнігадрукавання” (Марохараўская сельская бібліятэка), “Вандроўка ў родную мову” (Чырвоненская сельская бібліятэка), інфармацыйная гадзіна “Кнігі — караблі думкі” (Пагосцкая сельская бібліятэка), тэматычная кампазіцыя “Вытокі пісьменства” (Дуброўская сельская бібліятэка), свята роднага слова “Мова Скарыны, Купалы, ты не прапала ў вяках” (гарадская бібліятэка мікрараёна Азёрны), літаратурны міні-праект “Спрадвечная любоў да слова роднага” (Верасніцкая сельская бібліятэка), гістарычная гадзіна-партрэт “З кагорты тытанаў — асветнікаў” (Запясоцкая сельская бібліятэка) і г.д.
— Скажыце, Вераніка Пятроўна, а чым вы парадуеце сваіх юных чытачоў?
Гэта літаратурныя, літаратурна-музычныя і мастацкія конкурсы “Любімы герой кнігі”, “Кніга – мой спадарожнік, мой сябра”, “Новыя ілюстрацыі да старых, любімых кніг”, “Глядзі, што мы чыталі!”, “Мой любімы пісьменнік”, “Кніга ў маім жыцці”, “Кніга-рэліквія маёй сям’і”, чытацкія канферэнцыі “Чытаем беларускую кнігу”, “Я і кніга” і іншыя. Нашы калегі з дзіцячага філіяла горада Жыткавічы, Беразінскай сельскай бібліятэкі, гарадской бібліятэкі №60, Мілевіцкай сельскай бібліятэкі, Тураўскай дзіцячай бібліятэкі таксама падрыхтавалі такія мерапрыемствы як свята беларускай кнігі “Вечныя каштоўнасці і модныя аўтары”, “Газеты Беларусі: люстэрка дзён і падзей”, віктарына “Невядомы Скарына”, падарожжа “Рукапісныя помнікі”, дзень перыёдыкі “Прывітанне, маленькі чытач!”, урок гісторыі “З павагай да роднай мовы” і г.д. Ва ўсіх бібліятэках раёна будуць арганізаваны кніжныя выставы.
Правядзенне розных мерапрыемстваў у рамках святкавання Дня беларускага пісьменства накіравана на актыўны ўдзел у ім усяго насельніцтва. Чытачам прадстаўляецца цудоўная магчымасць яшчэ раз звярнуцца да сваіх любімых кніг і твораў, праявіць сваю творчасць, бліжэй пазнаёміцца з работай і магчымасцямі той ці іншай бібліятэкі. Галоўная задача заключаецца ў адраджэнні любові маладога пакалення да літаратуры, што дае магчымасць задумацца пра вечныя жыццё ваважныя каштоўнасці. Гэтыя мерапрыемствы павінны стаць імпульсам для ўсёй ідэалагічнай і выхаваўчай работы, накіраванай на фарміраванне грамадзянска-патрыятычных і ідэйна-духоўных якасцей асобы, заснаваных на дзяржаўных і агульначалавечых каштоўнасцях, паважлівых адносінах да нацыянальнай культуры, гістарычных традыцый беларускага народа.
Інтэрв’ю ўзяў Сяргей КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.