Асвяцілі касцёл у Жыткавічах

444Спрадвеку склалася так, што на тэрыторыі нашай Белай Русі панавала рэлігійная верацярпімасць. У адным горадзе маглі суседнічаць праваслаўная царква і касцёл, яўрэйская сінагога і мусульманская мячэць. Беларусь, у адрозненне ад краін Захаду, не памятае рэлігійных войнаў, хаця канфліктаў на гэтай глебе пазбегнуць было цяжка…
У цэлым менталітэт братоў-беларусаў застаўся ранейшым, яны — памяркоўныя і добразычлівыя, аб чым яскрава сведчыць, напрыклад, узвядзенне па суседству ў мікрараёне Азёрны нашага райцэнтра праваслаўнай царквы і каталіцкага касцёла. Царква яшчэ рыхтуецца да свайго адкрыцця, а вось у сцены храма вернікаў каталіцкага веравызнання ў мінулую нядзелю прыйшло доўгачаканае свята — асвячэнне касцёла.
Рэлігійны абрад надання святасці новаму храму, які распачаўся ў 15 гадзін і доўжыўся не меней трох гадзін, сабраў нямала вернікаў, запрошаных шаноўных гасцей і проста цікаўных людзей. У палескай глыбінцы, дзе пераважае праваслаўная вера, адкрыццё каталіцкага храма — рэдкая з’ява, таму ўпаўне зразумелая цікавасць людзей да такой немалаважнай падзеі.
Ключ ад новага касцёла пробашчу Вінцэнту Віталісу Мышону, які будзе стаяць на чале мясцовай парафіі, перадаў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі ксёндз Казімір Велікаселец. Ён жа ў далейшым, пасля абрадавых мерапрыемстваў, і асвяціў сцены касцёла святога Юзафа. Акрамя беларускай і польскай моў, гучала і нямецкая, бо дзякуючы супрацоўніцтву з нямецкім дабрачынным таварыствам “Дзеці з Жыткавіч — дапамога пасля Чарнобыля” і было завершана будаўніцтва касцёла ў Жыткавічах. Таму на цырымоніі адкрыцця прысутнічалі члены праўлення, удзельнікі канвоя, якія ў свой час даставілі сюды царкоўныя рэчы, мэблю, будаўнічыя матэрыялы. Вернікі шчыра маліліся, выконвалі песнаспевы пад магутныя гукі арганнай музыкі.
— Наш касцёл быў адкрыты дзякуючы волі Бога, дзейснай дапамозе нашых братоў па веры з Польшчы і Германіі, — сказаў нам пасля асвячэння храма ксёндз Вінцэнт Мышона. — Запрашаем усіх на богаслужэнне ў кожную нядзелю.
Сяргей ВЕЧАРОВЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.