Карысць літаратурнага вечара

429Бібліятэка – гэта месца, дзе можна не толькі атрымаць шмат карыснай інфармацыі з кнігі, але і адпачыць на розных масавых мерапрыемствах.
Вось і ў нашай Верасніцкай сельскай бібліятэцы прайшло чарговае мерапрыемства пад назвай “Творцы і таленты”. На літаратурным вечары мы дазналіся пра лёс аўтараў, якія непасрэдна звязаны з Гомельшчынай. Так, бібліятэкар пазнаёміў нас з творчымі шляхамі У. Гаўрыловіча, В. Ткачова, М. Старчанкі і інш. Менавіта гэтых людзей можна назваць сапраўднымі патрыётамі. Таму што, прачытаўшы некалькі іх твораў, мы былі здзіўлены апяваннем прыгажосці свайго краю. Колькі грэючых сэрца слоў было напісана імі ў адрас сваіх родных куточкаў! Асаблівую ўвагу бібліятэкар надаў біяграфіі і творчасці нашага земляка, ураджэнца Жыткавіцкага раёна Уладзіміра Гаўрыловіча. Мне і аднавяскоўцам вельмі спадабалася тое, што ў аповесцях Уладзіміра Мікалаевіча часцей за ўсё галоўным героем выступае просты чалавек, які надзелены рысамі сапраўднага беларуса. Менавіта такія творы ў мяне выклікаюць захапленне.
Мне здаецца, што ведаць таленавітых людзей роднага краю – гэта абавязак кожнага з нас. Шанаваць клапатлівую працу землякоў мы павінны добрымі размовамі аб іх. Я лічу, што такія мерапрыемствы, якія праходзяць у бібліятэцы, будуць патрэбныя ў любыя часы. Бо менавіта дзякуючы такім цёплым, вячэрнім размовам сучасныя маладыя людзі будуць імкнуцца берагчы інфармацыю аб земляках і іх творчых шляхах.
Змяняюцца часы, з’яўляюцца новыя тэхналогіі, але надзея, што напісанае намі і нашымі продкамі спатрэбіцца, заўсёды застаецца. Што ад усяго напісанага застанецца след і што пра кнігу будуць ісці і ісці сюды, у бібліятэку. У першую чаргу будуць ісці дзеці.
Л. БЯРДЫЧАВЕЦ,
вучаніца Верасніцкай
сярэдняй школы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.