Маэстра мастацкага слова

443Яшчэ напрыканцы мінулага стагоддзя рэдакцыі раённых газет мелі магчымасць абменьвацца сваімі выданнямі для пераймання вопыту. І паколькі я родам з Жыткаўшчыны, супрацоўнічаў з раёнкай яшчэ школьнікам, а затым некаторы час і працаваў у ёй з новай назвай “Новае Палессе”, то ў ліку іншых і выпісаў газету землякоў. І якраз у гэты час, а дакладней, у 1997 годзе, і ўзначаліў “Новае Палессе” мне невядомы рэдактар Уладзімір Мікалаевіч Гаўрыловіч.
Ды перш чым я сустрэўся з ім у Гомелі на нарадзе, пазнаёміўся з яго апавяданнямі ў раёнцы. Раз, другі, трэці прачытаўшы іх, кажу сваёй жонцы Раісе Іванаўне:
— Ой, загудзе, загудзе Палессе! Гэта ж на змену Івану Мележу ідзе такі таленавіты пісьменнік!
Адкрыў, заўважыў у педагога ад Бога дадзены талент ранейшы старшыня райвыканкама Аляксей Сцепаненка. І я, і другія ўдзячны яму на гэта. Як і ўдзячны чытачы на ўсёй Белай Русі. Ім добра вядома імя пісьменніка Уладзіміра Гаўрыловіча.
Знаёмы ён чытачам Расіі і Украіны.
А я радаваўся і радуюся яго разнастайнаму таленту, яго высокамастацкім творам, яго арганізатарскай дзейнасці і яго здольнасці знайсці падыход да кожнага творца слова, падтрымаць маладых літаратараў. І, вядома, рады кожнай новай сустрэчы з Уладзімірам Мікалаевічам. А сёння хачу і вам расказаць пра лепшага нашага літаратара вобласці, пазнаёміць з яго творамі.
Нарадзіўся Уладзімір Мікалаевіч 30 жніўня 1967 года ў вёсцы Вятчын Жыткавіцкага раёна. Закончыў філалагічны факультэт, аддзяленне журналістыкі факультэта грамадскіх прафесій Мінскага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага. Працаваў настаўнікам беларускй мовы і літаратуры Вятчынскай сярэдняй школы, дырэктарам Бялёўскай школы і намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Жыткавіцкай сярэдняй школы №2.
Як на пачатку я адзначаў, Гаўрыловіч узначаліў калектыў жыткавіцкай раённай газеты “Новае Палессе” у 1997 годзе. А ўжо ў снежні 2005 года быў абраны старшынёй Гомельскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. Выдатнік друку Беларусі. Нядаўна пераехаў у Гомель.
За выдатныя творы мае шмат ганаровых адзнак. Лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя Івана Мележа, літаратурнага конкурсу Саюза пісьменнікаў Беларусі і газеты “Звязда”, абласнога літаратурнага конкурсу імя асветніка Кірылы Тураўскага, пераможца рэспубліканскага літаратурнага конкурсу на лепшы твор у галіне прозы за кнігу “Плата за каханне”. І яшчэ. Лаўрэат расійскай літаратурнай прэміі памяці паэта Мікалая Мельнікава, міжнароднай прэміі Баяна і лаўрэат абласных публіцыстычных конкурсаў.
А зараз пра тое, што напісаў Уладзімір Гаўрыловіч. Нагадваю, ён аўтар кніг: “Споднія яблыкі”, “Дзе над горадам лунаюць буслы”, “Забранае шчасце”, “Глыбокія карані”, “На варце днём і ноччу”, “На мяжы”, “Плата за каханне”, “Крокі па роднай зямлі”, “Адкрый сваё сэрца”, “Запах чаромхі”, “Запрашэнне”, “Вяртанне”. Заўважу, што кніга “Запрашэнне” надрукавана ў Швейцарыі ў 2007 годзе. А ў 2010 годзе выйшлі ў друк два тамы выбраных твораў Гаўрыловіча: раманы, аповесці, апавяданні, п’есы і публіцыстыка. А апошнім часам выдадзены і два тамы выбраных твораў.
Творы празаіка займальныя, арыгінальныя і напісаныя з пазіцыі сучаснасці.
Уладзімір Гаўрыловіч часта друкуецца ў часопісах “Маладосць”, “Нёман”, “Полымя” і “Беларуская думка”, у перыядычным друку Расіі і Украіны. То як пра такога Маэстра мастацкага слова не ўзгадаць, не парадавацца за яго. Новых твораў, новых літаратурных вяршынь!
В. ЛОЎГАЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.