Пры добрай арганізацыі распачаўся зімова-стойлавы перыяд на фермах КСУПа “Бялёў”.

440На малочнатаварнай ферме “Возера” было шматлюдна. Аператары машыннага даення, спецыялісты праводзілі ў памяшканнях генеральную ўборку: мылі трубы малакаправода, даільнае абсталяванне, прыбіралі ў стойлах. Усё гэта рабілася хутка і зладжана, каб паспець да вяртання кароў.
— На цяперашні час грамадская жывёла выганяецца толькі на трохгадзінныя прагулкі, — расказвае дырэктар гаспадаркі Уладзімір Ачапоўскі. — У сельгаспрадпрыемстве зроблена ўсё, каб зімоўка на фермах прайшла паспяхова.
І гэта так, бо да яе пачалі рыхтавацца яшчэ з лета. Найперш была нададзена пільная ўвага рамонту памяшканняў, з якой справіліся да надыходу восені. На гэтыя работы было выдаткавана больш за дзвесце пяцьдзясят мільёнаў рублёў. Плён працы бачны паўсюдна. На некалькіх памяшканнях ферм перакрыты дахі, яны пабелены. Практычна завершана рэканструкцыя цялятніка на бялёўскай ферме. Дарэчы, у гэтыя дні тут адбылося яшчэ адно новаўвядзенне ў вытворчасць малака. Запушчана ў эксплуатацыю даільная зала, што намнога аблегчыла працу мясцовых жывёлаводаў.
Хапае ў гаспадарцы і запасаў корму. Ужо зараз статак атрымлівае паўнацэнныя кармавыя сумесі з кукурузнага сіласу, сенажу, саломы і канцэнтратаў.
— Сёлета мы назапасілі значна болей кармоў, — гаворыць Уладзімір Уладзіміравіч. — Калі летась на гэты час у разліку на адну ўмоўную галаву было па 35 цэнтнераў кармавых адзінак, то ужо зараз маем амаль 39. І нарыхтоўка кармоў яшчэ вядзецца. Убіраем на сілас і зерне кукурузу. Таму ёсць спадзяванне, што зімой будзем прыбаўляць па надоях.
Бясспрэчна, што пры такой належнай падрыхтоўцы да зімова-стойлавага ўтрымання грамадскага статка, як гэта ўдалося зрабіць у КСУПе “Бялёў”, мясцовым працаўнікам толькі і застаецца пераўтварыць у жыццё спадзяванні свайго кіраўніка на вялікае малако. Як яго здабываць, жывёлаводам гаспадаркі падказваць не патрэбна, яны маюць дастаткова спрактыкаванасці і прафесіяналізму.
Падрыхтаваў
Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.