У “Сватоў” свята

DSCN0942У гэтую нядзелю народны ансамбль народнай песні “Сваты” адзначыць сваё дваццацігоддзе творчай дзейнасці. На юбілей самадзейны калектыў, як гэта і прынята ў артыстаў, парадуе жыткаўчан і гасцей горада вялікай канцэртнай праграмай, якая адбудзецца 20 кастрычніка а 15 гадзіне ў гарадской школе мастацтваў імя Уладзіміра Будніка.
Год нараджэння ансамбля 1993. Менавіта тады пры раённым цэнтры фальклору і быў створаны гэты самабытны і таленавіты калектыў. З самага пачатку яго ўдзельнікі ўзялі высокую планку ў песенным выканальніцкім майстэрстве. Таму і не дзіўна, што ўжо праз два гады “Сватам” прысвоена ганаровае званне “народны”.
Дваццацігадовы перыяд для калектыва быў вельмі плённым, аб чым сведчыць вялікае мноства канцэртаў, якія далі самадзейныя артысты на сцэнах розных населеных пунктаў нашага раёна і іншых рэгіёнаў краіны. Гарачыя апладысменты жыхароў Столінскага, Лельчыцкага, Петрыкаўскага і іншых раёнаў, а таксама гамяльчан і мінчан пасля кожнага выступлення народнага калектыва з Жыткавіч служылі найяскравейшым прызнаннем таленавітасці і прафесіяналізму яго артыстаў. Ансамбль прымаў удзел у здымках тэлепраграмы “Спявай, душа”, гастраляваў з дабрачыннымі канцэртамі ў Германіі, быў удзельнікам першага рэспубліканскага фестывалю-ярмаркі працаўнікоў вёскі “Дажынкі” ў Століне. Дарылі свае песні ўдзельнікі “Сватоў” і лепшым хлебаробам краіны на “Дажынках”, якія ладзіліся ў Мазыры. Прыгожы спеў самадзейнага калектыва годна ацанілі і на свяце беларускага пісьменства ў Тураве. А на першым фестывалі “Покліч Палесся”, які праходзіў у Ляскавічах, народны ансамбль “Сваты” стаў дыпламантам. Убачылі яго ўдзельнікаў і на другім фестывалі “Покліч Палесся”.
Штогод расло прафесійнае майстэрства ансамбля, шырыўся яго рэпертуар. Нязменным тут заставалася толькі адно: калектыў заўсёды рабіў у сваёй творчасці акцэнт на народную песню.
Ішлі гады, мяняліся ў ансамблі яго ўдзельнікі, але ўвесь час творчай дзейнасці “Сватоў” натхняльнікам на новыя дасягненні і кіраўніком быў і застаецца Васіль Каралец. Ад свайго бацькі ён пераняў майстэрства ігры на гармоніку. У 1985 годзе скончыў Верасніцкую музычную школу па класу баяна. Васілю Іванавічу пашчасціла займацца ў таленавітага педагога, які таксама вельмі любіў народную песню, Віктара Калоські. Потым была вучоба ў Мінскім інстытуце культуры па спецыяльнасці “культурна-асветніцкая работа, рэжысура масавых святаў і абрадаў”. Таму і невыпадкова, што Васіль Каралец імкнецца, каб кожны канцэрт народнага ансамбля “Сваты” з’яўляўся сапраўдным песенным святам. І ў гэтым ён знаходзіць усебаковую падтрымку і дапамогу ва ўсіх удзельнікаў калектыва, якіх кіраўнік вельмі любіць і паважае.
Прыгожае шматгалоссе кожнага ўдзельніка калектыва ў сукупнасці стварае непаўторную спеўную палітру, якая зачароўвае душы і бярэ ў палон сэрцы гледачоў, што яшчэ раз падкрэслівае таленавітасць Вольгі Бабашка, Аляксандра Варановіча, Любові Варановіч, Мікалая Варановіча, Уладзіміра Ярэміча, Валянціны Жыліч, Валянціны Марціноўскай, Андрэя Мамайкі, Кацярыны Міхнавец, Раісы Маркевіч, Марыі Нікановіч, Дзмітрыя Пяшэвіча, Надзеі Рамановіч, Аляксандра Санца, якіх і аб’ядноўвае народны ансамбль народнай песні “Сваты”.
Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.