Запрашае восеньскі кірмаш

433Сельскагаспадарчыя кірмашы ўжо даўно сталі на нашай Жыткаўшчыне традыцыйнымі. І было заведзена ў нашым раёне праводзіць іх восенню, калі сабраны ўвесь ураджай. Да іх старанна рыхтуюцца: адны — каб больш прадаць, другія — каб танней купіць. Гэта добра — хай людзі запасуцца на зіму тым, што не ўрадзіла на ўласных палетках.

Мінулая субота, 8 гадзін раніцы. Цэнтральная плошча горада Жыткавічы. Шэрыя хмары, здаецца, разганяе меладычная музыка, якая гучыць тут. Холадна. Не даюць змерзнуць сабе толькі жвавыя бабулі, якія бегаюць туды-сюды са сваімі вялікімі торбамі! На прылаўках — толькі натуральныя прадукты з усіх куткоў раёна. У самым сваім разгары кірмаш па продажу прадукцыі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, рыбных і фермерскіх гаспадарак і індывідуальных прадпрымальнікаў.
І чаго тут толькі няма: салодкі перац, бульба, морква, цыбуля, капуста, пшаніца, ячмень, авёс, трыцікале, яблыкі і іншае. Раённае спажывецкае таварыства арганізавала продаж яек, бройлерных куранят па акцыі. Тураўскі кансервавы камбінат прапаноўваў зялёны гарошак, кукурузу цукровую, кетчуп «Нёман», соус таматны «Мінскі», нектар маркоўны, фасолю натуральную, сок бярозавы, сатэ агародніннае са свежай капусты, павідла яблычнае і іншае. Хлебная база, акрамя штодня спажываемых прадуктаў, выставіла на продаж шырокі асартымент камбікорму, гароху, проса і іншыя тавары па даступных цэнах. А рыбгас «Чырвоная Зорка» арганізаваў продаж жывой рыбы, сярод якой былі карп адборны, карп сярэдні і карась.
Акрамя таго, прадаваліся куры, кошыкі. А камбінат бытавога абслугоўвання прапаноўваў разнастайныя рэчы ўсім, хто прыйшоў на гэты кірмаш. Тыя ж, хто паспеў прагаладацца за час выбару прадуктаў і нарыхтовак на зіму, падыходзілі да гандлёвых палатак РайСТа. Тут у продажы — розныя піражкі, піцы, шашлыкі і іншыя прадукты харчавання.
Добры гандль ішоў і там, дзе знаходзіліся аўтамабілі сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак «Буйко А. В.», «Шупеніча Віталя», а таксама КСУП «Людзяневічы», «Бялёў», «Коленскае», ААТ «Тураўшчына», індывідуальных прадпрымальнікаў і проста прыватных асоб.
Тавары разыходзіліся на вачах… Ну і вядома ж, не кожны прыехаў на ўласным аўтамабілі або ровары, а каб забраць некалькі мяшкоў той ці іншай прадукцыі, патрэбен транспарт. Менавіта па гэтай прычыне Жыткавіцкае раённае спажывецкае таварыства арганізавала бюро транспартных паслуг па дастаўцы прадукцыі пакупнікам дадому.
У цэлым жа, за дзень гандлю выручка склала 38 мільёнаў рублёў. Лідарамі продажу сталі ААТ «Тураўшчына», якая атрымала прыбытак у 14 мільёнаў рублёў, 6 мільёнаў — КСУП «Людзяневічы», на больш як 4 з паловай мільёнаў нагандлявала КСУП «Коленскае».
Ну што ж, пачатак зроблены ўдалы. Восеньскія кірмашы, дарэчы, пройдуць яшчэ на працягу ўсяго кастрычніка: кожную суботу запар.
Анастасія Кулакевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.