Майстэрства пацвярджаюць прывагі

Ніну Лявонцьеўну Таненю ведаюць у КСУПе “Людзяневічы” як чалавека працавітага і стараннага. Таму ў калектыве гаспадаркі вельмі парадаваліся за жывёлавода, якому ў пачатку бягучага месяца ўручылі медаль “За працоўныя заслугі”.
У яе жыцці было два выпадкі, якія карэнным чынам паўплывалі на ўвесь далейшы лёс. Першы раз гэта здарылася, калі Танені ўсёй сям’ёй пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі з абжытага рыбгаса “Белае” пераехалі ў Стаўрапольскі край. Другая важная перамена ў лёсе жанчыны надарылася ўжо там, калі яна памяняла прафесію прадаўца і перайшла працаваць аператарам машыннага даення на мясцовую ферму.
— Гаспадарка ў нас была ўзорная, — расказвае Ніна Лявонцьеўна, — адпаведна і патрабаванні да аператараў машыннага даення прад’яўляліся вельмі высокія. Але старалася дасканала асвоіць гэтую нялёгкую прафесію. Дапамагла ўласцівая беларусу цягавітасць. У хуткім часе справы пачалі ладзіцца. З адной са сваіх кароў, якая ў дзень давала пяцьдзясят кілаграмаў малака, удзельнічала ў выставе дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве.
Жыццё на чужыне хоць і было заможным, але цягнула на сваю малую радзіму. Танені вярнуліся назад у рыбгас. Цяжкасцей хапала: жыллё здымалі, працавала рознарабочай, што таксама не вельмі задавальняла жанчыну.
— Вельмі ўзрадаваліся, калі майму мужу дырэктар КСУПа “Людзяневічы” прапанаваў уладкавацца да яго ў гаспадарку трактарыстам, — расказвае Ніна Лявонцьеўна. — Вызначальным было і тое, што сельгаспрадпрыемства выдзяляла новае добраўпарадкаванае жыллё. Таму пераехалі неадкладна. Муж стаў механізатарам, а мяне ветэрынарны ўрач папрасіў ісці даглядаць цялят. Вось так і апынуліся ў КСУПе.
Умовы на людзяневіцкай ферме на той час былі не з самых лепшых. Многае даглядчыкам прыходзілася рабіць уручную. Але ўжо тады ў Танені выпрацавалася жалезнае правіла: яна ні пры якіх умовах не пакідала сваіх гадаванцаў, пакуль не пераканаецца, што цяляткі накормлены і падасланы.
— Лічу, каб мець высокія прывагі на вырошчванні маленькіх цялятак, за імі патрэбны догляд, нібы за дзецьмі, а яшчэ — каб кармоў добрых было ў дастатку, — расказвае Ніна Лявонцьеўна. — Таму маладнячку і корм патрэбна своечасова даць, і падаслаць, а самае галоўнае — да кожнага цялятка з ласкай падыходзіць. Тады і вынік будзе толькі станоўчы.
У сваёй дзейнасці жывёлавод гэтым прынцыпам кіруецца ўжо не адно дзесяцігоддзе. Таму і аддзячваюць жанчыну яе гадаванцы высокімі прывагамі. Былі перыяды, калі сярэднясутачныя прывагі па замацаванай за Таненяй групе сягалі вышэй кілаграма, але меней за дзевяцьсот грамаў яны не апускаюцца ніколі. Хаця даглядае зараз жанчына амаль паўтары сотні цялятак. Дарэчы, яе перавялі на новы малочнатаварны комплекс гаспадаркі, умовы працы для аператара па вырошчванні маладняку значна палепшыліся.
Жыццё ў Ніны Танені, як лічыць яна, склалася нядрэнна. Радуюць жанчыну свае працоўныя дасягненні і тая пашана, якую атрымлівае за іх, а таксама дзеці і ўнукі. Усё ж шчасце жаночае найперш у тым, каб усё было добра ў сям’і, а яна, па словах Ніны Лявонцьеўны, аснова ўсіх іншых чалавечых дасягненняў.
Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.