І бізуном, і пернікам дзейнічае адміністрацыйная камісія Жыткавіцкага райвыканкама

500Маладая жанчына ледзь стрымлівала сябе, каб не расплакацца. Раз за разам яна прыкладвала хусцінку да вачэй, каб выцерці слёзы, пакуль расказвала ў якую нядобрую сітуацыю трапіла.

Жанчына працуе прадаўцом у адной з камерцыйных крам райцэнтра. Сталася так, што страціла пільнасць, не засумнявалася, каму прадае спіртное. Пакупніком аказаўся непаўналетні. Свае ж слёзы раскаяння яна пралівала перад членамі адміністрацыйнай камісіі райвыканкама, якія па доўгу службы павінны былі прызначыць прадаўцу пакаранне.

Яно ж, як аказалася, за такі праступак немаленькае, мінімальны штраф гандлёваму работніку пацягнуў аж на дваццаць базавых велічыць або на 2,6 мільёна рублёў. Безумоўна, жанчыне было вельмі прыкра і крыўдна: толькі ўладкавалася на працу, мае некалькіх дзяцей, таму грошы, што давядзецца выплаціць у дзяржаўную казну, былі б зусім нялішнімі ў сямейным бюджэце.Але закон на тое і закон, што адказваць за свае непрывабныя ўчынкі даводзіцца па ўсёй строгасці. Толькі з паўдзясятка спраў было разгледжана на апошнім пасяджэнні адміністрацыйнай камісіі.

Трапляюць на іх грамадзяне па розных прычынах. Даволі часта за парушэнне правілаў добраўпарадкавання. На гэты раз такіх спраў была амаль палова з агульнай колькасці. Напрыклад, на вельмі вядомага ў нашым горадзе чалавека адміністрацыйны пратакол прыйшоў у камісію аж з Лельчыцкага раёна. Як выходзіла са справы, неналежна грамадзянін ўтрымлівае ў парадку сядзібу сваіх бацькоў: там ужо і агароджы пападалі, і дрэвы даўно не абразалі і пустазелле ніхто не косіць, і смецце не прыбіраецца. На папярэджванне кіраўніцтва сельсавета з суседняга раёна жыткаўчанін не адрэагаваў, таму і быў выкліканы на адміністрацыйную камісію.

Было добра відаць, як няёмка адчуваў мужчына, пакуль разглядалася яго справа. Разам з тым, гэтая мера ўздзеяння яскрава паказала, як аператыўна можна вырашаць узнікшыя праблемы: грамадзянін і ў Савет паспеў патэлефанаваць, каб дамовіцца з яго старшынёй аб тэрмінах выпраўлення хібаў. Прычым большасць з іх абяцаў ліквідаваць у бліжэйшы час.

На жаль, не ўсе адносяцца з такім разуменнем да справядлівых нараканняў за свае парушэнні. Такія, так бы мовіць, «канцэрты» учыняюць, што толькі трымайся. Гэтак сталася і з жыткаўчанінам І. Пасяджэнне адміністрацыйнай камісіі па яго справе ператварылася ў сапраўднае судовае разбірацельства з прыцягненнем сведкаў. Бо не хацеў прызнавацца мужчына ў тым парушэнні, што ўчыніў яго сабака. Як вынікала з заявы суседкі, якая падала на грамадзяніна, яго сабака выскачыў на вуліцу і ледзь не да смерці напалохаў заявіцельніцу і яе ўнука.

Толькі і выратавалі іх ад нападу раз’юшанай каўказкай аўчаркі агароджа ўласнага двара і весніцы, якія яны паспелі зачыніць перад самым носам сабакі. Жанчына нават у міліцыю звярнулася за паратункам. Гаспадар чацвяраногага сябры ўсё адмаўляў, даводзіў, што сабакі яго ўтрымліваюцца па ўсіх правілах, пераскочыць праз агароджу яны не здольныя. Прамату сваіх словаў нават здымкамі падмацоўваў і паказаннямі сведкаў, якіх прывёў на пасяджэнне камісіі. Як паказала разбірацельства па гэтай справе, усё ж гаспадар крывіў душой, проста не дагледзеў за сваім сабакам і той выскачыў на вуліцу. Ці стала б суседка паклёпнічаць проста так? Думаю, што не. Як даводзіла жанчына, унука на вуліцы сабака суседа ўжо не раз палохаў. Безумоўна, дзве базавыя велічыні, або дзвесці шэсцьдзясят тысяч штрафу, які «назначылі» яму члены камісіі, вымусяць грамадзяніна больш пільна сачыць за сваімі чацвяраногімі сябрамі.

Увогуле суседская ўзаема-непрыязнасць з’яўляецца вельмі частай прычынай, калі грамадзяне трапляюць на пасяджэнні адміністрацыйнай камісіі. Так сталася і з пажылой жанчынай, на якую паскардзілася суседка, што першая заваліла абрэзкамі агульны двор каля іх дома. Не ўзяла апошняя да ўвагі і тое, што бабуля літаральна на наступны дзень прыбрала дровы. Канечне, члены камісіі разабраліся ў сітуацыі дэталёва і вынеслі па гэтаму пытанні справядлівае рашэнне. А вось прадаўцу з аграгарадка Сяменча быў выпісаны немалы штраф, яе віна, што як і ў вышэйзгаданым выпадку, прадала непаўналетняму цыгарэты і піва.

— Пасяджэнні адміністрацый-най камісіі праходзяць рэгулярна, — расказвае Алена Хралянок. — Толькі ў гэтым годзе мы разгледзелі 154 справы ў дачыненні грамадзян. На парушальнікаў накладзена больш за 62 мільёны штрафаў. Але важна не гэта, а каб людзі зразумелі, што яны зрабілі дрэнны ўчынак, чым нанеслі ўсяму грамадству шкоду, а так паступаць нельга. Таму і разглядаецца кожная канкрэтная справа вельмі дэталёва, з улікам усіх бакоў і акцэнтаў.

І гэта, думаю, правільна. Усё ж пакараць чалавека значна лягчэй, чым перавыхаваць.

Сяргей МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.