Каму патрэбныя сельскія клубы?

Каму патрэбныя сельскія клубы, чым цікавыя рэгіянальныя фестывалі і што дасць сістэме культуры аб’яднанне музеяў.

indexЧаста ад скептыкаў можна пачуць: беларуская культура – паняцце больш дэклараванае, чым рэальнае. Аднак такое могуць казаць хіба што толькі тыя, хто жыве з заплюшчанымі вачыма або бачыць не далей за свой нос. У нас праводзяцца фестывалі, на якія з’язджаюцца ледзь не з усяго свету, здымаюцца фільмы, цікавасць да якіх праяўляюць нават галівудскія акцёры, ладзяцца выставы з рарытэтных прадметаў музейных калекцый і модных шэдэўраў сучасных аўтараў. У кожным рэгіёне краіны дзейнічае з дзясятак устаноў культуры, якія з’яўляюцца для мясцовых жыхароў цэнтрамі духоўнага развіцця і праяўлення творчай ініцыятывы. У якіх кірунках будзе развівацца культура далей, якія “болевыя кропкі” бачацца ў сферы культуры сёння, наколькі лёгка ў Беларусі жыць творчаму чалавеку і ці можа аўтэнтыка быць сучаснай, разважае міністр культуры Барыс СВЯТЛОЎ.

— Барыс Уладзіміравіч, з вашага прызначэння на пасаду міністра культуры мінуў год. Але вы ў гэтай сферы працуеце ўжо каля трыццаці гадоў і, напэўна, бачылі ўсе яе “болевые кропкі”. За якія з іх вы, карыстаючыся паўнамоцтвамі міністра, узяліся ў першую чаргу?

— Вы ведаеце, як кажуць, усё вяртаецца на кругі свае. Было нядзіўна выявіць, што ўсе тыя праблемы, якія былі раней, існуюць і зараз. Гэта не значыць, што яны не вырашаюцца. Але ёсць нейкі пералік пытанняў, якія з’яўляюцца, так бы мовіць, адвечнымі. Проста кожны перыяд часу дае свае адказы на гэтыя пытанні. Да прыкладу, калі дваццаць — трыццаць гадоў таму на пытанне “што зрабіць са сферай культуры?”, адказвалі “захаваць”, то сёння на гэтае ж пытанне мы маем зусім іншы адказ — трэба развіваць і рабіць крок наперад.

— Дарэчы, пра крок наперад. Пошукавая сістэма глабальнай сеткі на запыт “міністр культуры Барыс Святлоў” у першых радках выдае вашу цытату: “Я гляджу аптымістычна на будучыню нашай культуры”. Для падобных заяў мусяць быць важкія пад-ставы. Якімі б фактамі вы падмацавалі гэтую сваю фразу?

— Кожны спецыяліст, прафесіянал глядзіць на будучыню са свайго пункту гледжання. Эканамісты могуць расказаць, як будуць ісці працэсы эканамічнага развіцця, палітолагі — палітычнага. Нават зваршчык і той па характары шва можа меркаваць, ці даўгавечнай будзе тая ці іншая металічная канструкцыя. Што датычыцца культуры, тут таксама ёсць свае цыклы, узлёты і падзенні. І па цэлым шэрагу “культурных” індыкатараў можна меркаваць пра тое, што адбудзецца з краінай увогуле ў хуткім часе. Той высокі ўзровень падтрымкі мастацкай сферы з боку дзяржавы, які існуе сёння, якраз і з’яўляецца падставай для майго аптымізму.

— Барыс Уладзіміравіч, беларуская народная культура, народная творчасць успрымаюцца, у першую чаргу самімі беларусамі, як нешта вельмі аўтэнтычнае, “з вякоў мінулых”, а таму ў пэўнай ступені і несучаснае, і нецікавае. Ці можна, на ваш погляд, дапамагчы знайсці “залатую сярэдзіну” — захаваць тую спадчыну, якую маем, аздобіўшы яе найноўшымі праявамі, плынямі, тэхналогіямі? Ці гэта будзе ўжо не народная культура, не народная творчасць?

— Народная творчасць вельмі разнастайная, шматгранная і ў нашай краіне вельмі распаўсюджаная з’ява. Яна ўключае традыцыйную мастацкую культуру і фальклор, а таксама сучасныя кірункі творчасці, у тым ліку мадэрн, і ахоплівае ўсе катэгорыі насельніцтва — узроставыя, нацыянальныя, канфесійныя. Дзяржавай робяцца захады, каб не толькі захаваць традыцыі народнага мастацтва, але і развіваць кірункі маладзёжнай творчасці, рабіць іх прывабнымі, дэманстраваць іх унікальнасць як у Беларусі, так і за межамі краіны.

Можна згадзіцца, што сёння ў сродках масавай інфармацыі не заўсёды прывабна падаюцца традыцыйныя формы нацыянальнай культуры і беларускі фальклор, не так цікава, каб захапіць аўдыторыю. Але гэта не значыць, што традыцыйнае — гэта несучаснае і нецікавае. Гэта крыніца, у якой бярэ пачатак любая звышсучасная з’ява. Таму ў нас усё больш маладзёжных калектываў народнай музыкі, спеваў і танцаў. Што датычыцца ўласна працэсу адраджэння, захавання і папулярызацыі фальклору, аўтэнтыкі, то тут мы прытрымліваемся медычнага прынцыпу “не нашкодзь!”. Разам з тым для іх фіксацыі, архівавання прыдатныя найноўшыя тэхнічныя сродкі.

— Апошнім часам, а раней такога не было, з’яўляецца вельмі шмат выстаў, праектаў з прыстаўкай “арт” — нестандартных, авангардных, эксперыментатарскіх. Міністэрства культуры дае дарогу многім і стараецца задаволіць густы як мага большай колькасці людзей. Але як правесці мяжу паміж сапраўдным мастацтвам і проста захапленнем, якое нічога не каштуе?

— Без простага захаплення не бывае мастацтва. Спачатку з’яўляецца захоплены глядач, а потым мастак. Мастацтва — вельмі складаны працэс, які заўсёды праходзіць пэўныя ступені развіцця. Мы ўсе ў маладосці вучымся на ўзорах класічнага мастацтва. Засвоіўшы іх, моладзь імкнецца сказаць сваё слова ў мастацтве, культуры. Гэтае жаданне заўсёды натхняе і падштурхоўвае на пошукі і эксперыменты. І дзесяць, і дваццаць, і сто гадоў таму кожная маладая генерацыя была эксперыментатарам, уступала ў спрэчкі з існуючым класічным мастацтвам. Так нараджаецца авангард, потым мадэрнізм, потым постмадэрнізм, постпостмадэрнізм, і лепшае ў рэшце рэшт пераходзіць у разрад класічнага мастацтва.

— Ужо даволі доўгі час вядзецца размова аб неабходнасці заснаваць свята ці фестываль майстроў народнай творчасці. У якім стане сёння гэты праект?

— Праект — рэспубліканскі фестываль-кірмаш рамёстваў “Вясновы букет” — паспяхова рэалізуецца штогод у Мінску з 2007 года . Яго ўдзельнікамі з’яўляюцца народныя майстры і аматарскія аб’яднанні традыцыйных рамёстваў з усіх рэгіёнаў краіны. Наступны фестываль-кірмаш рамёстваў “Вясновы букет” адбудзецца ў маі будучага года падчас правядзення чэмпіянату свету па хакеі. Да таго ж, як вядома, ніводзін буйны фестываль мастацтваў і народнай творчасці ў Беларусі не абыходзіцца без “горада майстроў” — гэта і “Славянскі базар”, і “Александрыя збірае сяброў”, і фестываль нацыянальных культур, і мноства іншых. Штогод праводзіцца таксама рэспублікан-ская выстава сучаснага мастацтва “Калядныя ўзоры”.

— Барыс Уладзіміравіч, а мы ўвогуле не “зафестываліліся”? Не кажучы пра вялікую колькасць рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў (для нашай краіны гэта можа і занадта), цяпер куды ні глянь, у кожным раёне фестываль касьбы, ягад, гумару, прыпевак… Ці не той гэта выпадак, калі якасць падмяняецца колькасцю?

— Фестываляў зашмат не бывае. Бывае мала бюджэтных сродкаў на іх правядзенне. Трэба пры правядзенні фестываляў больш абапірацца на мясцовых спонсараў. Сёння фестываль — гэта не толькі дэманстрацыя дасягненняў, традыцый і навацый у мастацтве, але і выяўленне тэндэнцый развіцця і існуючых праблем. Сучасны падыход да правядзення фестываляў уключае вырашэнне шэрагу комплексных сацыякультурных задач. Разглядаць фестывалі трэба не толькі як мастацкую падзею, але і як сродак, які садзейнічае развіццю рэгіёнаў (у тым ліку турыстычных зон), захаванню адзінай культурнай прасторы краіны.

Досвед нашай краіны ў гэтай справе не адзіны: у нашых суседзяў — Расіі, Польшчы, Літве, Германіі — амаль у кожным населеным пункце маецца фестываль ці свята як неад’емная частка жыцця горада або сяла. Можна дадаць, што ў тых рэгіёнах Беларусі, дзе праводзяцца “свае” фестывалі, год падзяляецца на тры ўмоўныя перыяды: што было да фестывалю, што адбылося ў час яго правядзення і што будзе пасля яго. Такое свята чакаюць, да яго прызвычаіліся; яно не штучнае, а адлюстроўвае гістарычныя падзеі ці народныя традыцыі пэўнай мясцовасці. Паспрабуйце яго забараніць — будуць крыўда і непаразуменне. Колькі давялося мне бываць на рэгіянальных фестывалях, гэта заўсёды добра, шчыра, прыгожа. А прыгожага зашмат не бывае. Упэўнены, нам трэба больш увагі надаваць такім мерапрыемствам, дапамагаць рабіць іх больш насычанымі, казаць добрыя словы арганізатарам і артыстам-аматарам, якія самааддана і бескарысліва захоўваюць і папулярызуюць традыцыі і індывідуальнасць нашай мастацкай спадчыны.

— Зараз ва ўстановах культуры паўсюль ідзе аптымізацыя. Такое рашэнне вы на нядаўняй прэс-канферэнцыі патлумачылі проста і зразумела: дзякуючы скарачэнню штатаў людзі, што застануцца, атрымаюць большую зарплату. Але ці не атрымаецца так, што ад аптымізацыі пацярпяць, калі можна так сказаць, “спажыўцы культуры” перш за ўсё ў невялікіх населеных пунктах: закрыецца адзіная ў наваколлі вясковая бібліятэка, перастануць прывозіць кіно ў вясковы дом культуры?..

— Аптымізацыя сеткі ўстаноў культуры шляхам іх скарачэння, аб’яднання, стварэння арганізацый культуры змешанага тыпу стала праводзіцца з улікам пэўнай сацыяльна-эканамічнай і дэмаграфічнай сітуацыі ў рэгіёнах краіны. Мы разумеем, што клубныя ўстановы, асабліва на сяле, разам з бібліятэкамі застаюцца для патэнцыйных наведвальнікаў практычна адзіным месцам калектыўных зносінаў, праяўлення ініцыятывы і творчасці. Той факт, што ўзрост удзельнікаў сельскіх калектываў складае ад пяці да васьмідзесяці гадоў, пацвярджае, што сельская аматарская творчасць не губляе сваёй надзённасці і актуальнасці.

Сённяшняя развітая індустрыя вольнага часу прапануе моладзі шмат магчымасцей. У клуба аказалася шмат канкурэнтаў з лепшай матэрыяльяна-тэхнічнай базай і наборам сучасных сродкаў. Між тым амаль 15,5 тысячы творчых фарміраванняў для падлеткаў і моладзі працуе сёння на базе дзяржаўных устаноў.

У сістэме культурнага абслугоўвання сельскага насельніцтва краіны пэўнае месца займаюць комплексныя інтэграваныя сацыякультурныя ўстановы — клубы-бібліятэкі, культурна-адукацыйныя цэнтры, клубы сацыяльна-культурных паслуг, культурна-спартыўныя цэнтры і інш. У стварэнні такіх устаноў мы бачым адзін з варыянтаў комплекснага рашэння сацыяльных, культурных і адукацыйных праблем, і ў далейшым гэты працэс будзе працягвацца.

— Нядаўна вы расказвалі аб тым, як будуць аб’ядноўвацца ў рамках усё той жа аптымізацыі нашы музеі. У прыватнасці, музеі літаратурныя, прысвечаныя таму ці іншаму пісьмен-ніку. Але ж настаўнікі літаратуры пацвердзяць, што гэтыя музеі — своеасаблівая пляцоўка для вывучэння творчасці таго ці іншага пісьменніка, для абуджэння ў вучняў цікавасці да чытання. У той жа музей Багдановіча ці Петруся Броўкі на ўрокі прыходзяць не толькі мінскія школьнікі — прыязджаюць з розных куткоў краіны. Атрымліваецца, аб’яднаннем музеяў мы падобныя пляцоўкі ў настаўнікаў забяром?

— Пры разглядзе пытання аб аптымізацыі структуры і штатнай колькасці музеяў рэспубліканскага падпарадкавання быў праведзены маніторынг іх дзейнасці за апошнія некалькі гадоў, а таксама вывучаны вопыт арганізацыі музейнай сеткі ў замежных краінах.

Рэарганізацыя некаторых дзяржаўных музеяў стане перш за ўсё сродкам садзей-нічання іх далейшаму якаснаму і эфектыўнаму развіццю, дазволіць пашырыць спектр паслуг, якія яны аказваюць, а таксама прывядзе да рацыянальнага і эфектыўнага выкарыстання бюджэтных сродкаў.

Загадчыкі філіялаў “Літаратурны музей Максіма Багдановіча” і “Літаратурны музей Петруся Броўкі” ўстановы “Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры” будуць вызваленыя ад вырашэння пытанняў матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, некаторых іншых функцый, што дазволіць ім засяродзіць увагу на навуковай, экспазіцыйна-выставачнай і культурна-адукацыйнай рабоце, якая складае сутнасць музейнай дзейнасці. Скарачацца будуць не экспанаты, не музейныя плошчы, не спецыялісты, а адміністрацыйны апарат. Дарэчы, кабінеты, якія вызваляюцца, можна будзе задзейнічаць пад дэманстрацыю артэфактаў, што зараз захоўваюцца ў фондах.

— Вас вельмі часта можна заўважыць на выставах, фестывалях, спектаклях і як міністра, і як проста гледача. А дзе вам адпачываецца найлепш?

— Пра чалавека, які не звязаны з культурай і мастацтвам прафесійна, калі ён аказваецца ў тэатры, у музеі, на канцэрце, можна сказаць, што ён бавіць свой час і гэта з’яўляецца яго хобі. А калі большую частку дня займае тое, што з’яўляецца для людзей звычайных хобі, а для цябе працай, то адпачынак шукаеш крыху іншы — пабыць дзесьці аднаму, на прыродзе, у лесе, на беразе рэчкі, ці заняцца спортам. Гэта будзе сапраўдны адпачынак, таму што ён дапамагае сабрацца з думкамі, зрабіць паўзу ў справах, каб пасля вярнуцца з новымі сіламі ў тое, што называецца “любімая работа”.

— Барыс Уладзіміравіч, як міністр культуры адкажыце шчыра на пытанне: творчаму чалавеку ў Беларусі лёгка?

— Сапраўды, творчаму чалавеку ніколі не лёгка з-за яго абвостранага ўспрыняцця навакольнага свету: кожны чалавек успрымае рэчаіснасць дзякуючы сваім пачуццям. Творчыя людзі — гэта пачуцці грамадства. Яны заўсёды знахо-дзяцца на вастрыі жыцця, з’яўляюцца першапраходцамі ў шматлікіх сферах. Яны першымі прымаюць выклікі часу, і ад таго, як яны адрэагуюць на іх, шмат у чым залежыць далейшы лёс грамадства. Таму трэба берагчы і шанаваць творчых людзей, ствараць спрыяльныя ўмовы для іх дзейнасці. Наша дзяржава добра гэта разумее і ажыццяўляе сістэмную падтрымку тых, хто працуе ў сферы мастацкай культуры.

ng.by

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.