На верасніцкай МТФ праведзены рэканструкцыя і мадэрнізацыя

440Вялікая рэканструкцыя і мадэрнізацыя, якія былі праведзены на верасніцкай малочнатаварнай ферме, цяпер прыносяць нядрэнныя дывідэнды ў выглядзе высокіх надояў і прываг.

На цяперашні час аператары машыннага даення гэтага структурнага падраздзялення адкрытага акцыянернага таварыства “Тураўшчына” надойваюць ад кожнай каровы больш чым па дваццаць кілаграмаў малака. Ды і прывагі на ўзроўні: бычкі прыбаўляюць у вазе за суткі па кілаграму і болей. Згодна з тэхналагічнымі патрабаваннямі забяспечваецца і ўкормленасць цялушак.

— Пры цяперашнім нашым узроўні вытворчасці выдаткі, якія патрачаны на капітальны рамонт фермы, акупяцца за чатыры гады, — расказвае брыгадзір Раіса Страх. — Хаця напачатку ставіліся тэрміны акупаемасці ўдвая большыя.

Сённяшнія поспехі, па словах кіраўніка структурнага падраздзялення, вынік мэтанакіраванай працы па многіх напрамках. Найперш, гэта тое, што ўдалося ўкамплектаваць ферму высокаўдойнымі каровамі. Дастатковая колькасць разнастайных кармоў таксама адыгрывае станоўчую ролю ў вытворчасці малака.

— Зімова-стойлавы перыяд на нашай ферме праходзіць вельмі арганізавана, — расказвае пра сённяшнія справы жывёлаводаў Раіса Васільеўна. — Жывёла своечасова корміцца, доіцца, памяшканні і выгульныя двары ачышчаюцца ад гною. Менавіта намаганні калектыва і прыносяць належную аддачу. У дзень мы даілі па восем тон малака, а з пачатку года ад кожнай каровы — 7250 кілаграмаў.

Бясспрэчна, кіраўнік фермы ганарыцца гэтымі вытворчымі дасягненнямі і працаўнікамі, якія іх дабіліся. Калектыў на верасніцкай МТФ падабраўся дружны і высокапрафесійны. Кадры сюды падбіралі вельмі грунтоўна, таму і працуюць самыя адказныя і спрактыкаваныя.

— Часткова працуюць у нас работнікі з ранейшага калектыву фермы, — гаворыць Раіса Страх. — Некалькі чалавек перавяліся з іншых жывёлагадоўчых падраздзяленняў таварыства. Але такі падыход да фарміравання персаналу пайшоў толькі на карысць. Прыемна працаваць з такімі майстрамі высокіх надояў як Валянціна Крумкачова, Алена Глотава, Наталля Фралова і інш. Усе яны старанна выконваюць свае абавязкі, таму і маем добрыя вытворчыя паказчыкі.

Спыняцца на дасягнутым калектыў верасніцкай фермы не збіраецца. Акрамя вытворчасці малака, тут належная ўвага надаецца вырошчванню цялушак для абнаўлення дойнага статка. Сапраўды кажуць: каб атрымаць добрую аддачу, спачатку патрэбна зрабіць важкі ўклад у любую справу. Праведзеная рэканструкцыя на верасніцкай ферме паказвае, што кіраўніцтва ААТ “Тураўшчына” зрабіла правільны крок у накірунку развіцця жывёлагадоўчай галіны сельгаспрадпрыемства.

Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.