У Жыткавічскай цэнтральнай раённай бібліятэцы была праведзена гадзіна паэзіі “Жыву і дыхаю, мой родны край, табой”

DSC_0520Каб не страціць памяць аб сваіх пісьменніках, паэтах і іншых творцах, трэба калі-нікалі вяртацца да іх творчасці, успамінаць іх саміх не толькі калі гэтых людзей ужо няма, але і тады, калі яны яшчэ жывуць і прымнажаюць  літаратуру і культуру, традыцыі і г.д. На жаль, часцей мы збіраемся разам, каб успомніць тых, хто ўжо пакінуў нас, вялікіх і годных людзей…

…Напрыканцы лістапада ў цэнтральнай раённай бібліятэцы была праведзена гадзіна паэзіі “Жыву і дыхаю, мой родны край, табой”, прысвечаная творчасці беларускай паэтэсы Яўгеніі Янішчыц. Меладычная музыка лашчыла слых гасцей, якія сабраліся ў чытальнай зале. А прыйшлі сюды чытачы бібліятэкі і іншыя жадаючыя. Вядучая гэтага мерапрыемства бібліятэкар чытальнай залы Таццяна Гатчэня расказала шмат цікавага аб жыцці паэтэсы, чытала яе вершы…

Вось некаторыя радкі з біяграфіі творцы… Яўгенія Іосіфаўна Янішчыц нарадзілася 20 лістапада 1948 года ў сялянскай сям’і, бацька быў бондарам, цесляром, а маці працавала ў калгасе. Сям ‘я жыла спачатку ў вёсцы Рудка Пінскага раёна Брэсцкай вобласці, потым пабудавалі новы дом у вёсцы Велясніца. Скончыла філалагічны факультэт БДУ (1971). Стала лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1978) за кнігу лірыкі «Дзень вечаровы», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1986) за кнігу паэзіі «Пара любові і жалю». Яна з’яўляецца аўтарам зборнікаў: «Снежныя грамніцы», «Дзень вечаровы», «Ясельда», «На беразе пляча», «Пара любові і жалю», «Каліна зімы», кнігі вершаў і паэм «У шуме жытняга святла».

У час мерапрыемства вершы Яўгеніі Янішчыц чыталі бібліятэкары Алена Кахаева, Жанна Пузевіч, Наталля Касцянка, бібліёграф Алена Пятроўская і чытачка гэтай установы культуры Ядвіга Бандзюк. На невялікім стэндзе былі змешчаны яе вершы, артыкулы некаторых аўтараў пра паэтэсу і яе фатаграфіі. На іх можна было ўбачыць маладую, абаяльную жанчыну з сумнымі вачыма, якія глядзелі зусім не на чытача — кудысьці ў сябе, а, магчыма, у вечнасць. У ёй быў такі ў нечым наіўны і зусім не кананічны «літаратурны вобраз». Але ж адчувалася немалая сіла ў яе вершах, а ў большай ступені – годнасць і нейкая таямніца… Жанчына-загадка… Жанчына, якая, як здалося, нават нягледзячы на свае складанае жыццё, здолела знайсці адказы на адвечныя пытанні … Адказы, якія ўсе да аднаго прысутнічаюць у яе творчасці. Гэта перадавалі яе фота і вершы, якія гучалі на працягу сустрэчы з чытачамі.

Пра гэтага чалавека можна казаць шмат, але больш хочацца адзначыць іншае: у паэтэсы быў прыродны паэтычны дар і цяжкая жыццёвая дарога, вялікая творчая ўдача і высокі лірычны ўзлёт. Але ж была і глыбокая асабістая драма — трагічны зыход. Паміж народзінаў і трагічнаю датаю (25 лістапада 1988 года) – сорак гадоў, толькі сорак… Але за гэтыя гады яна шмат паспела і гэта не сакрэт. З вершаў Яўгеніі Янішчыц паўстае ўнутраны свет сучаснай жанчыны, яе любоў да жыцця, працавітасць, шчасце мацярынства, хараство і дабрыня. Такой яна застанецца назаўсёды ў нашай памяці: паважаная паляшучка, або Ясяльдзянка…

Лірычная гадзіна кранула прысутных настолькі моцна, што некаторыя нават выходзячы з чытальнай залы працягвалі гаворку аб паэтэсе, яе вершах, пачуццях… Кранула людзей усё тое, што яны змаглі тут пачуць і даведацца…

Анастасія Кулакевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.