Быў бізнесменам — стаў банкрутам…

528Хочаш прапасці – пачні красці… Чамусьці гэтае павучальнае народнае выслоўе прыходзіць на розум, калі знаёмішся з матэрыяламі, якія прадаставіла нашай рэдакцыі інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Жыткавіцкаму раёну.

Гісторыя першая. Адзін даволі прадпрымальны чалавек вырашыў накіраваць сваю энергію, якая біла цераз край, у рэчышча камерцыі. З гэтай мэтай ён арганізаваў прыватнае гандлёва-унітарнае прадпрыемства, у якое ўвайшлі дзве крамы – як у нашым райцэнтры, так і ў горадзе Тураве. Прычым і плошчы пад прадпрыемствы яму былі адведзены ў самым цэнтры густанаселеных пунктаў. Здавалася, што яшчэ чалавеку трэба для поўнага шчасця? Гандлюй сабе на сумленне, вечарком з трапяткім сэрцам палічы чарговую выручку ды і спі з радаснай усмешкай на вуснах…
Толькі інспектары падатковай службы, зрабіўшы праверку фінансавай дзейнасці прадпрыемства, знайшлі тут, вобразна кажучы, карціну, вельмі далёкую ад ідылічнай. У прыватнасці, заніжалася сярэдняспісачная колькасць работнікаў, у сувязі з чым пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання за правераны перыяд у бюджэт не дададзена падаткаў на 28,9 мільёна рублёў. Таму, натуральна, прадпрыемству было прад’яўлена выплаціць пяні і штрафных санкцый на суму 16,7 мільёна рублёў.
Але замест аплаты кіраўнік-дзялок прыняў рашэнне спыніць дзейнасць свайго прадпрыемства і зволіць усіх супрацоўнікаў. Толькі такі “ход канём” яму не дапамог. Паколькі на банкаўскім рахунку прадпрыемства адсутнічалі грашовыя сродкі і не было маёмасці, то інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Жыткавіцкаму раёну была вымушана звярнуцца ў Гаспадарчы суд Гомельскай вобласці з прапановай прызнаць прадпрыемства банкрутам, што судом і было зроблена.
З маланкавай хуткасцю разгарнулася і далейшая спружына працэдуры. Суд прызначыў кіраўніка па справе з банкруцтвам прадпрыемства, які робіць высновы, што ў недаплаце падаткаў павінен дырэктар (ён жа і бухгалтар), у сувязі з чым прад’явіў таму іск аб прыцягненні яго да субсідыяльнай адказнасці. Гаспадарчым судом цяпер ужо былы дырэктар і бухгалтар прызнаны віноўным, з яго спагананы на карысць прадпрыемства для далейшых разлікаў з бюджэтам, судовых выдаткаў, дзяржпошліны, іншых даўгоў грашовая сума ў 60,2 мільёна рублёў. Якая ім і была выплачана, а ў справе, што завяршылася заканамерным фіналам, нарэшце была пастаўлена канчатковая кропка.
Прыкладна па такому ж “сцэнарыю” развіваліся падзеі і ў другой гісторыі цяпер ужо з прыватным будаўнічым унітарным прадпрыемствам, якое размяшчалася ў Жыткавічах і займалася рамонтна-будаўнічымі работамі ды аптовым гандлем. Напачатку знешне яно як быццам бы і разгарнула буйную дзейнасць, але, як высветлілася далей, з вялікай хмары пайшоў дробны дожджык… Пасля праверкі падатковыя інспектары выявілі недаплату падаткаў на суму 9,1 мільёна рублёў, у сувязі з чым да прадпрыемства былі прыменены штрафныя санкцыі ў памеры 4,1 мільёна рублёў. І паколькі ў прадпрыемства не было ні маёмасці, ні грашовых срокаў на ўласным рахунку ў банку, то падатковая інспекцыя звярнулася з іскам у Гаспадарчы суд аб прызнанні яго банкрутам.
Варта адзначыць, што за апошнія два гады наша дзяржава, ідучы насустрач айчынным прадпрымальнікам, зрабіла немалыя паслабленні для іх больш плённай дзейнасці ў плане спрашчэння падаткаабкладання, уліку даходаў і гэтак далей. Разлічваючы, безумоўна, на тое, што і з боку бізнесу будзе адпаведнае разуменне. Толькі, на вялікі жаль, не ўсе гэта разумеюць правільна і шукаюць шчыліны, пралазы, каб пакласці ва ўласную кішэню грошы без адлічэння адпаведных падаткаў у бюджэт. Забываючы, што колькі вяровачцы не віцца, а канец будзе…
Сяргей ВЕЧАРОВЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.