Сустрэча ў пасёлку Чырвоным

IMG_9882Пасля выбрання Людмілы Міхальковай дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дзе яе абралі старшынёй Пастаяннай камісіі па заканадаўству, яе сустрэчы са сваімі выбаршчыкамі ва ўсіх сельсаветах нашага раёна сталі рэгулярнымі.

Вось і напрыканцы мінулага, 2013 года, Людміла Сцяпанаўна, як і было паведамлена загадзя, наладзіла прыём людзей з набалелымі для іх праблемамі ў памяшканні Чырвоненскага сельскага Савета. У сустрэчы таксама прынялі ўдзел памочнік дэпутата Пётр Кальцоў, выконваючая абавязкі старшыні Чырвоненскага сельсавета Зоя Купрацэвіч, галоўны спецыяліст сектара па зваротах грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Алена Раковіч.
Варта адзначыць, што на прыёме ў дэпутата нашага беларускага парламента былі як наведвальнікі з мясцовага Чырвоненскага сельсавета, так і жыхары з райцэнтра і горада Турава. А дыяпазон іх пытанняў, прапаноў і скаргаў — самы шырокі. Аднымі з першых у кабінет зайшлі маладыя бацькі, у якіх сын пазбавіў жыцця сваю жонку. Засталіся двое маленькіх дзяўчынак, якія, згодна службы апякунства, зараз выхоўваюцца, гадуюцца ў бабулі па лініі маці. Толькі другі бок — дзядуля з бабуляй — не згодны з гэтым рашэннем, лічаць, што там не створаны аптымальныя ўмовы для развіцця іхніх унучак і хочуць забраць іх да сябе…
— Скажыце, калі ласка, у нас медыцынскія паслугі платныя ці бясплатныя? — паставіла, што называецца, пытанне рубам наступная наведвальніца. Жанчына-пеніянерка, як прызналася сама, нажыла цэлы “букет” розных хвароб, таму вымушана часта звяртацца ў раённую паліклініку, дзе кошт платнага лячэння, як яна сказала, увесь час расце і гэта ніяк не стасуецца з яе пенсіяй, якая крышку болей паўтара мільёна рублёў. Яна неаднаразова скардзілася да адказных асоб установы аховы здароўя “Жыткавіцкая цэнтральная раённая бальніца”, а тыя, маўляў, спасылаюцца на нейкія ўказанні зверху. Дык дзе ж тая мяжа, якая аддзяляе бясплатныя медыцынскія паслугі ад платных?
Шмат пытанняў і просьбаў было да дэпутата Людмілы Міхальковай у наступнай жанчыны з пасёлка Чырвонае, маці шасцярых дзяцей. Наконт набыцця жылля ў пасёлку, дзе, па яе словах, шмат пустуючых кватэр. Наконт апякунства над унучкай, маці якой памерла ў 32 гады. Скардзілася жанчына на тое, што пастаянна цячэ вада з “казырка” балкона на трэцім паверсе, што пад іхнім домам мясцовыя п’яніцы і валацугі ўстроілі прытон: крычаць, брыдкасловяць, пакідаючы пасля сябе пустыя бутэлькі, акуркі. А супрацоўнікі міліцыі, маўляў, дакладваюць, што ўсё нармальна, і гэтая незайздросная карціна паўтараецца бясконца… Да таго ж у мясцовым населеным пункце застаецца ўсё меней асфальта, а становіцца ўсё больш выбоін.
Наступныя скаргі людзей, што запісаліся на прыём да Людмілы Сцяпанаўны, датычыліся аховы здароўя, выдзялення сацыяльнага жылля, незаконнага, на думку наведвальнікаў, звальнення з унітарнага прадпрыемства “19 Сакавіка” і Жыткавіцкага ліцэя. Вельмі шмат нараканняў было на дрэннае добраўпарадкаванне пасёлка Чырвонае, на работу КУП “Жыткавіцкі камунальнік”.
На прыём да Людмілы Міхальковай завітала і дэпутат Тураўскага гарсавета, якая паведаміла, што мясцовыя насельнікі, вобразна кажучы, у штыкі сустрэлі вестку аб скарачэнні падраздзялення міліцыі ў Тураве і збіраюцца пісаць калектыўную скаргу.
Пасля прыёму людзей у памяшканні Чырвоненскага сельсавета Людміла Сцяпанаўна наведала пасёлак Чырвоны Бор, у якім сустрэлася з мясцовым жыхаром Трафімам Германам, выслухала яго нараканні, якія ў асноўным датычыліся добраўпарадкавання мясцовага населенага пункта.
Усе пытанні, просьбы, скаргі людзей узяты дэпутатам Людмілай Міхальковай пад пільны кантроль і будуць вырашацца з адпаведнымі службамі, кіраўнікамі і спецыялістамі.
Сяргей КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.