У гарах сніліся школьныя вішні

фото: pravda.ru

фото: pravda.ru

З касы аўтавакзала выйшаў высокі, шыракаплечы, прыгожы мужчына з паперамі ў руках і накіраваўся да аўтобуса “Жыткавічы – Рычоў”.

Усеўшыся зручней за абаранкам вадзіцеля, ён гаспадарлівым поглядам яшчэ раз абвёў салон свайго “Радзіміча”, запытаўся, ці не забыліся пасажыры купіць білеты і пачаў вырульваць з прыпынка на дарогу.

Неўзабаве ўвішны аўтобус мінуў райцэнтр і ўзяў накірунак на поўдзень, у бок Прыпяці, Турава і яго навакольных вёсак. 44-гадовы вадзіцель Пётр Пашэвіч, былы ўдзельнік вядомых падзей у Афганістане, акідваючы позіркам знаёмую роўнядзь наваколля, міжволі ўспомніў зусім іншыя дарогі ў гарах, звілістыя, пакручастыя, дзе за кожным паваротам яго з сябрамі-таварышамі маглі чакаць самыя непрадбачаныя падзеі з невядомымі наступствамі…

Пётр нарадзіўся ў вёсцы Верасніца, тут закончыў школу і да службы паспеў яшчэ папрацаваць на трактары ў родным калгасе, атрымаўшы адпаведныя веды і пасведчанне на вадзіцельскіх курсах у Мазыры. Восенню 1987 года быў прызваны на службу ў армію. У Барысаве за імі, навабранцамі, прыехалі “купцы”. Пётр разам з другімі сваімі землякамі трапіў у каманду да трох дэсантнікаў – лейтэнанта і двух сяржантаў. На той час у Афганістане працягваліся баявыя дзеянні, і па дарозе ў цягніку яго прадчуванні пацвердзіліся: так, іх будуць рыхтаваць для перакідкі ў Афган…

Не адзін дзень дабіраліся ў прызначанае месца па сталёвых магістралях тады яшчэ вялікага Савецкага Саюза: з Мінска ў Маскву, адтуль у Туркменістан, у Кушку – самую паўднёвую кропку краіны. У вучэбцы, якая доўжылася чатыры месяцы, заўтрашні вадзіцель спецмашыны разведбатальёна Пётр Пашэвіч разам з другімі да сёмага поту адпрацоўваў усё, з чым маглі сустрэцца ў баі, а менавіта асаблівасці прымянення зброі ў гарах і цяснінах, парадак узаемадзеяння часцей розных відаў войск. Навабранцаў вучылі, як экіпіравацца, колькі і якія боепрыпасы браць з сабою, якія медыкаменты патрэбны ў паходах і рэйдах, як весці сябе з мясцовым насельніцтвам, тлумачылі, чаму вада ў гарах на вагу золата. Выхоўвалі ў іх неабходныя на вайне якасці: кемлівасць, уменне хутка прымаць правільнае рашэнне і не губляцца ў самых складаных сітуацыях.

З Туркменіі іх перавезлі ва Узбекістан, а адтуль самалётамі ІЛ-76 у колькасці 300 чалавек вясною 1988 года перакінулі ў Афганістан, у правінцыю Кундуз. Пятнаццаць дзён былі ў “каранціне”, хаця адразу пасля прызямлення трапілі ў баявыя ўмовы, у страляніну. Вывучалі ў асноўным мясцовыя звычаі.

Пачалася для яго і яго таварышаў вайна без лініі фронта. У іхнім батальёне былі ў асноўным беларусы, украінцы і рускія. Ваявалі з незаконнымі ваеннымі фарміраваннямі, мяцежнікамі, праціўнікамі Красавіцкай рэвалюцыі, душманамі або “духамі”. Галоўная задача, якая была пастаўлена камандаваннем перад імі, — стабілізацыя абстаноўкі і падтрымка мясцовага кіраўніцтва ў зоне іх адказнасці, ахова дарог і суправаджэнне аўтамабільных калон з прадуктамі харчавання, боепрыпасамі, палівам, удзел у рэйдавых баявых дзеяннях, кантроль караванных шляхоў, падтрымка баявых дзеянняў урадавых войск і паліцыі Дэмакратычнай Рэспублікі Афганістан.

У ваенным білеце камандзіра аўтамабільнага аддзялення паветрана-дэсантных войск Пятра Пашэвіча адзначана: “Прымаў удзел у баявых дзеяннях з 1 жніўныя 1988 года па 14 лютага 1989 года”. Яго баявыя шляхі-дарогі ляжалі ў асноўным у паўночнай частцы Афганістана. Перамяшчаліся толькі днём горнымі афганскімі дарогамі, на якіх, варта адзначыць, нашы машыны шчыравалі ў любых умовах, у гарах і ў пустыні, у мароз і ў спякоту. Адзіная небяспека, якая падпільноўвала іх на дарогах, былі міны і фугасы. З аўтаматам АКМ Пётр Пашэвіч быў то за рулём БТР-80, КамАЗа, то побач з іншымі вадзіцелямі, узаемазамяняльнасць, узаемадапамога і ўзаемавыручка ў іх былі на першым плане.

…Пыл у Афганістане дробны, быццам пудра. Нагрэты сонцам, ён, здавалася, быў усюды. А калі падымаўся вецер-“афганец”, то ў метры нічога не было бачна. Пры малейшым ветрыку пыл уздымаўся ў паветра і доўга вісеў, не падаючы. Дыхаць цяжка, паветра разрэджанае. Афганцы жартоўна казалі, што за год чалавек з’ядае цэлую цагліну…

У гарах цяжка нават знаходзіцца, а не тое, што ваяваць, хаця ён праз некаторы час прызвычаіўся да гэтага. Днём невыносная спякота, ноччу холад, няхватка кіслароду і звычайнай піццявой вады. Бурылі свідравіны, здабытую ваду пілі кіпячоную і са спецыяльнымі таблеткамі. Не забываліся, па магчымасці, есці салодкае, каб не захварэць на жаўтуху, тыфус. Што і казаць, яны прайшлі цераз пекла, якое для кожнага было сваё, паварыліся ў вогненным афганскім катле, то ваюючы, то ўціскаючыся тварам у гэтую чужую, пыльную зямлю.

— Пісьмы прыходзілі дзесьці праз месяц, пісалі маці, брат, сястра, — распавядае воін-афганец. — Да таго ж быў у нас і свой гармонік, слухалі і спявалі песні, марылі вярнуцца дадому жывымі. І ведаеце, чаго мне часцей за ўсё хацелася-снілася? Палюбавацца вясновым школьным садам, калі ён у сваёй квецені… Удыхнуць гэты пах і яшчэ пабачыць тое азярцо, што побач са школаю.

15 лютага 1989 года ў 16 гадзін 21 мінуту завяршыўся выхад апошніх савецкіх ваеннаслужачых з Афганістана. Камандуючы Абмежаваным кантынгентам савецкіх войск генерал-лейтэнант Барыс Громаў разам з іншымі перасёк мост “Дружба” цераз раку Амудар’ю ў раёне горада Тэрмеза, сімвалічна замыкаючы апошнюю калону 40-й арміі. Разам са шматлікім войскам з пачуццём выкананага інтэрнацыянальнага абавязку пераехаў той мост і наш зямляк Пётр Пашэвіч. У экстрэмальных умовах ён не хаваўся за плячыма другіх, аб чым сведчаць наступныя ўзнагароды: медалі “За баявыя заслугі”, “Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа”, “Ветэран баявых дзеянняў”, два юбілейныя медалі, а таксама наручны гадзіннік ад Міністэрства абароны СССР за ўзорнае выкананне воінскага абавязку па аказанні інтэрнацыянальнай дапамогі Рэспубліцы Афганістан.
Даслужваў Пётр Пашэвіч у горадзе Душанбе, дэмабілізаваўся ў кастрычніку 1989 года, працаваў вадзіцелем у калгасе, з 2006 года – у Жыткавіцкім філіяле №16 адкрытага акцыянернага таварыства “Гомельаблаўтатранс”. Жаніўся, разам з жонкай Вольгай, што з недалёкай ад іх вёскі Чэрнічы, маюць дачку Марыну і сына Ігара.

Жывуць у вёсцы Верасніца ў сваім доме. Дарэчы, сына ён назваў Ігарам у гонар аднаго са сваіх лепшых сяброў па Афгану. На развітанне са сваім земляком з Магілёўшчыны так і дамовіліся: калі жэняцца і першым народзіцца сын, то назавуць іх імёнамі ў гонар і памяць адзін аб адным.

Успаміны час ад часу вяртаюць Пятра Мікалаевіча Пашэвіча ў гады яго маладосці, з якой ніяк не выкрасліш Афганістан. Яго баявыя пабрацімы — жывыя і загінуўшыя, якія пайшлі заўчасна з жыцця пасля афганскай вайны, — і сёння разам з ім у адным нябачным армейскім страі. Ён часта ўспамінае тых, з кім даводзілася дзяліцца ў гарах акрайцам хлеба і глытком вады. Хто назаўсёды застаўся ў памяці. Хіба пра гэта можна забыць…

Сяргей КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.