У гасцях у вайскоўцаў

543Больш сямідзесяці старшакласнікаў з Хільчыцкай, Верасніцкай, трэцяй гарадской і прафесійнага ліцэя днямі пазнаёміліся з буднямі беларускай арміі. Гэта адбылося падчас наведвання вайсковых вучэнняў, якія адбываюцца зараз ля вёскі Бярэжцы нашага раёна.
За населеным пунктам размясціўся пост. Ля яго і спынілі школьныя аўтобусы. Вартавы афіцэр неадкладна далажыў камандзіру, што ў часць завіталі госці. Пасля каманды “прапусціць” аўтобусы рушылі далей, бліжэй да лесу, дзе развярнуўся разведвальна-ўдарны комплекс. Ужо тут юнакі і дзяўчаты змаглі пераканацца, наколькі складанае і сучаснае ўзбраенне маецца ў нашай арміі. Падчас яго агляду навучэнцы ўбачылі, якія сродкі выкарыстоўваюць беларускія артылерысты і ракетчыкі, каб выявіць цэлі праціўніка. Тут жа вучняў гасцінна сустрэла і камандаванне. У прыватнасці, начальнік ракетных войск і артылерыі Узброеных Сіл краіны генерал-маёр Алег Зямскоў. Алег Альбертавіч паведаміў школьнікам, што сваю баяздольнасць на палігоне ў іх раёне павышаюць ваеннаслужачыя з артылерыйскага палка, які дыслацыруецца ў Брэсце. Таксама афіцэр падрабязна расказаў, што на ўзбраенні гэтай вайсковай часці стаяць даволі эфектыўныя комплексы залпавага агню “Ураган”. Яны прызначаны для знішчэння жывой сілы і лёгкай бронетэхнікі праціўніка на адлегласці да сарака кіламетраў. Адзін залп такой устаноўкі накрывае адразу плошчу ў некалькі дзясяткаў гектараў, вынішчаючы на ёй усё жывое. Пра магутнасць такой зброі сведчыць і калібр снарадаў, якімі яна страляе — 220 міліметраў, а аб эфектыўнасці — комплекс з маршу прыводзіцца ў баявую гатоўнасць за пятнаццаць хвілін.
— Мы, вайскоўцы, — зазначыў Алег Альбертавіч, — напэўна найбольш прагнем міру, хаця непасрэдна і пастаянна маем справу са зброяй і даволі грознай. Але, калі бачыш, якая прыгожая ў нас краіна, які гасцінны і працавіты народ, хочацца, каб на гэтай зямлі панавалі мір і спакой. Але свет цяпер такі, што патрэбна быць гатовымі бараніць іх. І для гэтага арміі патрэбна пастаянна самаўдасканальваць свае навыкі, асвойваць новую тэхніку і ўзбраенне. Менавіта на гэтых вучэннях мы і ставім мэту, каб салдаты і афіцэры ў палявых умовах змаглі прымяніць свае тэарэтычныя веды на практыцы.
Падчас гутаркі генерала са старшакласнікамі не абышлі бокам і такія аспекты, як патрыятычнае выхаванне моладзі, а таксама яе прафесійнай арыентацыі. Усё ж быць афіцэрам у беларускай арміі цяпер вельмі прэстыжна. Таму Алег Зямскоў заклікаў хлопцаў паступаць у ваенную акадэмію. Адказаў ён і на пытанні старшакласнікаў. Самае цікавае відовішча іх чакала наперадзе: школьнікаў запрасілі паназіраць за вучэбнымі стрэльбамі экіпажаў комплексаў, аб якіх ён толькі што расказваў.
Каб убачыць агнявую магутнасць баявых установак, вучням прапанавалі адысці на небяспечную адлегласць, але з наглядальнай пляцоўкі таксама было добра бачна, як зладжана дзейнічалі экіпажы баявых машын, а таксама службаў, якія забяспечвалі іх прыцэльную стральбу. А гэта даволі карпатлівая праца: патрэбна і каардынаты мішэняў правільна вызначыць, і пагодныя ўмовы ўлічыць, зрабіць дакладную апрацоўку мноства іншых дадзеных. Толькі, як усё гэта зрабілі, баявым разлікам была аддадзена каманда выехаць на палігон са сваіх сховішчаў
— Адна, дзве, тры, чатыры, пяць… — уголас вялі падлік школьнікі ракетных комплексаў, якія імгненна з’яўляліся на полі і разгортваліся ў баявы парадак.
Як і казаў генерал Зямскоў, роўна праз пятнаццаць хвілін ужо над лесам ляцелі вогненныя стрэлы ракет у бок уяўнага праціўніка, пакідаючы за сабой густыя дарожкі дыму. Ад дружных залпаў уздрыгвала зямля, а паветра напаўнялася едкім пахам парахавых газаў.
— Цяпер ніхто не скажа, што мы не панюхалі пораху, — нехта пажартаваў у натоўпе.
Сапраўды, глядзелі на вучэнні ўжо не толькі дзеці, але і дарослыя вяскоўцы. Уражанне ва ўсіх гэтае відовішча пакінула непаўторнае.
— Грандыёзна, — толькі і змог вымавіць пасля ўбачанага навучэнец Хільчыцкай школы Дзмітрый Маркевіч.
Для юнака, які вырашыў звязаць свой лёс таксама з даволі высакароднай прафесіяй выратавальніка, якая патрабуе вялікай мужнасці, як і ад ваеннага чалавека, вучэнні выклікалі гонар за сваю армію. І не толькі ў яго аднаго, але і іншых юнакоў.
— Абавязкова пайду служыць, толькі закончу ВНУ, — адзначыў Іван Драбовіч. — Пускі ракет, якія давялося пабачыць, вельмі ўразілі, і яшчэ больш узмацнілі маё перакананне, што кожны мужчына, які прыгодны па стану здароўя, павінен прайсці армейскую школу мужнасці.
Наглядны прыклад, які атрымалі старшакласнікі аб баяздольнасці нашай арміі падчас вучэнняў, для многіх з іх яшчэ доўга будзе асацыіравацца з мужнасцю і адданасцю сваёй Радзіме, якую штодня праяўляюць беларускія ваеннаслужачыя. Так, для старшакласнікаў гэта быў сапраўдны ўрок патрыятызму, і адбыўся ён дзякуючы не толькі салдатам і афіцэрам вайсковай часці, але і кіраўніку, і супрацоўнікам Жыткавіцкага райваенкамата, педагогам навучальных устаноў, якія суправаджалі дзяцей у гэтай цікавай паездцы.
Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.