Як святкавалі Масленіцу нашы продкі

Масленічны тыдзень, або Пусты, Крывы, Развітальны, папярэднічае Вялікаму посту. Гэта апошняя магчымасць перед саракадзённай стрыманасцю павесяліцца ды пажартаваць. У гэты час ужо не ўжываюць мяса, аднак можна есці сыр, яйкі, масла — каб, паступова адмовіўшыся ад шэрагу скаромных страў, без цяжкасцяў перайсці да посту.

0000199_38324На Масленічным тыдні прынята сустракацца з блізкімі і сябрамі, запрашаць іх да сябе ў госці на бліны, разам радавацца і весяліцца перад Вялікім постам. Як тлумачыць царква, гэта папярэднічае той радасці, якая наступіць пасля посту.

Сёння Масленіца вельмі часта ператвараецца ў гучныя застоллі і свецкія забавы, якія царква не прымае. Але чаму так адбываецца, лёгка растлумачыць — на хрысціянскае свята накладаецца народная традыцыя, звязаная з адраджэннем урадлівых сіл зямлі — праводзінамі зімы і жаданнем хуткага надыходу вясны. На Масленіцу рабілі і запальвалі кола, сімвалічна спальвалі ляльку Зімы, вадзілі першыя веснавыя карагоды, спяваючы: “А мы Масленку чакалі, люлі, чакалі! Усю нядзельку выглядалі, люлі, выглядалі!” Былі і іншыя традыцыі.

Цікава ўжо тое, што святкаванне Масленіцы было падзелена па днях, і ў кожнага з іх ёсць свая адметнасць. У панядзелак, які атрымаў назву “сустрэча”, ішлі ў госці адзін да аднаго сваты. У гэты ж дзень рабілі пудзіла, з якім пасля хадзілі па вёсцы. У аўторак — “зайгрыш” — адбываліся агледзіны нявест. У сераду — “лакамку” — зяць прыходзіў на бліны да цешчы. У чацвер — “разгул” — пачыналася шырокае святкаванне Масленіцы з гульнямі, танцамі, вогнішчамі. У пятніцу — “цешчын вечар” — цешча ішла на бліны да зяця. У суботу — “залоўчыны вячоркі” — маладыя нявесткі запрашалі ў госці заловак і іншых родных мужа. У апошні дзень тыдня — “даравальную нядзелю”, або “провады” — людзі прасілі прабачэння адзін у аднаго, распальвалі масленічнае вогнішча і развітваліся з Масленіцай.

Разуць маладуху

Так адзначалі свята не толькі ў Беларусі, але і ў суседніх краінах. Аднак наша асаблівасць у тым, што многія невялікія рэгіёны мелі свае адметнасці святкавання Масленіцы, якія захаваліся да сённяшняга часу.

— Ва ўсходніх палескіх рэгіёнах падтрымліваецца традыцыя “пакарання” на Масленіцу тых, хто мог узяць шлюб за год, але гэтага не зрабіў. Хлопцам-”перастаркам”, якія не ажаніліся, прывязвалі да нагі “калодку”, — расказвае  доктар філалагічных навук, супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Таццяна Валодзіна. — Гэта магла быць палка, стужачка або цукерка. “Прывязаць калодку” — значыць пазначыць хлопца, які мусіў за гэта праставіцца. Каралі і дзяўчат, але толькі ў тым выпадку, калі нявеста была надта пераборлівая і за год адмовіла некалькім сватам. Ёй завальвалі хату ступай.

Аднак трэба сказаць, што тых, хто за год усё ж такі пабраўся шлюбам, у супакоі таксама не пакідалі. У Падняпроўі, да прыкладу, да сённяшняга часу існуюць звычаі “трэсці падушкі” або “разуваць маладуху”, калі грамада замужніх кабет прыходзіць у госці да маладухі, каб прыняць яе ў сваю кампанію.

Дзед і Баба

На паўночным усходзе Беларусі захавалася такая традыцыя, як “Пахаванне Дзеда”. У панядзелак, першы дзень Масленічнага тыдня, калі ўжо забаранялася есці мяса, хавалі “Дзеда, што косткай падавіўся”. Дзеда, якога называлі Сідоркай, выраблялі ў чалавечы рост з саломы, апраналі ў мужчынскае адзенне, клалі на лаўку і пачыналі па ім галасіць: “Ах ты, Дзедка, куды ты сабраўся, навошта нас пакідаеш…”

— Падкрэслівалася, што Дзеду вельмі шмат гадоў, больш за сто, і што ён усёй вёскі Дзед. А таксама акцэнтавалася ўвага на яго мужчынскай юрлівасці і пажадлівасці, — тлумачыць Таццяна Васільеўна. — З качалкі або морквіны рабілі мужчынскія “атрыбуты”, якія вяроўкай, працягнутай праз нагавіцы, час ад часу рухалі. Дарэчы, на гэты абрад дапускаліся толькі пажылыя жанчыны. Казалі: “Ты па ўсіх жанчынах прайшоў, дзяцей нарабіў усёй вёсцы, а цяпер нас пакінуў”. І так натуральна галасілі, што ажно мурашы па скуры. Але, вядома, і рагаталі. “Аплакаўшы”, Дзеда везлі на саначках закопваць у снег, быццам перадаючы яго пладавітасць зямлі.

А напрыканцы масленічнага тыдня адбывалася “Пахаванне Бабы”, якая “падавілася сырніцай”. Як і Дзеда, Бабу аплаквалі і неслі на вуліцу. Гэты звычай хоць і ўнікальны, але мае шмат агульнага з традыцыйным спальваннем пудзіла Масленіцы, калі людзі імкнуліся пазбавіцца ўсяго старога і кепскага, усіх хваробаў, грахоў і хібаў.

Певень на палцы

Існуе шэраг іншых цікавых вузкалакальных масленічных звычаяў. У адным з раёнаў Віцебшчыны па вёсцы насілі жывога пеўня. Яму звязвалі крылы і падвешвалі птушку на палку. З пеўнем, які кукарэкаў на ўсю вёску, хадзілі ад двара да двара, збіраючы людзей на супольнае святкаванне Масленіцы. Больш распаўсюджанай была традыцыя качаць калодку. Яе чаплялі на вяроўку і цягнулі ад хаты да хаты. Калодку ставілі перад дзвярамі хаты. Гаспадыня ставіла на калодку бутэльку, а пасля і сама далучалася да грамады. На Лепельшчыне вялікую калодку ўцягвалі ў хату. Гаспадару прыходзілася адкупляцца.

Па-свойму ў розных рэгіёнах Беларусі і бліны гатавалі. На Гомельшчыне, да прыкладу, іх кожны дзень пяклі з новай мукі (пшанічнай, жытняй, грэчневай і гэтак далей), імкнучыся паўплываць на ўраджай кожнага віда збожжа. Па-рознаму і прыпраўлялі бліны. Дзесьці проста палівалі маслам, дзесьці падавалі са смятанай і ягадамі.

Як адзначыць Масленіцу сёння, кожны вырашае сам. Можна працягнуць якую-небудзь бабуліну традыцыю, можна выправіцца на святкаванне ў беларускі музей, аграсядзібу і этнаграфічны комплекс, а можна проста напячы бліноў ды з’есці іх са сваімі блізкімі, дзелячыся радасцю і ўсмешкамі.

 Рэцэпты бліноў з энцыклапедыі беларускай кухні “Смачна есці”

Бліны ранішнія

Інгрэдыенты: 4 шклянкі мукі,
1,5 шклянкі малака, 1 сталовая лыжка цукру, 30 г дражджэй, 2 яйкі, 2 сталовыя лыжкі алею, вада.
Дрожджы развесці ў цёплай вадзе, усыпаць усю муку, уліць 3 шклянкі вады, перамяшаць і пакінуць цеста на ноч. Раніцай закіпяціць малако і адразу ўліць у цеста, дадаць яйкі, соль, цукар, алей, добра перамяшаць і даць падысці каля паўгадзіны.

Бліны па-літоўску

Інгрэдыенты: 400 г грачанай мукі, 3 шклянкі малака,
40 г дражджэй, 1,5 сталовай лыжкі цукру, соль, тлушч.
У малацэ (прыблізна паўшклянкі) развесці дрожджы з цукрам, дадаць лыжку мукі, пакінуць, каб падышло. Астатняе малако падагрэць да тэмпературы каля 70 градусаў, дадаць прасеяную муку, астудзіць, перамяшаць з рашчынай, яйкамі, соллю, добра вымесіць. Выпякаць на патэльні, памазанай тлушчам.

ng.by

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.