Свята міласэрнасці зладзілі для пацыентаў бальніцы сястрынскага догляду Жыткавіцкай ЦРБ

OLYMPUS DIGITAL CAMERAСвет не без добрых людзей. Напярэдадні восьмага сакавіка ў гэтым давялося пераканацца ў чарговы раз падчас мерапрыемства, якое зладзілі для пацыентаў бальніцы сястрынскага догляду Жыткавіцкай ЦРБ.
Што ў гэтай установе, якая на старасць для іх стала другім домам, будзе свята, бабулькі ведалі загадзя. Таму, надзеўшы свае самыя прыгожыя ўборы, яны паціху збіраліся ў самым вялікім пакоі бальніцы, а калі завіталі госці, сустрэлі тых апладысментамі. І да канца мерапрыемства яны не сціхалі, бо старыя ўмеюць быць удзячнымі за ўвагу і пашану, дабрыню і спагаду. Менавіта гэтыя якасці і дапамаглі стварыць цёплую атмасферу падчас урачыстасці. Напэўна, за ўсё сваё жыццё бабулькі не чулі нават ад сваіх родных столькі пажаданняў і віншаванняў, якія ім адрасавалі з нагоды свята жанчын. Шчыра жадалі пацыентам даўгалецця і здароўя, добрага і радаснага настрою загадчык бальніцы Мікалай Бабенка, старшая медсястра Ніна Махнач, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна Казлова, жыхарка райцэнтра Вольга Рудзянкова і іншыя госці. У прыватнасці, валанцёры і самадзейныя артысты ансамбля “З песняй па жыцці”. Яны таксама прынеслі шмат падарункаў для бабулек. Ніне Махнач было вельмі прыемна гаварыць сваім пацыентам, што падарункі зроблены ад шчырага сэрца простымі людзьмі, якія лічаць праяўленне міласэрнасці нормай жыцця нашага грамадства. Узяць хаця б тую ж Жанну Атаманчук. Маладая жанчына, якая мае абмежаванні здароўя па зроку, але яе сэрца напоўнена клопатам пра іншых людзей. Жанна за ўласныя грошы набыла цэлы пакунак кружак, які і падаравала пацыентам бальніцы сястрынскага догляду на восьмае сакавіка. Дарэчы, ад членаў раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку гэта быў не адзіны падарунак бабулькам. Ім яшчэ ўручылі і цэлы пакет кніжак.
З павагай на свяце быў прадстаўлены і яшчэ адзін мясцовы мецэнат Мікалай Качайла. Ён падараваў бабулькам аж два тэлевізары. Што і казаць, чалавек Мікалай Іванавіч пажылы, яму таксама бракуе здароўя, але неабыякавасць да лёсу зусім чужых яму людзей падштурхнула да такога высакароднага ўчынку. І ім ён вельмі парадаваў бабулек.
Пра Вольгу Рудзянкову і яе каманду самадзейных артыстаў у бальніцы сястрынскага догляду ведаюць як самых верных і шчырых сяброў. Вось і на гэтым свяце яны парадавалі пажылых пацыентаў багаццем сваёй песеннай творчасці і падарункамі. Святам міласэрнасці і цудоўнага настрою можна назваць праведзенае ў бальнічнай установе мерапрыемства, якое сагрэла веснавым подыхам адзіноту пажылых людзей.
Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.