Аграрыі раёна прыступілі да ўборкі траў першым укосам

590Гэтую працу ім патрэбна выканаць больш чым на пяці тысячах трохсот гектарах. Сёлета для патрэб грамадскай жывёлагадоўлі плануецца на зімовы перыяд назапасіць 5391 тону сена, 47800 тон сенажу і 180000 тон сіласу.

У КСУПе “Коленскае” без прамаруджвання, можна сказаць, першымі ў раёне прыступілі да касьбы траў. Тут кармавыя ўгоддзі разам з поймавымі лугамі раскінуліся амаль на паўтары тысячы гектараў. Убраць іх у гаспадарцы збіраюцца ў самыя аптымальныя тэрміны, каб трава не перастаяла, а пад павеці і ў сіласныя траншэі паступіў высокаякасны корм.
— Зараз асноўнай для нас задачай з’яўляецца касьба траў, з якой найперш будзем нарыхтоўваць сена і сянаж, — з гэтымі словамі дырэктар сельгаспрадпрыемства Валянцін Карпаў спыніў свой службовы аўтамабіль ля адной са шматлікіх грамадскіх сенажацяў, дзе вялася касьба. З пастаўленымі задачамі мы справімся, для гэтага ў нас і тэхнікі дастаткова, і спрактыкаваных механізатарскіх кадраў.
Правату кіраўніка тут жа на месцы пацвердзіў сваёй працай механізатар Мікалай Юхневіч, які да абеда на сваім магутным “Беларусу” у счэпе з шыроказахопнай касілкай паклаў у валкі траву не на адным дзясятку гектараў.
— Трава вырасла вельмі добрая, густая, таму і працуецца ў ахвоту, — гаворыць Мікалай. — З тыдзень прайшло, як пачалі ў гаспадарцы зялёнае жніво, а ўжо на свой вытворчы рахунак запісаў амаль трыста гектараў скошанай травы. Тэхніка вельмі высокапрадукцыйная, за адзін праход пракошваю дзевяць метраў, а за дзень — да паўсотні гектараў.
Стараннасць гэтага механізатара ў рабоце зразумелая. Менавіта ён разам са сваімі калегамі павінны забяспечыць аб’ём работы кормаздабываючым атрадам, які нарыхтоўвае сянаж. А тэхнікай гэтыя структурныя падраздзяленні таксама не абдзелены. Толькі адных кормаздабываючых камбайнаў у іх налічваецца тры штукі, ды і спецыялісты на іх працуюць, так бы мовіць, не лыкам шытыя. Не адзін год яны паказвалі добрую выпрацоўку на кармавых угоддзях гаспадаркі. У прыватнасці, гэта Аляксандр Дрынеўскі, Міхаіл Пяшэвіч і Мікалай Гулюта. Дастаткова і тэхнікі ў атрадах для адвозкі зялёнай масы да месцаў яе закладкі. Увогуле ў сельгаспрадпрыемстве цяпер усе нацэлены, каб не толькі назапасіць большую колькасць травянога корму, але і захаваць высокія яго спажыўныя якасці. Таму значная ўвага надаецца тэрмінам закладкі кожнай траншэі, трамбоўцы дастаўленай з лугоў масы, стараюцца яе перад ўборкай правяліць.
— І на касьбе траў, і на ўборцы мы яшчэ можам значна прыбавіць,— адзначае дырэктар валянцін Карпаў. — Матэрыяльныя рэсурсы маюцца. Гэта яшчэ адна шыроказахопная касілка, тры меншыя. Спатрэбіцца — уключым і іх у работу.
Дарэчы, адна адзінка з гэтага тэхнічнага арсеналу сельгаспрадпрыемства ўжо ў справе. Працуе на касьбе механізатар Мікалай Хільман. Але пакуль галоўная яго задача — падкошванне выпасаў. Іх у гаспадарцы маецца для грамадскага статка дастаткова, а цяперашнія пагодныя ўмовы спрыяюць росту травы. Таму без догляду за пашай абысціся немагчыма, травастой перарасце, знізіцца яго паядаемасць жывёлай, а ў канчатковым выніку гэта адмоўна адаб’ецца на надоях малака. Трэба сказаць, што на корм жывёле на грамадскія фермы штодня паступае сто тон “зялёнкі”, якая ўводзіцца ў кормасумесі. Але такі расход кіраўніцтва КСУПа “Коленскае” не палохае. Хопіць і цяпер даваць статку, хопіць, каб і на зіму запас зрабіць. Травы ў гаспадарцы дастаткова. Бо плённа папрацавалі на гэта ў мінулыя гады, калі актыўна вялі перазалужэнне сваіх угоддзяў, распрацоўвалі няўдобіцы, якія таксама засявалі травамі. Толькі на апошніх гэтая работа была выканана больш чым на паўтысячы гектарах. Цяпер Валянцін Мікалаевіч Карпаў з гонарам паказвае густыя валкі канюшыны і люцэрны, іншага разнатраўя. І гэта ўсё вырасла на зямлі, якая яшчэ год назад была паросшая сітнікам і хмызняком, ды занятая балоцінамі. Самае важнае, што працу па ўвядзенні няўдобіц у сельгасабарот у прадпрыемстве працягваюць, бо пераканаліся: і тут можна мець належную аддачу, а значыць і трывалую кармавую базу для грамадскай жывёлагадоўлі. Галоўнае ж у выніковасці работы гэтай галіны: будзе дастатак кармоў, будуць высокія прывагі і надоі на фермах гаспадаркі.
Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.