Кніжная хата – гасцямі багата…

429Нядаўна ў дзіцячай і цэнтральнай бібліятэках райцэнтра прайшлі вячэрнія сустрэчы з іх чытачамі і гасцямі.

Першапачатковым мерапрыемствам стала сустрэча з дзецьмі «Бібліятэчныя прыцемкі або Пірацкі карабель». Некалькі гадзін, на працягу якіх і доўжылася падзея, дзіцячую бібліятэку было не пазнаць: усё было аформлена, як на пірацкім караблі, і ўсе ўдзельнікі гэтага вечара былі пераапранутыя ў касцюмы піратаў (банданы, паласатыя майкі, пісталеты, кінжалы, шаблі, павязкі на вачах і г.д.). Маленькія чытачы з задавальненнем прымалі ўдзел ва ўсіх конкурсах, якія для іх падрыхтавалі работнікі бібліятэкі: уступалі ў школу піратаў, шукалі карту скарбаў, адказвалі на пытанні, выконвалі заданні, адгадвалі загадкі. Кожны паказаў сваю артыстычнасць, праявіў кемлівасць і фантазію. Разам яны пілі салодкія напіткі і чай з прысмакамі, якія знайшлі ў скрынцы, падпісанай «Скарб», адначасова працягваючы ўдзельнічаць у пірацкіх забаўках. Не перадаць словамі, як зіхацелі вочы ў маленькіх чытачоў, калі яны ўдзельнічалі ў конкурсах, віктарынах, арганізаваных работнікамі дзіцячай бібліятэкі … Напэўна ўражанні ад гэтага мерапрыемства будуць заставацца ў іх яшчэ доўга …
Пад покрывам ночы адкрыла свае дзверы і сакрэты цэнтральная раённая бібліятэка. Тут прайшла творчая сустрэча з пісьменнікам Уладзімірам Гаўрыловічам, гісторыкам і празаікам Аляксандрам Чароміным і мастачкай Наталляй Чарнагаловай. Перад пачаткам «Бібліяночы-2014» Наталля Чарнагалова размясцілася ля ўваходу ў бібліятэку са сваімі палотнамі, на якіх малявала выдатныя карціны нашага горада.
І вось, усе сабраліся ў фае бібліятэкі. Тут іх віталі работніцы культуры ў народных касцюмах, спявалі песні, праводзілі гульню-латарэю на веданне бацькаўскіх традыцый і віншавалі са святам бібліятэк. А напярэдадні сустрэчы тут праходзіў конкурс чытацкіх фармуляраў «Планета чытацкіх рэкордаў». І падчас сустрэчы былі падведзены вынікі з узнагароджаннем пераможцаў. Кожнаму ўзнагароджанаму чытачу было прыемна падысці за граматай да дырэктара ЦБС Людмілы Кронда і прыняць свае віншаванні.
Пасля прыемных узнагароджанняў усе госці былі запрошаны ў чытальную залу. Тут грала ціхая, спакойная музыка, гарэлі свечкі, ляжала восеньскае лісце … Размясціўшыся на месцы, чытачам былі прадстаўлены госці гэтага мерапрыемства, неардынарныя і таленавітыя людзі: член Саюза мастакоў Беларусі Наталля Чарнагалова, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі», член саюза журналістаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч і эксперт па гісторыі Расіі і сумежных дзяржаў, прафесар, гісторык-архівіст, пісьменнік Аляксандр Чаромін. Гэта тыя людзі, якія ўносяць важкі ўклад у навуковае і культурнае развіццё сучаснага грамадства, дзеляцца з намі плёнам сваёй працы і творчасці.
Кожны з прадстаўленых гасцей выступіў перад прысутнымі ў зале, распавёў крыху пра сябе, аб сваім жыцці, прадэманстраваў вынікі сваёй творчасці, свае таленты. Напрыклад, мастачка Наталля Чарнагалова з поспехам экспанавала свае палотны як у Беларусі, так і за мяжой, стала ўдзельніцай маштабнага арт-праекта «Забор», які на працягу двух гадоў падарожнічаў па гарадах Беларусі. Не сакрэт, што Уладзімір Гаўрыловіч ў горадзе Жыткавічы асоба вядомая і шаноўная. Ён аўтар шэрагу выданняў, якія ў асноўным звязаныя з палескай зямлёй. Уладзімір Мікалаевіч да таго ж з’яўляецца супрацоўнікам рэдкалегіі літаратурна-мастацкага часопіса «Маладосць». І заўсёды застаецца блізкім і зразумелым для сваіх чытачоў-землякоў. Што ж тычыцца трэцяга госця гэтай сустрэчы, то Аляксандр Чаромін — арганізатар і кіраўнік міжнародных навукова-метадычных канферэнцый, калекцыянер рарытэтаў. Гэта чалавек, які займаецца пытаннямі, якія найбольш фальсіфікаваныя, і насілі грыф сакрэтнасці. Словам, усе тры госці заслужаныя людзі ў сваёй справе, якія дасягнулі немалых вышынь і прызнання. Людзі, якімі ганарацца. Кожнаму з іх музычны калектыў дзіцячай школы мастацтваў імя У. І. Будніка падарыў па цудоўнай песні.
Са словамі падзякі за добры вечар і прамовы перад аўдыторыяй слухачоў выступіла дырэктар цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Людміла Кронда. Яна ўручыла невялікія прэзенты гэтым таленавітым людзям. Пасля гэтага ўсе жадаючыя былі запрошаныя на чаяванне і рэтра-дыскатэку. Хочацца сказаць, што ўвесь вечар у бібліятэцы панавала спакойная і радасная атмасфера садружнасці і супрацоўніцтва. Гэты незвычайны вечар падарыў кожнаму добры настрой і зарад станоўчых эмоцый.
Анастасія Кулакевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.