Паляпшаюць умовы працы і быту

205У КСУПе “Коленскае” ў апошнія гады мэтанакіравана вядуць работы па мадэрнізацыі і рэканструкцыі грамадскіх ферм. Кіраўніцтву і мясцовым працаўнікам за гэты час удалося паспяхова рэалізаваць некалькі буйных праектаў па гэтаму накірунку дзейнасці.

Адзін з такіх — малочнатаварная ферма ў вёсцы Рудня. Гадоў пяць назад на гэтым занядбалым і аснашчаным самым «адсталым» тэхналагічным абсталяваннем структурным падраздзяленні сельгаспрадпрыемства дзякуючы рэканструкцыі ўдалося карэнным чынам памяняць увесь вытворчы працэс.
— Мадэрнізіраваць руднянскую ферму неабходна было тэрмінова, — расказаў дырэктар КСУПа Валянцін Карпаў. — Яна проста не адпавядала сучасным патрабаванням вытворчасці малака. Калі мы ўзяліся за справу, там утрымлівалася ўсяго паўтары сотні кароў, усё абсталяванне было старое, ды і памяшканні таксама патрабавалі вялікага рамонту. Відавочна, што ў такой сітуацыі працаваць тэхналагічна было проста немагчыма, як і атрымліваць прадукцыю ў неабходнай колькасці і высокай якасці.
Па заканчэнні работ па рэканструкцыі, якія правялі на вышэйзгаданай ферме хуткімі тэмпамі, справы на гэтым вытворчым аб’екце пайшлі ўгору. Цяпер толькі адных дойных кароў тут утрымліваецца паўтысячы. Значна палепшыліся ўмовы не толькі ўтрымання жывёлы, але і працы работнікаў. Дзе раней патрабаваліся чалавечыя рукі, цяпер задзейнічана тэхніка, прычым на самых працаёмкіх аперацыях: раздачы кармоў, гноевыдаленні і іншых.
Перамены па рэканструкцыі фермскіх памяшканняў можна бачыць і на малочнатаварным комплексе “Пасека” на таварнай ферме “Млынок” і іншых. Усё зроблена толькі пад сучасныя тэхналогіі. Сёлета дайшла і чарга да фермы ў вёсцы Боркі. У гэтыя дні будаўнікі падводзяць, так бы мовіць, апошнія штрыхі сваёй работы. Іх выканалі на гэтым аб’екце вельмі і вельмі шмат. Яскрава сведчыць аб гэтым і колькасць грошай, што патрацілі на рэканструкцыю, — два мільярды трыста мільёнаў рублёў. За гэтыя сродкі спецыяльна запрошаная брыгада з шасці чалавек пад кіраўніцтвам Юрыя Дубнова ўзвяла над фермскімі памяшканнямі новы дах, унутры абсталявала кармавы стол, стойлы для ўтрымання жывёлы, наладзіла водапаенне, іншыя неабходныя для паспяховай работы тэхналагічныя элементы.
— Стараліся выконваць даручанае кіраўніцтвам гаспадаркі заданне з высокай якасцю, — расказвае брыгадзір. — Раней мы гэтаму сельгаспрадпрыемству таксама аказвалі пэўныя паслугі па рамонту ферм, а цяпер вось нас запрасілі правесці мадэрнізацыю ў двух памяшканнях. Вопыт у гэтай справе ў нас таксама накоплены немалы, думаю, што не падвялі мясцовых жывёлаводаў. На зіму яны тут могуць размясціць да 450 галоў цялушак.
Сапраўды, пасля рэканструкцыі ўмяшчальнасць фермы ў Борках павялічылася ўдвая. Для сельгаспрадпрыемства, якое штогод нарошчвае пагалоўе жывёлы, такая акалічнасць вельмі важная. Найперш палепшыцца тэхналогія вырошчвання цялушак. У ёй парушэнняў дапускаць нельга, самае нязначнае з іх нанясе шкоду будучай прадуктыўнасці жывёлы. Таму і зразумела, чаму кіраўніцтва гаспадаркі так сур’ёзна паставілася да стварэння належных умоў утрымання цялушак, бо гэта будучыня малочнай жывёлагадоўлі. Дарэчы, па вытворчасці малака КСУП “Коленскае” займае лідзіруючыя пазіцыі ў раёне. І мяркуючы па тых аб’ёмах работ, што вядуцца па ўдасканаленні вытворчых працэсаў на фермах, здаваць іх не збіраецца.
— У нашых планах закончыць добраўпарадкаванне боркаўскай фермы, — расказвае дырэктар Валянцін Карпаў. — Тут яшчэ ёсць да чаго прыкласці рукі. Безумоўна, з’явіцца і яшчэ адзін новы цялятнік на млынкоўскай ферме. Аснова яго ўжо закладзена. Адным словам, будзем працаваць, каб у жывёлагадоўчай галіне стала больш перамен да лепшага, каб работнікам і спецыялістам было лягчэй спраўляцца са сваімі нялёгкімі абавязкамі.
Нельга не адзначыць, што рэканструкцыя боркаўскай фермы з’яўляецца не адзіным аб’ектам, дзе сёлета справяць наваселле. На машынна-трактарным двары гаспадаркі ўзведзены прыгажун — дом для механізатараў. Яшчэ адзін прыклад, як у КСУПе “Коленскае” клапоццяца пра ўмовы працы і быту людзей на вытворчасці.
Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.