У добры шлях, вераснёвая пуціна!

622Рыбгас “Чырвоная Зорка” бярэ свой пачатак у 1908 годзе, калі была створана жыткавіцкая сістэма сажалак і сажалка №5 Буйкавіцкай сістэмы, якія да 1917 года належалі памешчыку Левандоўскаму. Пасля рэвалюцыі на панскіх угоддзях быў арганізаваны саўгас “Чыстая лужа” і сажалкі належалі яму. У 1931 годзе створаны рыбгас “Чырвоная Зорка”.
Першыя планавыя паказчыкі былі 70-80 тон рыбы, затым 120-170 тон, у 1938 годзе вырасцілі 300 тон таварнай рыбы. У час вайны гаспадарка была разбурана, шлюзы ўзарваны, аднавілі рыбгас пасля перамогі. У 1971 годзе ён дасягнуў узроўню 800 тон таварнай рыбы. У 1997 годзе шляхам рэарганізацыі да рыбгаса далучылі ўчастак “Чырванапалескі” з возерам Чырвоным. 3 чэрвеня 2014 года на пасаду дырэктара адкрытага акцыянернага таварыства “Рыбгас “Чырвоная Зорка” абраны Іван Шчур.

— Іван Іванавіч, якая спадчына вам дасталася і што ўяўляе сабой ваша гаспадарка на парозе чарговай восеньскай пуціны?
— Вы ведаеце, будучы тут інжынерам па ахове працы, я, безумоўна, быў у курсе ўсіх вытворчых спраў гаспадаркі, але не ведаў, што банкаўская запазычанасць рыбгаса складае 22,3 мільярда рублёў. З гэтай і другімі негатыўнымі лічбамі-паказчыкамі мне давялося ўжо азнаёміцца на пасадзе кіраўніка. Да таго ж рыбгас, яго гадаванцаў практычна пакінулі без неабходнага спецфуражу і замест мая пасля зарыблення карпоў пачалі карміць толькі ў ліпені, калі сельгаспрадпрыемствы выручылі нас першым зернем новага ўраджаю. Затым нам выдзелілі звыш аднаго мільярда рублёў на набыццё камбікармоў, і справы пайшлі крыху весялей.
А наш рыбгас — гэта паўнасістэмная гаспадарка, у якой ажыццяўляецца ўвесь тэхналагічны працэс, пачынаючы ад узнаўлення і завяршаючы вырошчваннем рыбы наступных відаў: карп, карась, белы амур, таўсталобік, шчупак. Некалькі гадоў назад пачалі разводзіць і еўрапейскага сома, але ў гэтай новай справе пакуль што нічым станоўчым пахваліцца не можам. У іх слабая выжывальнасць і пасля зарыблення шмат лічынак гіне. Тым не менш мяркуем адлавіць яго каля 500 кілаграмаў.
Маем 13 нагульных сажалак, з якіх 9 зарыбілі агульнай плошчай 481 гектар. Вырасных сажалак 9.
— І Вы ўжо распачалі сезон адлову рыбы?
— Літаральна на днях у нас пачалася чарговая пуціна. Была сфарміравана брыгада па адлову, з якой заключылі адпаведную дамову, і першы невад быў закінуты на шостай сажалцы Буйкавіцкай сістэмы. Нас прыспешвае цёплае, нават спякотнае надвор’е, якое не на руку рыбаводам. Бо ледзь паслабіш тэмпы і кантроль, не дагледзіш і магчымы замор рыбы. Асноўная наша водная крыніца — возера Чырвонае, а ў сувязі са спякотай узровень вады там значна панізіўся. Неабходны большы водаабмен, нам будзе выключна цяжка, калі не пойдуць дажджы. Трэба будзе закальцоўваць ваду, а на гэта пойдзе шмат электраэнергіі.
— Скажыце, Іван Іванавіч, а якія складаемыя высокага ўраджаю “блакітнай нівы”? Да таго ж вырасціць таварнай рыбы ў значным аб’ёме — гэта толькі паўсправы зрабіць. Галоўнае — рэалізаваць яе спажыўцам.
— Для добрай, паспяховай гадоўлі рыбы галоўнае кармы, добры водаабмен і надзейная служба аховы сажалак ад браканьераў, адстрэл такіх драпежных птушак як бакланы. Апошнія актывізуюцца звычайна ў жніўні-верасні, пры масавым налёце заганяюць у куток вадаёма касякі дробнай рыбы і харчуюцца ёю. Адзін баклан можа спажыць за дзень да 4 кілаграмаў рыбы. Таму з гэтай навалай неабходна змагацца.
Пасля адлову штогод востра стаіць у нас праблема рэалізацыі атрыманай прадукцыі. Для яе вывазкі да спажыўцоў маецца дзесяць так званых жыварыбных машын. Звычайна гэтыя маршруты вызначаем як самі, так і з дапамогай нашага дэпартамента, які ўдакладняе рынкі збыту. Між іншым, таўсталобік мы часткова рэалізуем на Браслаўскі кансервавы завод, там яны робяць з яго кансервы і вяртаюць нам гэтай прадукцыяй, якую мы пастаўляем у гандлёвую сетку.
Варта адзначыць, што наш беларускі рынак перанасычаны сажалкавай рыбай, таму мы робім усе захады, каб выйсці на расійскі. У сваіх ёмістасцях нашы вадзіцелі могуць перавозіць да 7 тон свежай, якаснай і спажыўнай рыбы, каб адразу рэалізаваць яе оптаваму пакупніку.
— Рыбгас даўно арандуе возера Чырвонае.
— Так, плошча яго 4390 гектараў. Мы атрымалі ліцэнзію на прамысловы лоў рыбы. А папярэдне зарыбілі тут карпа і таўсталобіка на 440 мільёнаў рублёў. Згодна з квотай нам дазволена было адлавіць у гэтым вадаёме 119 тон рыбы, але, каб пазбегнуць яе замору, мы папрасілі павялічыць гэтую лічбу да 150 тон.
Нядрэнна працуюць нашы рыбаводы з пасадачным матэрыялам, сёлета, напрыклад, чакаецца добры выхад сяголетка. Частку гэтага матэрыялу рэалізуем нават спажыўцам.
Сяргей КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.