Службы ў міры і спакоі

2У гарадскім цэнтры культуры ўрачыста правялі Дзень прызыўніка. Падчас мерапрыемства павесткі на вайсковую службу былі ўручаны паўсотні юнакам з нашага раёна. Асаблівую патрыятычную накіраванасць святу надала і цырымонія ўзнагароджвання воінаў-інтэрнацыяналістаў, удзельнікаў вайны ў Афганістане, юбілейнымі медалямі.

Яшчэ на падыходзе да вялікай залы ўстановы культуры ва ўсіх удзельнікаў ствараўся адпаведны ўрачысты настрой. Гэтаму спрыялі гукі ваенных маршаў і папулярных салдацкіх песен, якія гучалі з дынамікаў. Ды і па значнай колькасці мужчын і юнакоў, як прызыўнога так і дапрызыўнога ўзросту, ветэранаў, прадстаўнікоў улады, што займалі месцы ў зале, стваралася атмасфера вайсковага братэрства, пераемнасці пакаленняў былых і цяперашніх абаронцаў Айчыны. Аб гэтым перад самым пачаткам свята ўдалося пагутарыць з прызыўніком Мікалаем Давідовічам. Хлопец закончыў інстытут, зараз працуе на торфабрыкетным заводзе. Вестку, што трэба выканаць перад радзімай пачэсны мужчынскі абавязак, сустрэў спакойна і з разуменнем.
— Мой бацька служыў у марской пяхоце ў Мурманску, — распавядаў юнак. — Ён — чалавек яшчэ савецкай загартоўкі, таму служба ў войску для яго святая справа. Ён упэўнены, што армія дапаможа мне больш развіць свае фізічныя якасці, навучыць настойлівасці, вытрымцы. Увогуле, вайсковая служба — справа вельмі адказная і сур’ёзная, не кожны юнак годны такога даверу.
Сапраўды, гэта так. Менавіта на ўрачыстасці зрабіў у сваёй прамове акцэнт на важнасці армейскай службы ў жыцці кожнага юнака старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Мікалуцкі.
— Стаць абаронцам сваёй Айчыны з’яўляецца вельмі мужным учынкам, — зазначыў Аляксандр Віктаравіч. — Менавіта ад таго, наколькі паспяхова вы асвоіце вайсковую справу, будзе залежаць мір і спакой нашай Радзімы. Толькі моцная ўлада і моцная армія здольныя супрацьстаяць сучасным выклікам.
Таксама старшыня райвыканкама пажадаў прызыўнікам, каб гэтае мужчынскае выпрабаванне яны выканалі мужна і з гонарам. Як гэта зрабілі ў свой час нашыя дзяды, перамогшы фашызм, а таксама воіны-інтэрнацыяналісты, што ваявалі ў Афганістане. Але галоўным пажаданнем Аляксандра Мікалуцкага прызыўнікам стала, каб праходзіла іх служба ў міры і спакоі, каб яны на ўсё жыццё запомнілі цану баявога братэрства. Яго свята шануюць воіны-афганцы.
Пасля старшыня райвыканкама Аляксандр Мікалуцкі і ваенны камісар Сяргей Петруненка пад дружныя апладысменты ўручылі юбілейныя медалі “25 гадоў заканчэння баявых дзеянняў у Афганістане” воінам-інтэрнацыяналістам. Як расказаў раённы ваенны камісар Сяргей Петруненка, да гэтай дзяржаўнай узнагароды прадстаўлены 132 нашыя землякі. Лёс кожнага з іх — гэта годны прыклад для цяперашніх юнакоў, як патрэбна служыць сваёй Радзіме, нават у самай складанай абстаноўцы. І гэтыя салдаты, якія прайшлі праз гарніла афганскай вайны, ахвяравалі самым дарагім, што ёсць у чалавека, — жыццём, каб выручыць сваіх таварышаў, не зганьбіць уласны гонар. Але напачатку з рук кіраўніка раёна гэтыя ўзнагароды ўручылі маці загінуўшых салдат-землякоў у той далёкай усходняй краіне. Памяць пра іх жыве ў нашых сэрцах. У адзіным парыве ўсе прысутныя ў зале ўсталі, каб ушанаваць герояў хвілінай маўчання. Нібы рэквіем аб хлопцах прагучала і песня пра афганскую вайну ў выкананні Філіпа Бароўскага. Адзін за адным воіны-інтэрнацыяналісты падымаліся на сцэну за ўзнагародамі, на тварах кожнага з іх чыталася мноства эмоцый. Мужчыны, у многіх з якіх на грудзях зіхацяць баявыя медалі і ордэны, нібы ў чарговы раз перажывалі ў такі ўрачысты момант сваё армейскае жыццё, якое было нялёгкім і поўным небяспекі. Аб гэтым воінам-інтэрнацыяналістам нагадалі і радкі літмантажу, што падрыхтавалі да мерапрыемства школьнікі. Свае заслужаныя ўзнагароды атрымалі падчас урачыстасці 64 чалавекі. Яны сталі сведкамі таго, што дзяржава не забывае сваіх салдат-герояў, шануе мужнасць.
Гэтыя шчымлівыя моманты свята, зразумела, не пакінулі раўнадушнымі і цяперашніх прызыўнікоў. За сваімі павесткамі, якія ім уручыў ваенны камісар Сяргей Петруненка, яны выходзілі цвёрдай і ўпэўненай паходкай. Яны зразумелі, што ў хуткім часе яны будуць адказнымі за спакой сваёй Айчыны, блізкіх ім людзей.
Канечне ж, служыць прызыўнікі-жыткаўчане будуць не так і далёка, як гэта было раней. Але самае галоўнае, што армейскую навуку яны будуць асвойваць у самых розных родах войскаў (пагранічных, Міністэрства ўнутраных спраў, мабільных сілах, чыгуначных і іншых), што сведчыць аб добрай падрыхтаванасці як маральна, так і фізічна будучых салдат-землякоў. Безумоўна, радасным момантам для іх на мерапрыемстве стала ўшанаванне, якое аказалі кіраўнікі і прадстаўнікі працоўных калектываў, дзе хлопцы працавалі да ўручэння павестак. Закончылася ж свята невялікім канцэртам. Думаецца, што прыклад мужнасці, а таксама зарад бадзёрасці стануць цвёрдай асновай для асваення вайсковай навукі.
Адпраўкі прызыўнікоў распачнуцца з 14 лістапада і працягнуцца да канца месяца.
Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.