Коленскі патрыёт Васіль Туравец

Изображение 004У заўсёднай барацьбе за хлеб надзённы, за высокія надоі і важкія прывагі, за пад’ём сельскай гаспадаркі раслі, мацнелі і мужнелі ў нашым раёне многія выдатныя арганізатары вытворчасці. Што і казаць, талент кіраўніка заўсёды быў і застаецца вялікай каштоўнасцю нашага грамадства. А талент, памножаны на самаадданую, зладжаную, творчую працу калектыва, — гэта магутная пераўтвараючая сіла, здольная прывесці ў рух цэлыя пласты нявыкарыстаных рэзерваў і магчымасцей, намнога паскорыць рух наперад, павысіць тэмпы накаплення грамадскага багацця.

Вось гэтыя, можа, крыху пафасныя, але на самай справе шчырыя думкі нараджаюцца ў галаве, калі размаўляю з Васілём Тураўцом – паважаным у нашым раёне чалавекам, якому 2 студзеня новага 2015 года споўнілася 75 гадоў. Ведаю Васіля Гаўрылавіча даўно і колькі разоў не сустракаемся і не гамонім, заўсёды не пакідае цёплае, прыемнае ўражанне, што ён ані кропелькі не змяніўся. Усё гэтак жа па-спартыўнаму падцягнуты, энергічны, сціплы і жартаўлівы. Душа як была светлай, так і засталася, нягледзячы на шматлікія жыццёвыя выпрабаванні і нягоды…
Васіль Туравец — сын і ўнук патомных сялян — земляробаў з вёскі Кольна. Сябе помніць у чатырохгадовым узросце, калі немцы адступалі і была вялікая кананада. Тады старэйшыя дзеці з іх сям’і цягнулі яго за ручку ў сховішчы. А крыху пазней яшчэ на ўсё жыццё запомніўся бацькаў урок — тыя розгі, што агнём пяклі яму ніжэй спіны за злоўленае курыва. Ад таго дня, можна казаць, усё жыццё не курыў і ўвогуле вёў здаровы лад жыцця.
Васілю і яго аднагодкам у нейкім сэнсе пашчасціла: ледзь толькі закончылі сямігодку ў сваёй вёсцы Кольна, як побач адчыніла дзверы новая сярэдняя школа. Таму не трэба было працягваць далейшую вучобу ў Жыткавічах, атэстат аб сярэдняй адукацыі атрымаў дома. Вучыўся падлетак няблага, да таго ж у тыя пяцідзесятыя гады асабліва расслабляцца вучням не давала наступная акалічнасць: з чацвёртага па дзесятыя класы хлопцам і дзяўчатам напрыканцы заняткаў неабходна было здаваць выпускныя экзамены…
Многія выпускнікі імкнуліся ў горад, а вось ён палюбіў сваё сяло, вясковы ўклад жыцця, і лепшай музыкай для Васіля па-ранейшаму заставаліся ранішнія хрыплыя спевы пеўняў, іржанне коней, вясёлыя перастукі малаткоў у кузні ды клекатанне буслоў. Пачаў працаваць калгаснікам у сваёй роднай сельгасарцелі “Запаветы Леніна”, зімой ездзіў на валах, а ўлетку выконваў адказныя абавязкі ўчотчыка.
Праз два гады стараннага юнака прызначылі брыгадзірам адной з чатырох паляводчых брыгад. Словам і справай дапамагалі старэйшыя калгаснікі, але ў першую чаргу тагачасны старшыня калгаса Іван Максімавіч Шылаў. А час той для вёскі быў нялёгкі: у Кольна і яго наваколлі ўпотай дзейнічала банда, хаўруснікі якой усяляк шкодзілі калгаснаму ладу жыцця, падпальвалі грамадскае сена, пускалі “чырвонага пеўня” на падворкі актывістаў, пагражалі большай расправай… Дастаткова сказаць, што папярэдні кіраўнік сельгасарцелі не вытрымаў такой патаемнай вайны, сышоў са сваёй пасады. Толькі зусім іншага цеста і гарту быў валявы, моцны фізічна і духам Іван Шылаў. Ён не пахіснуўся, выстаяў перад нябачнай варожай хваляй. І хутка з бандай было скончана.
— Тыя гады ўспамінаюцца радасцю працы і жыцця, калі навакольны свет станавіўся ўсё больш шырокім і ўтульным, — гаворыць Васіль Гаўрылавіч. — У 1960 годзе мне выпаў гонар разам са старэйшымі перадавікамі пабываць на адной з нарад у Гомелі. Упершыню я, вясковы хлопец, ехаў на пасажырскім цягніку – аж дух захоплівала. Да таго ж на нарадзе мне ўручылі будзільнік і плашч. Хіба ж такое можна забыць?
Неўзабаве наступіў прызыўны ўзрост. У Васіля, праўда, была адтэрміноўка ад службы, паколькі бацькі былі пажылога ўзросту, толькі юнак не скарыстаўся гэтай ільготаю. Які ж я мужчына, калі ў арміі не служыў? Тады ж і дзяўчаты пазіраць будуць скоса. І праз тры гады, адслужыўшы ў сувязі, старшы сяржант Васіль Туравец вярнуўся зноўку ў мілы яго сэрцу палескі куток. А падчас службы паспеў да таго ж і стаць студэнтам-завочнікам Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, што ў Горках. Пачаў вучыцца на агранома.
У роднай гаспадарцы яго спачатку прызначылі рахункаводам, затым накіравалі ў гадавую школу падрыхтоўкі кіруючых кадраў калгасаў і саўгасаў пры Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Працаваў інструктарам Жыткавіцкага райкама партыі, сакратаром партыйнай арганізацыі, а затым абралі старшынёй калгаса “Запаветы Леніна”. Менавіта на гэтай пасадзе праявіліся лепшыя якасці Васіля Гаўрылавіча: працавітасць, патрабавальнасць, сціпласць і чалавечнасць. Ён клапатліва і па-гаспадарску выкарыстоўваў усе наяўныя рэсурсы, працуючы разам з калектывам над нарошчваннем прадукцыі палёў і ферм. Стараўся рабіць усё цягавіта, гаспадарліва, прадумана. Як аграном добра ведаў, што законы агратэхнікі няўмольныя: ні раней, ні пазней! Хто дакладна вызначыць залатую сярэдзіну, хто ўкладзецца ў аптымальныя тэрміны, той і выйграе. І ніколі не забываў, што калгас — гэта людзі. І не толькі тыя, што ў ім працуюць. Але і тыя, хто на гэтай тэрыторыі жыве. Сытасць ніколі не была яго ідэалам, а вось чалавечнасць — заўсёды.
Пакрыху гаспадарка мацнела новай тэхнікай, тым не менш тут заўсёды ў пашане быў конь — спрадвечны памочнік селяніна. Васіль Туравец, як выхадзец з вёскі і былы ездавы, заўжды надаваў конегадоўлі, разам з развіццём машынна-трактарнага парку, самую пільную ўвагу. Бо конь пройдзе там, дзе не ўсякая аўтамашына і трактар праедуць, літаральна па суцэльнаму бездарожжу. Не абысціся без яго і пры апрацоўцы сотак, агародаў. Калі ж гаварыць у цэлым, то конь, па ўсім відаць, нашай беларускай вёсцы будзе патрэбны заўсёды, яго не заменіць ніякая тэхніка. Толькі аб адносінах да коней неабходна меркаваць, зразумела, не па агульнай колькасці іх у той ці іншай гаспадарцы. Тут у разлік павінны брацца многія фактары. І тое, як іх карміць, у якіх умовах утрымліваць, наколькі эфектыўна выкарыстоўваць. Аднак калі размова ідзе пра каня, то нельга на яго глядзець толькі з бухгалтарскага пункту гледжання. Бо конегадоўля — не толькі сельскагаспадарчая галіна, а яшчэ і добры спосаб прыцягнення сельскага падлетка да працы.
Васіль Туравец стаяў у нашым раёне ля вытокаў стварэння такой новай структуры як райсельгасхімія, якая адгалінавалася ад райсельгастэхнікі, пяць гадоў кіраваў ёю. Гэта быў нялёгкі час рэарганізацыі, ломкі, пошукаў і знаходак, калі панавала ведамасная раз’яднанасць. І тым не менш цяжкасці былі пераадолены. А ў тым, што сучаснае адкрытае акцыянернае таварыства “Жыткавічыхімсервіс” дасягнула значных вышынь у сваёй дзейнасці, ёсць немалая заслуга і яго першага старшыні.
Васілю Гаўрылавічу давялося таксама папрацаваць намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі, першым намеснікам старшыні Жыткавіцкага раённага аграпрамысловага аб’яднання, старшым эканамістам па арганізацыйных пытаннях калгаснай і саўгаснай вытворчасці і міжкааперацыі, вядучым інспектарам па якасці і стандартызацыі прадукцыі раслінаводства раённага аграпрамысловага аб’яднання. І на ўсіх гэтых пасадах ён характарызаваўся такімі якасцямі як добрасумленнасць, надзейнасць, высокі прафесіяналізм. А яшчэ, вобразна кажучы, з лёгкай рукі Васіля Тураўца ў рост па службе пайшлі многія яго падначаленыя, спецыялісты, якія сталі здольнымі арганізатарамі вытворчасці.
Звыш 40 гадоў пражыў Васіль Гаўрылавіч у міры ды згодзе са сваёй незабыўнай жонкай Надзеяй Арсенцьеўнай, якая пайшла ўжо ў іншы свет. Ён мае трое дзяцей, шасцёра ўнукаў і трое праўнукаў, гэта яго ўцеха і надзея. А калі энергічны пенсіянер пайшоў на заслужаны адпачынак, то яшчэ доўга не мог сядзець без работы. Былі і каровы, і коні, і авечкі, абрабляў да пяці гектараў зямлі. Гэта цяпер ужо засталіся сабачкі ды курачкі.
А яшчэ Васіль Туравец вельмі цікавіцца мінулым сваёй вёскі, ён жывы сведка і стваральнік яе гісторыі, сапраўдны патрыёт. Даведаўшыся, што былыя кіраўнікі працоўных калектываў вырашылі стварыць у раёне сваё добраахвотнае аб’яднанне, ён адным з першых адгукнуўся на гэты покліч і прыняў самы актыўны ўдзел у новай справе.
Вось чаму юбілей такога знакамітага на нашай Жыткаўшчыне чалавека ніяк не мог не адгукнуцца ў душах многіх людзей. Яго наведалі і павіншавалі ад усяго сэрца былыя старшыня і ўпраўляючы справамі Жыткавіцкага райвыканкама Аляксей Сцепаненка і Аляксандр Ахрамовіч, старшыня КСУП “Коленскае” Валянцін Карпаў, яго намеснік па ідэалагічнай рабоце Раіса Петрушкевіч, зямляк і сябра Уладзімір Кісялёў і многія другія. А колькі віншаванняў было па тэлефоне! І пажаданні ў далейшы жыццёвы шлях былі самыя добрыя і светлыя. Яно, зрэшты, і не дзіўна: вялікаму караблю — вялікае плаванне…
Сяргей КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.