Вадохрышча прайшло ў Тураве

Изображение 286Старажытны Тураў – адна з калысак беларускай дзяржаўнасці – стаў у мінулы панядзелак сапраўдным месцам паломніцтва для дзесяткаў і сотняў людзей, якія сышліся і з’ехаліся сюды, каб адзначыць адно з асноўных праваслаўных святаў – Вадохрышча. Як вядома, прысвечана яно біблейскай падзеі, калі Іаан Прадцеча ўчыніў купель Збавіцеля ў водах ракі Іардан. Яшчэ гэты дзень, 19 студзеня, завуць Богаяўленнем: ад таго, што пры хрышчэнні Іісуса Хрыста адбылося паяўленне ўсіх трох Асоб Боства: Айцец голасам з неба сведчыў пра сына і Святы Дух у выглядзе голуба сышоў на Іісуса Хрыста, пацвярджаючы словы Айца.

 

 

 

 

Изображение 307Ва ўсіх храмах з даўніх часоў свята праходзіць вельмі ўрачыста. Людзі спачатку традыцыйна накіроўваюцца да бліжэйшага вадаёма. У гэты дзень абсалютна ўсе вялікія і нават самыя малыя рэкі, азёры і крыніцы завуцца “іарданню”. Гэтая назва сустракаецца і ў беларускіх народных песнях. Яшчэ з раніцы на лёдзе высякаецца палонка ў форме крыжа. Сам працэс вырубкі сімвалізуе своеасаблівае пераадоленне жыццёвых цяжкасцяў: лёд ужо даволі моцны і часам на дапамогу сякерам прыходзяць пілы…
Выцягнуты вялізны ледзяны крыж узнімаюць і ставяць побач з палонкаю. А каб умацаваць яго, то аснову абліваюць вадой і крыж прымярзае. Відовішча атрымоўвалася незвычайна прыгожым.
Даўно не помняць беларусы, нашы землякі-палешукі такога дзіўнага, мяккага, цёплага сёлетняга Вадохрышча, калі дзе-нідзе нават на кустах бэзу набухлі пупышкі. Ніяк не дапасуецца такое надвор’е да сімвалічнага выразу “хрышчэнскія маразы”. Гэта калі халады паказвалі сябе ва ўсёй сваёй сіле. Калі, нібы з дубальтоўкі, стралялі калкі ноччу ў агароджы. А сумёты намятала такія высокія, што пад імі дзеці рабілі сапраўдныя вуліцы казачнага горада. Ды што там! Людзі сталага веку распавядалі малодшым, быццам некалі халады трымаліся такія, што вада, вылітая з вядра, у паветры замярзала і градзінамі падала на зямлю…

Изображение 441Як бы там ні было, а менавіта цёплая пагода стала ў значнай ступені прычынай таго, што на святочную літургію ў кафедральны сабор свяціцеляў Кірылы і Лаўрэнція Тураўскіх сабралася гэтулькі людзей. Хаця разам з гэтым варта адзначыць і тое, што ў апошнія гады вельмі шмат людзей звяртаюцца са сваімі думкамі і пачуццямі да Бога, кожны знаходзіць сваю дарогу да храма. Вось і зараз гэтая святая вера аб’яднала столькі людзей самага рознага ўзросту. На шырокім двары сабора яны ў паўголаса, нібы баючыся адкрыць нейкую таямніцу ў душы, віншавалі адзін другога са святам, а ў самым храме, дзе гарэлі свечкі і ва ўсім адчувалася боская ласка, доўга, аж дзве гадзіны, слухалі царкоўнае песнапенне і думалі аб вечным…

 

 

 

Изображение 382Вось нарэшце служба ў кафедральным саборы свяціцеляў Кірылы і Лаўрэнція Тураўскіх закончылася, і з прыступак новага храма, які велічна цягнецца ўвысь і які відаць з усіх куткоў праваслаўнага Турава, пачаўся хрэсны ход на “іардань”, да рэчкі Струмень, якая лучыць наш старажытны горад з шырокай і вольнаю Прыпяццю. Ударылі званы, іх велічная мелодыя гулка панеслася над Туравам і яго наваколлем. Наперадзе царкоўнага шэсця ішлі святары і мірскія людзі з крыжамі, харугвамі і абразамі. А шырокая, жывая людская плынь выцягнулася звілістаю рэчкаю аж ад сабора да Струмені. Ішлі і старыя, і маладыя, у дружнай калоне відаць былі і дзеткі, што дакрануліся душою і памяццю да веры сваіх продкаў, бацькоў і дзядоў. Гэта, думаецца, будзе ім надоўга…
Хрэсны ход спыніўся на беразе. Зноў у суладным адзінстве зліліся галасы святароў і пеўчых. Епіскап Тураўскі і Мазырскі айцец Леанід адкрыў свята на рацэ Струмень і асвяціў ваду ў мясцовай “іардані”. За парадкам пільна сачылі работнікі міліцыі, на варце здароўя людзей, як заўжды, былі службы МНС і хуткай дапамогі.

Изображение 298А тым часам позіркі ўсіх людзей былі накіраваны на супрацьлеглы бераг рэчкі, дзе ў палатцы МНС рыхтаваліся прыняць купель самыя моцныя і загартаваныя. Каб быць здаровым і шчаслівым у новым годзе, трэба тройчы акунуцца ў ваду і перахрысціцца. А вось і першаадкрывальнік зімовай купелі: да рэчкі спускаецца атлетычнага складу мужчына з крыжыкам на шыі, хрысціцца і няспешна, трымаючыся за поручні, ідзе па драўляных прыступках да вады, тройчы акунаецца, хрысціцца. Следам выстраіліся другія асілкі з ручнікамі цераз плячо. А неўзабаве паяўляюцца і жанчыны. Адна, другая, трэцяя…
Самыя галоўныя традыцыі на Вадохрышча – акунацца ў купель і прыносіць дадому святую ваду. Лічыцца, што хрышчэнская вада валодае лекавымі ўласцівасцямі, вылечвае цялесныя і духоўныя хваробы. Ёю асвячаюць дамы, мажуць раны, даюць піць цяжка хворым. Гэта па-ранейшаму застаецца загадкай, але прынесеная дадому хрышчэнская вада не псуецца, не мае дрэннага паху і можа захоўвацца на працягу года.

Изображение 445Пасля купання да людзей зноў звяртаецца святар Леанід, расказвае пра значнасць гэтага свята, зычыць усім дабра, здароўя, жыць дружна, у ладзе і згодзе. Ён падкрэслівае, што гэтае праваслаўнае свята спакон веку адзначалася ў славян з шырокай, сардэчнай радасцю. Самыя лепшыя пажаданні здароўя і дабрабыту выказала людзям у сваім выступленні і старшыня Жыткавіцкага раённага Савета дэпутатаў Ніна Рамановіч.
Свята Вадохрышча затым сваімі маленькімі чалавечымі ручаінамі расцеклася па Краснай плошчы Турава. На сцэне быў наладжаны святочны канцэрт з удзелам калектываў мастацкай самадзейнасці Жыткавіцкага, Петрыкаўскага, Лельчыцкага і Акцябрскага раёнаў. І першымі ў рэпертуары артыстаў загучалі песні на хрышчэнскую тэматыку. А іх залівістыя мелодыі быццам упляталіся ў казытлівы пах юшкі: сваю рыбную прадукцыю, жывую рыбу жадаючым прапаноўвалі работнікі рыбгасаў “Белае” і “Чырвоная Зорка”. Працавалі гандлёвыя рады РайСТ, была наладжана выстава і продаж карцін, вышыванак, розных вырабаў, сувенірнай і царкоўнай прадукцыі. Запрашала ўсіх выстава-дэгустацыя ААТ “Тураўскі малочны камбінат” і “Тураўшчына”.
— Са святам Вадохрышча! Здароўя і шчасця! – чуваць было на кожным кроку. Увесь дзень Вадохрышча, якім завяршаецца цыкл зімовых студзеньскіх святаў, віравала на плошчы і вуліцах памаладзелага Турава, плаўна перайшоўшы надвячоркам у дамы і кватэры месцічаў.

Изображение 464

Изображение 519

 

Изображение 472

Сяргей КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.