Экзамен на высокае майстэрства

3На мінулым тыдні вынікі работы за 2014 год падвялі працаўнікі КУП “Жыткавіцкі камунальнік”. Кіраўнік калектыва Алег Савосценка адкрыў сход і прадставіў яго ганаровых гасцей: старшыню Жыткавіцкага райвыканкама Аляксандра Мікалуцкага і намесніка старшыні Сяргея Савіча. Слова для справаздачы было дадзена начальніку планава-эканамічнага аддзела прадпрыемства Інэсе Дрынеўскай.

КУП “Жыткавіцкі камунальнік”, як адзначыла Інэса Барысаўна, на сёння ўяўляе сабой буйнейшае прадпрыемства, якое абслугоўвае ў нашым раёне каля 20 тысяч жыхароў. Са сваімі складанымі задачамі стараецца кругласутачна спраўляцца калектыў у 630 чалавек. Тут эксплуатуецца 30 кацельняў, 28 артэзіянскіх свідравін, 5 станцый абезжалезвання. Адзін з галоўных накірункаў дзейнасці – зніжэнне спажывання паліўна-энергетычных рэсурсаў. У выніку праведзеных мерапрыемстваў сапраўды спажыванне знізілася на 700 тон умоўнага паліва або на 8,6 працэнта.
У Тураве было ўведзена ў эксплуатацыю 4120 метраў водаправодных сетак, пракладзена 5605 метраў каналізацыйнага калектара, закуплены і ўстаноўлены 4 каналізацыйна-помпавыя станцыі. Уведзена ў эксплуатацыю станцыя абезжалезвання ў Азяранах. У Жыткавічах пракладзена 238 метраў каналізацыйнага калектара, выкананы работы па водазабеспячэнні, зманціраваны калектар для адводу грунтовых вод, узноўлены аўтапрыпынак, устаноўлена каналізацыйна-помпавая станцыя.
Прадпрыемства абслугоўвае 237 жылых дамоў у Жыткавічах, Тураве, Чырвоным, Сяменчы, Кольна, Юркевічах, Хваенску. На працягу года вяліся работы па рамонту дахаў, пад’ездаў, стыкаў сценавых панелей і г.д. Гэта дазволіла зняць вастрыню многіх праблем, адчувальна дапамагчы людзям пасля іх зваротаў у камунальнае прадпрыемства. Работы вяліся гаспадарчым спосабам. Выдзеленыя бюджэтныя сродкі на цякучы рамонт жылфонду былі асвоены ў поўным аб’ёме. Пасля капрамонту і цеплавой мадэрнізацыі было ўведзена ў эксплуатацыю 1400 квадратных метраў жылля. Заменены ліфт. З усіх крыніц фінансавання на будаўніцтва, рэканструкцыю, мадэрнізацыю і капітальны рамонт аб’ектаў было асвоена 28 мільярдаў 192 мільёны рублёў.
У асенне-веснавы перыяд работнікамі камунальнага прадпрыемства было высаджана 200 дрэўцаў, 50 кустовых раслін, абуладкавана 60 кветнікаў, на якіх было пасаджана 34 тысячы штук кветак. Выручае свая цяпліца, у якой вырошчваюць кветкавую расаду для ўпрыгожвання вуліц, паркаў, плошчаў. У мікрараёнах у мінулым годзе было добраўпарадкавана шмат дзіцячых пляцовак, лавачак для адпачынку. У многіх кутках райцэнтра вока лашчаць малыя архітэктурныя формы. Устаноўлена 206 энергазберагальных свяцільнікаў у жылфондзе і вулічным асвятленні.
У мінулым годзе ў сувязі з рэалізацыяй дзяржаўных, абласных і раённых праграм было запланавана будаўніцтва 34 аб’ектаў. Сюды ўваходзілі такія работы як капітальны рамонт жылога фонду, водазабеспячэнне, санітарная ачыстка, добраўпарадкаванне і г.д. Будаўніча-мантажныя работы вяліся на 22 аб’ектах, 17 было ўведзена ў эксплуатацыю. Атрыманы экспертныя заключэнні па 4 аб’ектах, працягваецца праектаванне па 9, будаўніцтва працягваецца на 5 аб’ектах.
Найбольш красамоўны індыкатар работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі – колькасць зваротаў грамадзян. У 2014 годзе паступіла 66 пісьмовых зваротаў, што на 1,5 працэнта ніжэй папярэдняга года.
Службай аховы працы было праведзена 89 праверак. У час праверкі структурных падраздзяленняў прадпрыемства было вынесена 15 прадпісанняў, праведзена атэстацыя па ўмовах працы на 10 рабочых месцах. Навучанне і праверку ведаў па пытаннях аховы працы прайшлі 460 працуючых, у тым ліку 47 кіраўнікоў і спецыялістаў. Для павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі ў вучэбныя цэнтры вобласці і рэспублікі за справаздачны перыяд было накіравана 105 работнікаў, у тым ліку 12 спецыялістаў і 93 рабочых.
Выручка на аднаго работніка склала 159,1 мільёна рублёў, тэмп росту да папярэдняга года – 118 працэнтаў. Распрацаваныя мерапрыемствы дазволілі забяспечыць зніжэнне затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслуг для насельніцтва да ўзроўню папярэдняга года на 10 працэнтаў.
Як было адзначана ў дакладзе, не садзейнічае стабілізацыі фінансавага становішча прадпрыемства значны памер дэбіторскай запазычанасці. На пачатак новага года яна склала 8 мільярдаў 155 мільёнаў рублёў, тэмп росту да 2013 года – 165 працэнтаў. Асноўнымі дэбіторамі за аказаныя ім камунальныя паслугі застаюцца аддзел адукацыі, спорта і турызма, цэнтральная раённая бальніца, адкрытыя акцыянерныя таварыствы “Тураўшчына”, “Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод” і інш.
Заданне па збору другасных матэрыяльных рэсурсаў на 2014 год у параўнанні з 2013-м было павялічана на 313 тон. На 100 працэнтаў яно было выканана па збору палімераў і тэкстылю, на 100,4 – па чорных металах, на 102 – па каляровых металах, на 146,3 – па шклу, на 56,7 – па шынах і на 30,7 працэнта па макулатуры.
У спрэчках па дакладу выступілі, назвалі праблемы і магчымыя шляхі іх вырашэння намеснік дырэктара КУП “Жыткавіцкі камунальнік” Васіль Грамовіч, начальнік аддзела юрыдычна-кадравай работы Сяргей Мароз, галоўны інжынер Сяргей Бараноўскі і другія работнікі прадпрыемства.
У сваім выступленні перад прысутнымі на сходзе старшыня райвыканкама Аляксандр Мікалуцкі падкрэсліў адметнасць і значнасць года, які наступіў. Справа ў тым, што сёлета на добраўпарадкаванне нашага райцэнтра плануецца выдаткаваць з абласнога бюджэта грашовыя сродкі, якімі трэба будзе распарадзіцца ашчадна, па-гаспадарску і з максімальнай аддачай. Сярод працоўных калектываў не выключэннем будзе ў гэтай справе і КУП “Жыткавіцкі камунальнік”, калектыву якога давядзецца з годнасцю вытрымаць чарговы экзамен на высокі прафесіяналізм і майстэрства. Трэба будзе выйсці з-пад крытыкі і спрацаваць без страт. І ўсе магчымасці і рэзервы, увесь патэнцыял для гэтага ў жыткавіцкіх камунальнікаў ёсць.
Вынікі сходу падвёў дырэктар Алег Савосценка, які і акрэсліў прыярытэтныя задачы калектыва на 2015 год. Сярод іх – далейшае зніжэнне затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслуг, паляпшэнне іх якасці, змяншэнне пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці, выхад на прыбытковую работу ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг.
Сяргей КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.