Паштовыя перспектывы для вёскі

Изображение 055Крыху больш як паўгода ў вёсцы Пухавічы закрылася стацыянарнае аддзяленне паштовай сувязі. Але мясцовыя жыхары без паслуг такой неабходнай у населеным пункце ўстановы не засталіся. Абавязкі па абслугоўванню насельніцтва ўзяло на сябе спецыяльна створанае мабільнае паштовае аддзяленне, якім кіруе Ніна Лузай.

На непапулярнае рашэнне аб закрыцці пошты ў іх вёсцы пухаўцы трымаюць крыўду і дагэтуль. Жыве яна незагойнай ранай у мясцовай грамадскасці. Пра яе ўспамінаюць пры любым зручным выпадку. Таму, як толькі з’явіліся супрацоўнікі раёнкі ў гэтым населеным пункце, жыхары адразу пачалі выказваць свае нараканні на работу паштовага аддзялення на колах.
— Вельмі часта прыязджае са спазненнем, — сказала выйшаўшая з дома культуры жанчына. — Бывае, пакуль дачакаешся, гадзіны тры часу марна патраціш. Вось і зараз, калі будзе гэтая пошта, не ведаем, таму грэемся ў клубе. А калі моцныя маразы пачнуцца, як быць нам?..
— За тую гадзіну, што ў нас знаходзіцца паштовая машына, у некаторыя дні работнік усім кліентам аказаць патрэбныя паслугі не паспявае, — падключылася да размовы другая жанчына. — Асабіста сама ў такой сітуацыі аказалася: з работы адпрасілася, каб аплаціць за свет, але чарга такая была, што не ўправілася.
А палове дванаццатай гадзіны, а менавіта ў такі час пачынае ў Пухавічах сваю працу мабільная пошта, людзей яшчэ пабольшала. І калі машына спынілася ў цэнтры, жыхары хутка выстраіліся ля акенца аўтамабіля. Вадзіцель Сяргей Пракаповіч у лічаныя хвіліны завёў генератарную ўстаноўку, каб падаць у фургон, дзе знаходзілася Ніна Лузай, электрычнасць. Яна патрэбна, каб працавалі плацёжны тэрмінал, ноутбук, ацяпляльны прыбор. Усё гэта спецыялісту неабходна для работы, бо па колькасці аказваемых паслуг мабільнае паштовае аддзяленне не саступае стацыянарным. Тут і плацяжы розныя аплаціць можна, і грошы зняць, і ліст ці паштоўку, ці грашовы перавод адправіць, і тавары паўсядзённага попыту набыць, і латарэю праверыць, і газету ці часопіс, экспрэс-карту для аплаты мабільнай сувязі купіць, і многія іншыя аперацыі правесці. Прычым, не толькі за наяўны разлік, але і па банкаўскай картачцы.
Дзякуючы прафесіяналізму Ніны Іванаўны, людзі ў чарзе доўга не затрымліваліся. Але пад манатонны гук рухавіка генератарнай устаноўкі не спыняліся дыскусіі пра новаўвядзенне паштавікоў.
— На якасць аказваемых паслуг мы не наракаем, — гаварыла Ніна Купрацэвіч, якая сама не адзін год адпрацавала паштальёнам. — Ды і Ніна Лузай — спецыяліст вельмі добры, ветлівы. Праблема ў тым, што цяпер, каб трапіць на пошту, неабходна пад графік яе работы падстройвацца, яшчэ і ў чарзе пастаяць даводзіцца. Раней такога не было.
— Чаго ўжо сатрасаць паветра, — імкнулася супакойваць аднавяскоўку іншая. — Так, зачынілі, але ж без паслуг не засталіся. Ды і паштальёны ў вёсцы працуюць. Да іх у любы час можна звярнуцца. Паштавікам жа таксама патрэбна жыць, мацаваць сваю эканоміку, таму і скарачаюць нерэнтабельныя аддзяленні.
За гаворкай і чарга прасоўвалася вельмі хутка. Было відаць, што сапраўды працуе выдатны прафесіянал. Ніна Іванаўна хутка абслугоўвала вяскоўцаў: брала аплату за электраэнергію, папаўняла рахункі мабільных тэлефонаў, прадавала газеты і часопісы, іншыя тавары паўсядзённага попыту. Адным словам, справа ў яе спорылася. І пакуль начальнік мабільнага аддзялення выконвала свае прамыя абавязкі, удалося парай слоў перакінуцца з яго вадзіцелем.
— Незадаволены людзі: прыязджаеце позна, стаіце мала? — звяртаюся з правакацыйным пытаннем да Сяргея.
— Не наша ў тым віна, — парыруе “ўдар” Пракаповіч. — Мы ж залежым ад таго, як прыязджаюць машыны з Гомеля. Яны спазняюцца — мы таксама. Не паедзеш жа па маршруту, не забраўшы з сабой свежую карэспандэнцыю. А маршрут у нас немаленькі: з Жыткавіч да Дзякавіч праз усе населеныя пункты, якія размяшчаюцца на гэтым шляху. Акрамя дарогі яшчэ і два гадзінных прыпынкі ў Пухавічах і Вятчыне. Ды і назад паспець патрэбна своечасова, каб да адпраўлення паштовай машыны ў Гомель аддаць усю карэспандэнцыю. Таму і стараемся з графіка не выбівацца, лічы, кожная хвіліна на ўліку.
Пакуль размаўлялі з вадзіцелем, чарга ля мабільнай пошты значна парадзела. Крыху вальней стала пачуваць сябе і начальнік аддзялення. Калі ж плынь людзей зусім перапынілася, а Сяргей пачаў складваць абсталяванне, папрасіў Ніну Іванаўну расказаць пра работу пошты на колах.
— Работы шмат. Раніцай загружаем тавары, карэспандэнцыю — і ў дарогу, — расказвае жанчына. — Людзі да нас пачалі ўжо прывыкаць. Няма такой злосці, як было раней. І мы стараемся, каб задаволіць усе іх запыты. Актыўна падключаю сваіх паштальёнаў, якія прадаюць тавары паўсядзённага попыту. За месяц наша аддзяленне рэалізуе іх на пятнаццаць мільёнаў рублёў. Таму што ўмовы для работы створаны вельмі добрыя.
Изображение 054Да таго, як узначаліць перасоўнае аддзяленне паштовай сувязі, Ніна Лузай працавала не адзін год у трэцім гарадскім аддзяленні. Таму добра ведае даручаную ёй справу. Цяпер вяскоўцы лічаць яе сваім чалавекам. Гэта адчувалася падчас узаемаадносін паштальёна з людзьмі. Напрыклад, мабільная пошта ўжо закончыла сваю работу, але Ніна Іванаўна не адмовіла мужчыну, які хацеў аплаціць паслугі за электраэнергію, але запазніўся. Паштальён запісала неабходныя дадзеныя для правядзення плацёжнай аперацыі, узяла грошы і запэўніла, што усё зробіць падчас другога прыпынку.
Канечне, пакуль у рабоце мабільнага аддзялення надараюцца пэўныя шурпатасці. Але гэта варта спісаць толькі на непрацяглы час яго работы. Тым больш што кіраўніцтва раённага вузла паштовай сувязі сур’ёзна нацэлена паляпшаць работу сваёй перасоўнай установы. Па яго меркаванні справа абавязкова павінна ў вёсках прыжыцца.
Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.